§ 23. Адукацыя

Паняцце адукацыі. Права на адукацыю лічыцца найважнейшым правам чалавека: яно было абвешчана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (1948 г.), у Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (1966 г.), Канвенцыі аб правах дзіцяці (1989 г.) і забяспечваецца нацыянальнымі прававымі актамі.

Што ж такое адукацыя? Адукацыя — гэта мэтанакіраваны працэс навучання і выхавання, які ажыццяўляецца на прафесійнай аснове спецыяльна падрыхтаванымі людзьмі. Пад навучаннем разумеюць арганізацыю дзейнасці навучэнцаў, у ходзе якой яны засвойваюць веды, уменні і навыкі. Выхаванне прадугледжвае арганізацыю дзейнасці вучняў, у ходзе якой фарміруюцца каштоўнасці, светапогляд, асабістыя якасці. Кожная гістарычная эпоха выбудоўвала такую сістэму адукацыі, якая не толькі абапіралася на дасягнуты да гэтага часу ўзровень ведаў, але і адпавядала мэтам развіцця грамадства. У развітых сістэмах адукацыі навучанне і выхаванне з’яўляюцца непарыўнымі кампанентамі адзінага цэлага.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 49. Кожны мае права на адукацыю.

Гарантуюцца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах.

icon-task
Вызначце спецыфіку гарантый дзяржавы ў адносінах да розных відаў адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
img

У 2015 г. дзяржавы — члены Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прынялі дакумент «Пераўтварэнне нашага свету: Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года», які ўтрымлівае 17 глабальных мэт развіцця чалавецтва на бліжэйшыя гады. Чацвёртая мэта мае на ўвазе «забеспячэнне ўсёахопнай і справядлівай якаснай адукацыі і садзейнічанне магчымасці навучання на працягу ўсяго жыцця для ўсіх».

icon-search
Дасягненне якога ўзроўню адукацыі з’яўляецца актуальнай задачай у сусветным маштабе? Якая адукацыя з’яўляецца ў нашай краіне абавязковай?
icon-task
Растлумачце, у чым заключаецца кожная з мэт устойлівага развіцця, і суаднясіце іх з асноўнымі сферамі грамадскага жыцця.