§ 22. Навука

Навука як сацыяльны інстытут. Функцыянаванне сучаснай навукі — гэта складаны працэс, які мае на ўвазе яе прадуманую арганізацыю, планаванне навуковых даследаванняў і ўкараненне іх вынікаў, кіраванне навуковым працэсам і яго фінансаванне. Навука як сацыяльны інстытут — гэта разгалінаваная сістэма арганізацый, якія займаюцца навуковай дзейнасцю. Пры такім падыходзе ў навуцы вылучаюць два кампаненты: акадэмічную навуку і навуку ўніверсітэцкую.

Акадэмічная навука прадстаўлена навукова-даследчымі інстытутамі (НДІ) і, як правіла, кіруецца Акадэміяй навук, прычым кожны НДІ мае сваю спецыялізацыю. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі была адкрыта ў 1929 г. і з’яўляецца вядучай навуковай арганізацыяй нашай краіны. Менавіта яна ажыццяўляе арганізацыю і каардынацыю навуковых даследаванняў у Рэспубліцы Беларусь.

Універсітэцкая навука развіваецца ў вышэйшых навучальных установах (ВНУ). Яна мае сваёй мэтай падрыхтоўку навуковых кадраў, якія будуць валодаць неабходнымі ведамі, кампетэнцыямі і навыкамі, каб працягнуць навуковы пошук.

У сучасных умовах гэты падзел з’яўляецца даволі ўмоўным, паколькі, з аднаго боку, кафедры і лабараторыі ўніверсітэтаў вядуць вялікую навукова-даследчую работу, з другога — пры Акадэміях навук нярэдка маюцца аспірантура і дактарантура, дзе рыхтуюцца навуковыя кадры вышэйшай кваліфікацыі — кандыдаты і дактары навук. Напрыклад, пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі функцыянуе спецыяльны Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі.

icon-search
Каля ўвахода ў будынак Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі ўсталяваны незвычайны памятны знак — «Стужка Мёбіуса». Даведайцеся, у чым заключаецца ідэя гэтай мемарыялізацыі. Выкарыстайце памятку для працы з фота мемарыяла, помніка.

Паспяховае правядзенне навуковых даследаванняў і эфектыўнае ўкараненне ў жыццё атрыманых вынікаў надзвычай важныя для кожнай краіны, бо забяспечваюць прагрэс ва ўсіх галінах жыцця грамадства. Разам з тым развіццё навукі мае і агульначалавечую размернасць, паколькі навуковыя веды, якія дазваляюць спасцігнуць законы навакольнага свету — як прыроднага, так і сацыяльнага, з’яўляюцца набыткам усяго чалавецтва.

Вельмі важна, каб дасягненні навукі і тэхнікі не паварочваліся супраць самога чалавека. Пошук ісціны не можа ажыццяўляцца па-за сувяззю з маральнымі прынцыпамі і нормамі.

icon-persona

Альфрэд Нобель быў хімік, інжынер і вынаходнік. За сваё жыццё ён назапасіў значнае багацце, большая частка якога з’яўлялася даходам ад яго 355 вынаходстваў, сярод якіх самае вядомае — дынаміт.

У 1888 г., калі памёр брат Альфрэда Людвіг Нобель, у газетах памылкова з’явіўся некралог на смерць самога вынаходніка. Прачытаўшы яго назву — «Гандляр смерцю мёртвы», Альфрэд Нобель задумаўся над тым, якім яго будзе памятаць чалавецтва.

icon-search
Якім чынам Альфрэд Нобель змяніў сваё завяшчанне? Як гэта адбілася на развіцці сусветнай навукі?

Амерыканскім сацыёлагам ХХ ст. Робертам Мертанам былі сфармуляваны чатыры базавыя прынцыпы, якімі павінны кіравацца вучоныя ў сваёй даследчай дзейнасці. Па-першае, ацэнка любой навуковай ідэі павінна вынікаць толькі з яе зместу, незалежна ад навуковага аўтарытэту і сацыяльнага статусу яе аўтара (прынцып універсалізму). Па-другое, вынікі навуковых даследаванняў павінны рабіцца агульным набыткам, без манапольнага валодання імі (прынцып агульнасці). Па-трэцяе, вучоны ў першую чаргу павінен імкнуцца да пошуку ісціны, вырашэння навуковай праблемы, а не атрымання асабістай карысці (прынцып бескарыслівасці). Па-чацвёртае, вучоныя павінны крытычна ставіцца да выказаных ідэй, у тым ліку і сваіх уласных, і падвяргаць іх крытычнаму абмеркаванню (прынцып арганізаванага скептыцызму).

З праблемай маральных асноў навукі шчыльна звязана праблема адказнасці вучонага перад грамадствам. Як паказаў досвед ХХ ст., развіццё новых тэхналогій у разнастайных галінах у шэрагу выпадкаў можа быць непрадказальнае. Сёння грамадства прыйшло да ўсведамлення таго, што тэхнічны прагрэс без гуманітарных каштоўнасцей можа прывесці да гібелі чалавецтва (напрыклад, выкарыстанне ядзернай энергіі з ваеннай мэтай павінна блакіравацца маральнымі і юрыдычнымі абмежаваннямі).

icon-search

Абодва прадстаўленыя аб’екты з’явіліся ў 1958 г. Збудаванне Атаміум (якое адлюстроўвае фрагмент крышталічнай рашоткі жалеза) было ўзведзена ў г. Бруселі як сімвал атамнага веку і мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Дзіцячы помнік міру быў адкрыты ў г. Хірасіме. У яго верхняй частцы ўвекавечана дзяўчынка Садака Сасакі з жураўлікам-арыгамі ў руках.

З якімі гістарычнымі падзеямі звязана з’яўленне дадзеных аб’ектаў? Які сімвалічны сэнс мае выява жураўліка? Якім чынам дадзеныя аб’екты звязаны з праблемай адказнасці вучоных за свае даследаванні?