§ 22. Навука

Навуковае пазнанне, мэты і каштоўнасці навукі. Пад навукай разумеюць дзейнасць па выпрацоўцы і сістэматызацыі аб’ектыўных ведаў пра свет, а таксама сацыяльны інстытут, мэтай якога з’яўляецца такая дзейнасць. У адпаведнасці з гэтым разглядаць навуку магчыма з двух пунктаў погляду.

Навука як адмысловая пазнавальная дзейнасць адрозніваецца ад звычнага, паўсядзённага пазнання тым, што вывучае з’явы, якія яшчэ толькі ўваходзяць у сферу чалавечага разгляду. Звычнае ж пазнанне мае справу з прадметамі, што выступаюць новымі толькі для таго ці іншага чалавека, а для чалавецтва ў цэлым ужо даўно з’яўляюцца вывучанымі. Так, дзіця, што адкрывае для сябе свет і ўпершыню бачыць матылька, успрымае яго як нешта новае, аднак яго пазнанне ў дадзеным выпадку нічога новага да біялогіі як навукі не дадае.

Навуковае пазнанне адрозніваецца ад звычнага тым, што патрабуе наяўнасці адмысловых інструментаў. Гэтыя інструменты бываюць двух відаў.

Пад інструментамі перш за ўсё разумеюць прыборы, з дапамогай якіх ажыццяўляецца вывучэнне тых або іншых з’яў і вымярэнне тых або іншых велічынь. У гісторыі навукі назіраецца тэндэнцыя пераходу навуковых прыбораў у штодзённы ўжытак чалавека: так, першыя халадзільнік, радыёпрыёмнік і г. д. былі сканструяваны менавіта як прыборы для навуковых даследаванняў, а ўжо потым сталі выкарыстоўвацца як бытавыя прылады.

Пад навуковым інструментарыем разумеюць таксама спецыяльныя тэрміны — маўленчыя сродкі, што выкарыстоўваюцца ў навуковай мове (пры зносінах вучоных у час абмеркавання навуковых праблем, пры публікацыі вынікаў даследаванняў і да т. п.). Паняцці, якія выражаюцца гэтымі тэрмінамі, вылучаюцца асаблівай дакладнасцю значэння, не дапускаючы шматзначнасці. Гэта трэба для таго, каб вучоныя цалкам разумелі адзін аднаго, а вынікі даследаванняў маглі быць апісаны без розначытанняў.

icon-persona
У 1543 г. была апублікавана праца Мікалая Каперніка «Аб вярчэнні нябесных сфер» — адна з прац, якая здзейсніла сур’ёзны пераварот у поглядах людзей. У гэтай кнізе была прапанавана новая мадэль сусвету, згодна з якой Сонца з’яўляецца цэнтрам Сусвету, а планеты рухаюцца вакол яго. Сістэма сусвету Каперніка прапаноўвалася замест агульнапрызнанай на той момант мадэлі Пталемея, дзе цэнтрам лічылася нерухомая Зямля.
icon-task

Назавіце кожную з апісаных мадэляў сусвету, выкарыстоўваючы навуковыя тэрміны, якія абазначаюць:

● мадэль сусвету, у цэнтры якой знаходзіцца Зямля;

● мадэль сусвету, у цэнтры якой знаходзіцца Сонца.

Прывядзіце прыклады навуковых тэрмінаў з сацыялогіі, паліталогіі, эканомікі, што былі ўведзены ў папярэдніх параграфах.

Навуковае пазнанне патрабуе для свайго ажыццяўлення адмысловай падрыхтоўкі, у той час як звычнае пазнанне ажыццяўляецца ўсімі без выключэння (напрыклад, дзіця з першых дзён жыцця спасцігае знешні свет, вучыцца ўзаемадзейнічаць з навакольнымі прадметамі і г. д.). Адмысловая падрыхтоўка мае на ўвазе засваенне ўжо назапашаных у пэўнай галіне навукі ведаў, авалоданне прыёмамі і метадамі навуковага даследавання, мовай навукі.

Канчатковай мэтай навуковага пазнання з’яўляецца паляпшэнне жыцця чалавека на аснове ўкаранення ў практыку атрыманых навуковых ведаў, але веды пра свет каштоўныя і самі па сабе. Гэта каштоўнасць выражаецца ў пазнанні ісціны, пад якой разумеюць адпаведнасць ведаў пра свет самому свету. Паняцце ісціны адрозніваецца ад паняцця праўды, паколькі ісціна аб’ектыўная, а значыць, незалежная ад чалавека, у той час як праўда суб’ектыўная і залежыць ад таго, хто пра яе гаворыць, з-за чаго ў розных людзей можа быць свая праўда (сваё ўяўленне пра мастацкія вартасці таго ці іншага твора, свая ацэнка таго ці іншага чалавека і да т. п.).