*§ 21-1. Філасофія
Экзістэнцыялізм. Адной са значных філасофскіх плыняў ХХ ст. з’яўляецца экзістэнцыялізм (фр. existentialisme ад лац. existentia — існаванне), або філасофія існавання. Ён акцэнтуе ўвагу на ўнікальнасці быцця чалавека. Згодна з філасофіяй экзістэнцыялізму, каб асэнсаваць сваё існаванне, чалавек павінен аказацца ў «памежнай сітуацыі». Значнае месца ў філасофіі экзістэнцыялізму займае праблема свабоды, якая вызначаецца як выбар асобы адной са шматлікіх магчымасцей. Чалавек спасцігае сваю сутнасць на працягу ўсяго жыцця і нясе адказнасць за кожнае здзейсненае ім дзеянне, ён не можа растлумачыць свае памылкі «абставінамі».
Экзістэнцыялісты лічаць, што існаванне чалавека папярэднічае яго сутнасці. Сваю сутнасць ён набывае ў ходзе існавання, прычым стварае сябе сам. Існаванне чалавека — гэта свабоднае існаванне. Ніхто не можа адабраць у чалавека свабоду выбару, хаця, як правіла, людзі пазбягаюць усведамляць, што яны свабодныя, аддаючы перавагу жыццю «як прынята». Таксама існаванне чалавека ўключае адказнасць: не толькі за сябе, але і за навакольных.
«…Чалавек таму не паддаецца вызначэнню, што першапачаткова нічога з сябе не ўяўляе. Чалавекам ён становіцца толькі пазней, прычым такім чалавекам, якім ён зробіць сябе сам. Такім чынам, няма ніякай прыроды чалавека, як няма і бога, які яе задумаў бы. Чалавек проста існуе. І ён не толькі такі, якім сябе ўяўляе, але такі, якім ён хоча стаць. І паколькі ён уяўляе сябе ўжо пасля таго, як пачынае існаваць, і праяўляе волю пасля таго, як пачынае існаваць… калі існаванне сапраўды папярэднічае сутнасці, то чалавек адказны за тое, што ён ёсць» (Жан-Поль Сартр).
Прадстаўнікамі экзістэнцыялізму з’яўляюцца нямецкія філосафы ХХ ст. Карл Ясперс, Марцін Хайдэгер, французскія філосафы і пісьменнікі Жан-Поль Сартр, Альбер Камю.