*§ 21-1. Філасофія

Эмпірызм і рацыяналізм. Адным з галоўных пытанняў філасофіі з’яўляецца пытанне пра тое, ці здольнае мысленне чалавека спазнаваць рэчаісны свет, ці можа ён у сваіх уяўленнях і паняццях пра рэчаісны свет складаць дакладныя адносіны рэчаіснасці.

Эмпірызм Рацыяналізм

Эмпірызм (ад ст.-грэч. ἐμπειρία — вопыт, веды (набытыя праз вопыт)) — напрамак у тэорыі пазнання, які прызнае пачуццёвыя адчуванні крыніцай ведаў.

Для эмпірызму характэрна абсалютызацыя вопыту, пачуццёвага пазнання. Як цэласная гнасеалагічная канцэпцыя сфарміраваўся ў XVII–XVIII стст. Прадстаўнікі: Фрэнсіс Бэкан, Томас Гобс, Джон Лок, Джордж Берклі, Дэвід Юм

Рацыяналізм (ад лац. ratio — розум) — метад, згодна з якім асновай пазнання і дзеяння людзей з’яўляецца розум.

Асноўнымі прадстаўнікамі філасофскага рацыяналізму з’яўляліся Бенедзікт Спіноза, Готфрыд Лейбніц, Рэне Дэкарт, Георг Гегель. Пачынаючы з XVII–XVIII стст. рацыяналізм звязаны з увядзеннем у філасофію матэматычных метадаў (Дэкарт, Лейбніц, Спіноза)

У шырокім сэнсе рацыяналізм і эмпірызм проціпастаўляць нельга, паколькі кожны мысліцель можа быць адначасова рацыяналістам і эмпірыкам
img

Заснавальнікам эмпірызму ў Новы час з’яўляўся англійскі філосаф Фрэнсіс Бэкан (1561–1626). У працы «Новы арганон» ён абгрунтаваў пераход ад традыцыйнага дэдуктыўнага падыходу (ад агульнага — абстрактнай гіпотэзы ці аўтарытэтнага меркавання — да прыватнага, інакш кажучы, да факта) да падыходу індуктыўнага (ад прыватнага — эмпірычнага факта — да агульнага, інакш кажучы, да заканамернасці), заснаванага на аналізе доследных даных.

img

Рэне Дэкарт (1596–1650) у 1637 г. апублікаваў галоўную філасофска-матэматычную працу «Разважанне пра метад», у дадатках да якой выкладаліся аналітычная геаметрыя, шматлікія вынікі ў алгебры і геаметрыі, адкрыцці ў оптыцы (у тым ліку правільная фармулёўка закона праламлення святла) і многае іншае. Галоўным укладам Дэкарта ў філасофію стала класічная пабудова філасофіі рацыяналізму як універсальнага метаду пазнання.

icon-task
Прааналізуйце прадстаўленыя карыкатуры. Якімі сродкамі адлюстраваны погляды Фрэнсіса Бэкана і Рэне Дэкарта?