*§ 21-1. Філасофія
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | *§ 21-1. Філасофія |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 07:04 |
Асноўныя філасофскія катэгорыі. Катэгорыя (ад ст.-грэч. κατηγορία — выказванне, абвінавачванне, прымета) — гранічна агульнае паняцце, якое выражае найбольш істотныя адносіны рэчаіснасці. Паняцце катэгорыі было ўведзена старажытнагрэчаскім філосафам Арыстоцелем. Асноўнымі філасофскімі катэгорыямі з’яўляюцца: быццё, рух, матэрыя, прастора, час, якасць, колькасць, форма, змест.
Быццё | У самым шырокім сэнсе ёсць усёахопная рэальнасць. Катэгорыя быцця з’яўляецца адной з самых старажытных філасофскіх катэгорый, усе вучэнні Антычнасці ўтрымлівалі яе ў якасці цэнтральнай. Антытэзай быцця з’яўляецца нішто |
Рух | Філасофская катэгорыя, якая ахоплівае ў самым агульным выглядзе ўсялякае змяненне і ператварэнне |
Матэрыя | Фундаментальная зыходная катэгорыя філасофіі, абазначае аб’ектыўную рэальнасць, адзіную субстанцыю з усімі яе ўласцівасцямі, законамі будовы і функцыянавання, руху і развіцця. Матэрыя самадастатковая, і ёй не патрэбна, каб яе абавязкова хто-небудзь асэнсоўваў |
Прастора | Абазначае структуру аб’екта і матэрыі ў цэлым, працягласць, структурнасць, суіснаванне, узаемадзеянне і аб’ёмнасць аб’ектаў. Яна з’яўляецца формай быцця матэрыі. Пры характарыстыцы ўжываюць паняцце бясконцасць. Прастора з’яўляецца шматмернай |
Час | Форма быцця матэрыі, якая характарызуецца такімі ўласцівасцямі змянення і развіцця сістэм, як працягласць у часе, паслядоўнасць змены станаў. Час падзяляюць на тры катэгорыі: мінулае, цяперашняе, будучае. Пры характарыстыцы часу ўжываюць паняцце вечнасць |
Якасць | Тое, што характарызуе прадмет, яго сутнасць, прыналежнасць да пэўнага класа прадметаў |
Колькасць | Катэгорыя, якая выражае знешнія ўзаемаадносіны прадметаў або іх частак, а таксама ўласцівасцей, сувязей: іх велічыню, лік, ступень выяўлення |
Форма | Філасофская катэгорыя, якая ўжываецца для абазначэння спецыфічнай арганізацыі зместу; канкрэтная рэалізацыя сутнасці рэчы. У суадносінах са зместам форма разумеецца як упарадкаванасць зместу — яго ўнутраныя сувязь і парадак |
Змест | Сукупнасць істотных і адметных прымет прадмета, якасці або мноства аднародных прадметаў |
Дыялектыка. Дыялектыкай называецца філасофскае вучэнне аб усеагульнай сувязі і развіцці прыроды, грамадства, мыслення. Ідэі пра развіццё выказвалі ўжо старажытнагрэчаскія філосафы Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур, але вяршыняй вучэння пра дыялектыку сталі законы, сфармуляваныя ў XIX ст. нямецкім філосафам Георгам Вільгельмам Гегелем.
Законы дыялектыкі — гэта законы, якія вызначаюць працэс развіцця?
Да асноўных законаў дыялектыкі належаць:
● закон адзінства і барацьбы супрацьлегласцей;
● закон адмаўлення адмаўлення;
● закон пераходу колькасных змен у якасныя і наадварот.
Гэтыя законы раскрываюць адпаведна крыніцу, механізм і напрамак развіцця.
Згодна з законам адзінства і барацьбы супрацьлегласцей, кожнаму прадмету і з’яве ўласцівы ўнутраныя супрацьлегласці, якія знаходзяцца ў адзінстве і ўзаемадзеянні, барацьбе паміж сабой. Супрацьлегласць — гэта форма, стадыя адрознення, пры якой нейкія ўласцівасці, прыметы, тэндэнцыі, уласцівыя аб’екту як сістэме, узаемна адмаўляюць, выключаюць адна адну. Супярэчнасць — гэта такія адносіны паміж супрацьлеглымі бакамі, пры якіх яны не толькі ўзаемавыключаюць, але і ўзаемаабумоўліваюць адзін аднаго.
Закон адмаўлення адмаўлення характарызуе накіраванасць развіцця. Усялякая сістэма падчас развіцця праходзіць шэраг звязаных паміж сабой этапаў, пры гэтым на вышэйшай ступені развіцця адбываецца вядомае паўтарэнне некаторых рыс, якія характарызуюць пачатковую стадыю. Гэты закон раскрывае механізм пераемнасці. Як узнікае такое двайное адмаўленне? Супярэчнасць, якая рухае наперад развіццё, характарызуецца ў пэўны час панаваннем нейкай адной супрацьлегласці. Пераход да дамінавання ў выніку назапашвання колькасных змен іншага боку супярэчнасці ёсць першае адмаўленне.
Другое адмаўленне — гэта паказчык таго, што настаў такі этап у развіцці прадмета, на якім адбыўся сінтэз таго лепшага, што ёсць у кожнай супрацьлеглай тэндэнцыі, з выгляду ж адбыўся зварот да пачатковай стадыі, дзе абедзве супрацьлегласці прысутнічалі, але ў неразвітым выглядзе. На кожнай стадыі развіцця мы маем справу не з нейкім адным яе бокам, а з усім прадметам як пэўным балансам супрацьлеглых тэндэнцый. На кожнай стадыі баланс гэты розны. На стадыі першага адмаўлення другая супрацьлегласць таксама прысутнічала, але ў прыхаваным выглядзе, на стадыі адмаўлення адмаўлення яна проста выявілася, а не ўзнікла ніадкуль.
Закон пераходу колькасных змен у якасныя мае на ўвазе, што ўсе змены ў свеце адбываюцца не адразу, а шляхам доўгіх колькасных зрухаў, якія назапашваюцца спакваля. Межы існавання кожнага прадмета вызначаюцца колькаснымі параметрамі; суадносіны «якасці» прадмета і яго магчымых колькасных змен, якія не вядуць да перагляду яго «якасці», называюцца «мерай». І наадварот, якаснае змяненне прадмета вызначае і яго новыя колькасныя параметры.
Філасофскія падыходы. Філасофія можа зыходзіць з адзінства сусвету; такая пазіцыя называецца манізмам (ад ст.-грэч. μόνος — адзін, адзіны), паколькі ўся разнастайнасць навакольнага свету зводзіцца да адзінай асновы. Існуюць і такія філасофскія вучэнні, згодна з якімі існуе некалькі асноў быцця, якія не зводзяцца адна да адной, — такая пазіцыя называецца плюралізмам (ад лац. pluralis — множны). Разнавіднасцю плюралізму з’яўляецца дуалізм (ад лац. dualis — дваісты) — вучэнне, якое мае на ўвазе, што існуюць дзве асновы сусвету.
Ідэалізм | Матэрыялізм |
Ідэалізм (фр. idéalisme, праз лац. idealis ад ст.-грэч. ἰδέα — ідэя) — светапогляд, у аснове якога ляжыць сцвярджэнне аб першаснасці ідэі ў дачыненні да матэрыі ў пытанні быцця. Вылучаюцца дзве асноўныя разнавіднасці ідэалізму: аб’ектыўны ідэалізм і суб’ектыўны ідэалізм. У аб’ектыўным ідэалізме ў якасці першаасновы свету звычайна разглядаецца ўсеагульны духоўны пачатак («ідэя», «сусветны розум» і г. д.). Суб’ектыўны ідэалізм адмаўляе існаванне незалежнай ад волі і свядомасці суб’екта рэальнасці. Радыкальнай формай суб’ектыўнага ідэалізму з’яўляецца саліпсізм, у якім рэальным прызнаецца толькі суб’ект успрымання, а ўсё астатняе абвяшчаецца існуючым толькі ў яго свядомасці |
Матэрыялізм (лац. materialis — рэчавы) — светапогляд, у адпаведнасці з якім матэрыя як аб’ектыўная рэальнасць з’яўляецца першасным пачаткам у сферы быцця, а ідэальнае (паняцці, воля, свядомасць) — другасным (вынікам). Матэрыялізм свярджае існаванне адзінай «абсалютнай» субстанцыі быцця — матэрыі; усе сутнасці ўтвораны матэрыяй, а ідэальныя з’явы (у тым ліку свядомасць) з’яўляюцца працэсамі ўзаемадзеяння матэрыяльных сутнасцей. Законы матэрыяльнага свету распаўсюджваюцца на ўвесь свет, у тым ліку на грамадства і чалавека |
Эмпірызм і рацыяналізм. Адным з галоўных пытанняў філасофіі з’яўляецца пытанне пра тое, ці здольнае мысленне чалавека спазнаваць рэчаісны свет, ці можа ён у сваіх уяўленнях і паняццях пра рэчаісны свет складаць дакладныя адносіны рэчаіснасці.
Эмпірызм | Рацыяналізм |
Эмпірызм (ад ст.-грэч. ἐμπειρία — вопыт, веды (набытыя праз вопыт)) — напрамак у тэорыі пазнання, які прызнае пачуццёвыя адчуванні крыніцай ведаў. Для эмпірызму характэрна абсалютызацыя вопыту, пачуццёвага пазнання. Як цэласная гнасеалагічная канцэпцыя сфарміраваўся ў XVII–XVIII стст. Прадстаўнікі: Фрэнсіс Бэкан, Томас Гобс, Джон Лок, Джордж Берклі, Дэвід Юм |
Рацыяналізм (ад лац. ratio — розум) — метад, згодна з якім асновай пазнання і дзеяння людзей з’яўляецца розум. Асноўнымі прадстаўнікамі філасофскага рацыяналізму з’яўляліся Бенедзікт Спіноза, Готфрыд Лейбніц, Рэне Дэкарт, Георг Гегель. Пачынаючы з XVII–XVIII стст. рацыяналізм звязаны з увядзеннем у філасофію матэматычных метадаў (Дэкарт, Лейбніц, Спіноза) |
У шырокім сэнсе рацыяналізм і эмпірызм проціпастаўляць нельга, паколькі кожны мысліцель можа быць адначасова рацыяналістам і эмпірыкам |
Заснавальнікам эмпірызму ў Новы час з’яўляўся англійскі філосаф Фрэнсіс Бэкан (1561–1626). У працы «Новы арганон» ён абгрунтаваў пераход ад традыцыйнага дэдуктыўнага падыходу (ад агульнага — абстрактнай гіпотэзы ці аўтарытэтнага меркавання — да прыватнага, інакш кажучы, да факта) да падыходу індуктыўнага (ад прыватнага — эмпірычнага факта — да агульнага, інакш кажучы, да заканамернасці), заснаванага на аналізе доследных даных.
Рэне Дэкарт (1596–1650) у 1637 г. апублікаваў галоўную філасофска-матэматычную працу «Разважанне пра метад», у дадатках да якой выкладаліся аналітычная геаметрыя, шматлікія вынікі ў алгебры і геаметрыі, адкрыцці ў оптыцы (у тым ліку правільная фармулёўка закона праламлення святла) і многае іншае. Галоўным укладам Дэкарта ў філасофію стала класічная пабудова філасофіі рацыяналізму як універсальнага метаду пазнання.
Экзістэнцыялізм. Адной са значных філасофскіх плыняў ХХ ст. з’яўляецца экзістэнцыялізм (фр. existentialisme ад лац. existentia — існаванне), або філасофія існавання. Ён акцэнтуе ўвагу на ўнікальнасці быцця чалавека. Згодна з філасофіяй экзістэнцыялізму, каб асэнсаваць сваё існаванне, чалавек павінен аказацца ў «памежнай сітуацыі». Значнае месца ў філасофіі экзістэнцыялізму займае праблема свабоды, якая вызначаецца як выбар асобы адной са шматлікіх магчымасцей. Чалавек спасцігае сваю сутнасць на працягу ўсяго жыцця і нясе адказнасць за кожнае здзейсненае ім дзеянне, ён не можа растлумачыць свае памылкі «абставінамі».
Экзістэнцыялісты лічаць, што існаванне чалавека папярэднічае яго сутнасці. Сваю сутнасць ён набывае ў ходзе існавання, прычым стварае сябе сам. Існаванне чалавека — гэта свабоднае існаванне. Ніхто не можа адабраць у чалавека свабоду выбару, хаця, як правіла, людзі пазбягаюць усведамляць, што яны свабодныя, аддаючы перавагу жыццю «як прынята». Таксама існаванне чалавека ўключае адказнасць: не толькі за сябе, але і за навакольных.
«…Чалавек таму не паддаецца вызначэнню, што першапачаткова нічога з сябе не ўяўляе. Чалавекам ён становіцца толькі пазней, прычым такім чалавекам, якім ён зробіць сябе сам. Такім чынам, няма ніякай прыроды чалавека, як няма і бога, які яе задумаў бы. Чалавек проста існуе. І ён не толькі такі, якім сябе ўяўляе, але такі, якім ён хоча стаць. І паколькі ён уяўляе сябе ўжо пасля таго, як пачынае існаваць, і праяўляе волю пасля таго, як пачынае існаваць… калі існаванне сапраўды папярэднічае сутнасці, то чалавек адказны за тое, што ён ёсць» (Жан-Поль Сартр).
Прадстаўнікамі экзістэнцыялізму з’яўляюцца нямецкія філосафы ХХ ст. Карл Ясперс, Марцін Хайдэгер, французскія філосафы і пісьменнікі Жан-Поль Сартр, Альбер Камю.