*§ 21-1. Філасофія

Дыялектыка. Дыялектыкай называецца філасофскае вучэнне аб усеагульнай сувязі і развіцці прыроды, грамадства, мыслення. Ідэі пра развіццё выказвалі ўжо старажытнагрэчаскія філосафы Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур, але вяршыняй вучэння пра дыялектыку сталі законы, сфармуляваныя ў XIX ст. нямецкім філосафам Георгам Вільгельмам Гегелем.

Законы дыялектыкі — гэта законы, якія вызначаюць працэс развіцця?

Да асноўных законаў дыялектыкі належаць:

● закон адзінства і барацьбы супрацьлегласцей;

● закон адмаўлення адмаўлення;

● закон пераходу колькасных змен у якасныя і наадварот.

Гэтыя законы раскрываюць адпаведна крыніцу, механізм і напрамак развіцця.

Згодна з законам адзінства і барацьбы супрацьлегласцей, кожнаму прадмету і з’яве ўласцівы ўнутраныя супрацьлегласці, якія знаходзяцца ў адзінстве і ўзаемадзеянні, барацьбе паміж сабой. Супрацьлегласць — гэта форма, стадыя адрознення, пры якой нейкія ўласцівасці, прыметы, тэндэнцыі, уласцівыя аб’екту як сістэме, узаемна адмаўляюць, выключаюць адна адну. Супярэчнасць — гэта такія адносіны паміж супрацьлеглымі бакамі, пры якіх яны не толькі ўзаемавыключаюць, але і ўзаемаабумоўліваюць адзін аднаго.

Закон адмаўлення адмаўлення характарызуе накіраванасць развіцця. Усялякая сістэма падчас развіцця праходзіць шэраг звязаных паміж сабой этапаў, пры гэтым на вышэйшай ступені развіцця адбываецца вядомае паўтарэнне некаторых рыс, якія характарызуюць пачатковую стадыю. Гэты закон раскрывае механізм пераемнасці. Як узнікае такое двайное адмаўленне? Супярэчнасць, якая рухае наперад развіццё, характарызуецца ў пэўны час панаваннем нейкай адной супрацьлегласці. Пераход да дамінавання ў выніку назапашвання колькасных змен іншага боку супярэчнасці ёсць першае адмаўленне.

Другое адмаўленне — гэта паказчык таго, што настаў такі этап у развіцці прадмета, на якім адбыўся сінтэз таго лепшага, што ёсць у кожнай супрацьлеглай тэндэнцыі, з выгляду ж адбыўся зварот да пачатковай стадыі, дзе абедзве супрацьлегласці прысутнічалі, але ў неразвітым выглядзе. На кожнай стадыі развіцця мы маем справу не з нейкім адным яе бокам, а з усім прадметам як пэўным балансам супрацьлеглых тэндэнцый. На кожнай стадыі баланс гэты розны. На стадыі першага адмаўлення другая супрацьлегласць таксама прысутнічала, але ў прыхаваным выглядзе, на стадыі адмаўлення адмаўлення яна проста выявілася, а не ўзнікла ніадкуль.

Закон пераходу колькасных змен у якасныя мае на ўвазе, што ўсе змены ў свеце адбываюцца не адразу, а шляхам доўгіх колькасных зрухаў, якія назапашваюцца спакваля. Межы існавання кожнага прадмета вызначаюцца колькаснымі параметрамі; суадносіны «якасці» прадмета і яго магчымых колькасных змен, якія не вядуць да перагляду яго «якасці», называюцца «мерай». І наадварот, якаснае змяненне прадмета вызначае і яго новыя колькасныя параметры.

icon-task
Як праяўляецца дадзены закон, калі чалавек пачынае злаваць або калі вада пачынае закіпаць? Прывядзіце прыклады дзеяння гэтага закону ў дачыненні да развіцця дзіцяці як асобы, у зносінах паміж людзьмі, розных навуках, гістарычных падзеях і працэсах.