§ 21. Філасофія
Гістарычная дынаміка філасофіі. Гісторыя філасофіі ўключае ў сябе мноства філасофскіх вучэнняў — самых розных, якія не супадаюць адно з адным ні па сваіх базавых прынцыпах, на якія яны абапіраюцца, ні па каштоўнасцях, на якія арыентуюцца. Гэтыя вучэнні разнастайныя і іншы раз не толькі несумесныя адно з адным, але і супрацьлеглыя па сваім змесце. Аднак у цэлым у гісторыі філасофіі прасочваюцца пэўныя заканамернасці. Па-першае, фарміраванне філасофскіх вучэнняў, школ і напрамкаў у многім залежыць ад агульнага ўзроўню развіцця грамадства, яго культурнай традыцыі; па-другое, філасофскія вучэнні змястоўна ўплываюць адно на адно.
Існуе некалькі інтэрпрэтацый (тлумачэнняў) вядомай карціны XVI ст. «Тры філосафы». Найбольш распаўсюджаным з’яўляецца ўяўленне, што персанажы ўвасабляюць старажытнагрэчаскую філасофію (стары чалавек), арабскую філасофію (дарослы мужчына) і філасофію Адраджэння (юнак). Карціна нібы сімвалізуе перадачу ведаў старажытнагрэчэскай філасофіі праз арабскія пераклады італьянскаму Адраджэнню.
Іншыя інтэрпрэтацыі разглядаюць персанажаў у якасці трох стадый чалавечага жыцця (юнацтва, сталасць, старасць) або трох эпох еўрапейскай цывілізацыі (Антычнасць, Сярэднявечча, Адраджэнне).
Перыядызацыя гісторыі філасофіі можа ажыццяўляцца па розных крытэрыях. Так, пры выкарыстанні гістарычнага крытэрыю кажуць пра філасофію Старажытнага Усходу, філасофію Антычнасці, сярэднявечную філасофію, філасофію Новага часу і Асветніцтва і г. д. — да самай сучаснай філасофіі.
Нярэдка да філасофіі прымяняюць і такія крытэрыі, як рэгіянальны (у гэтым выпадку кажуць, напрыклад, пра заходнееўрапейскую або лацінаамерыканскую філасофію) ці нацыянальны (пры такім падыходзе можна казаць пра беларускую філасофію, італьянскую, рускую, французскую і інш.).