§ 21. Філасофія

Паняцце філасофіі і яе структура. Любая культура заснавана на светапоглядзе — уяўленнях пра свет, чалавека і яго месца ў ім. Людзі, як правіла, не задумваюцца пра паходжанне, сутнасць і межы функцыянавання гэтых уяўленняў. Але калі гэтыя межы даюць сябе адчуць, існуючыя ўяўленні пачынаюць адміраць. У працэсе ўзаемадзеяння культур выяўляецца розніца іх светапоглядных асноў, якія асэнсоўваюцца і пачынаюць усведамляцца. На базе гэтага асэнсавання ўзнікае асаблівы ўзровень развіцця культуры — філасофія.

Філасофія ўзнікае як першая спроба чалавека рацыянальна спазнаць свет і сваё месца ў ім. У VII–VI стст. да н. э. філасофія ўзнікае адначасова ў Старажытным Кітаі, Старажытнай Індыі, Старажытнай Грэцыі.

icon-search

Даведайцеся і назавіце імёны мысліцеляў, філосафаў, якія жылі ў перыяд паміж 800 і 200 гг. да н. э. у Кітаі, Індыі, Грэцыі.

Што вам пра іх вядома? Ці гучаць гэтыя імёны сёння?

icon-discussions
Як вы мяркуеце, чаму перыяд з VIII па II ст. да н. э. філосафы называюць часам духоўнага заснавання чалавецтва?

Філасофія (ст.-грэч. φιλοσοφία — любоў да мудрасці) — гэта форма тэарэтычнага мыслення, якая аперыруе абстрактнымі паняццямі і фарміруе сістэму ведаў пра найбольш агульныя і фундаментальныя характарыстыкі рэальнасці і спосабы яе пазнання чалавекам.

Выключна агульныя, фундаментальныя паняцці філасофіі называюцца катэгорыямі.

icon-task

Паспрабуйце сваімі словамі даць азначэнні паняццям «час», «прастора», «рух», «матэрыя». Параўнайце іх з азначэннямі з філасофскага слоўніка.

Апішыце час па карціне Сальвадора Далі «Пастаянства памяці» і папулярным інтэрнэт-меме пра час.

У структуру філасофіі ўваходзяць такія раздзелы (філасофскія дысцыпліны), як анталогія (вучэнне пра быццё), гнасеалогія (вучэнне пра свядомасць), антрапалогія (вучэнне пра чалавека), сацыяльная філасофія, філасофія культуры, а таксама этыка (вучэнне пра мараль), эстэтыка (філасофія мастацтва, або вучэнне аб прыгожым), рэлігіязнаўства і інш.

Іншы раз у паўсядзённым ужытку, калі хочуць абазначыць выключна абагульненыя веды пра які-небудзь прадмет, кажуць пра філасофію мовы, філасофію кахання, філасофію музыкі і да т. п. Аднак у дакладным сэнсе гэтага слова філасофія мае на ўвазе форму пазнання свету ў выключна шырокім маштабе.