§ 16. Канкурэнцыя і яе роля ў эканоміцы

Маркетынг. Кіраўніцкая дзейнасць на прадпрыемстве мае на ўвазе ў тым ліку і эфектыўную арганізацыю прасоўвання яго прадукцыі. Гэта асабліва важна, калі прадпрыемства існуе на рынку манапалістычнай канкурэнцыі або алігаполіі, дзе значная роля няцэнавай канкурэнцыі і, як вынік, выбранай маркетынгавай стратэгіі.

Маркетынг (англ. marketing — рыначная дзейнасць) — гэта сукупнасць працэсаў стварэння, прасоўвання і прадастаўлення прадукту ці паслугі пакупнікам. Маркетынг мае на мэце выяўленне, прагназаванне і задавальненне патрэб пакупніка, а таксама мэтанакіраванае фарміраванне ў пакупнікоў новых патрэб.

img

Аснову маркетынгу складае marketing mix, што ўключае 4P: прадукт, прасоўванне, прадажная цана, пазіцыя (месца).

icon-search
Знайдзіце дадатковую інфармацыю і ахарактарызуйце кожны з чатырох асноўных кампанентаў маркетынгу. Якія яшчэ P прапануюць сучасныя маркетолагі ў дадатак да традыцыйных?

Асноўнымі задачамі маркетынгу з’яўляюцца: комплекснае даследаванне рынкаў збыту (дзейнасць канкурэнтаў, патрэбы спажыўцоў і г. д.), арганізацыя матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння прадпрыемства, фарміраванне яго асартыментнай і цэнавай палітыкі, транспарціроўка, збыт прадукцыі і яе пасляпродажнае сэрвіснае абслугоўванне, узаемадзеянне са спажыўцамі і іх заахвочванне. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае рэклама, якая ўяўляе сабой распаўсюджванне інфармацыі для прыцягнення ўвагі да пэўнага аб’екта з мэтай фарміравання ці падтрымання інтарэсу да яго.

icon-task

Якую колькасць пасты, згодна з рэкамендацыямі стаматолагаў, дастаткова выкарыстоўваць для чысткі зубоў? Якая колькасць пасты адлюстроўваецца ў рэкламе?

Зрабіце вывад, якія фактары ўплываюць на паводзіны спажыўца.

Пры ацэньванні ў цэлым ролі канкурэнцыі ў эканоміцы варта адзначыць яе бясспрэчныя станоўчыя наступствы: паляпшэнне якасці і змяншэнне цаны тавараў і паслуг, пастаяннае абнаўленне прадукцыі і пашырэнне яе асартыменту на рынку, павышэнне навукова-тэхнічнага ўзроўню і паляпшэнне арганізацыі вытворчасці, што спрыяе больш эфектыўнаму задавальненню патрэб людзей. Сусветная практыка сведчыць, што эканомікі, заснаваныя на канкурэнцыі, з’яўляюцца больш паспяховымі і эфектыўнымі, дэманструюць высокі ўзровень і якасць жыцця насельніцтва.

Аднак у выніку канкурэнтнай барацьбы з’яўляюцца не толькі пераможцы, але і пераможаныя, якія церпяць банкруцтва і вымушаны сыходзіць з рынку. Негатыўнымі бакамі канкурэнцыі з’яўляюцца разарэнне прадпрыемстваў, звальненне работнікаў, эканамічная нестабільнасць і сацыяльная напружанасць у грамадстве. Пераадоленне гэтых наступстваў з’яўляецца адной з задач дзяржавы як рэгулятара ў сучаснай эканамічнай сістэме.