§ 16. Канкурэнцыя і яе роля ў эканоміцы
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | § 16. Канкурэнцыя і яе роля ў эканоміцы |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 21 Декабрь 2024, 15:17 |
Паняцце канкурэнцыі. Важную ролю ва ўсталяванні балансу інтарэсаў вытворцаў і пакупнікоў на рынку адыгрывае канкурэнцыя. Канкурэнцыя — гэта спаборніцтва, саперніцтва паміж эканамічнымі суб’ектамі за найлепшыя ўмовы вытворчасці і/ці рэалізацыі тавараў і паслуг, за выжыванне і эканамічны росквіт.
Рыначнае саперніцтва прыводзіць да поспеху не заўсёды. Але калі вытворца клапоціцца пра пашырэнне сваёй вытворчасці, удасканальвае матэрыяльна-тэхнічную базу і тэхналогію вытворчасці, павышае якасць тавараў, зніжае выдаткі на выраб адзінкі прадукцыі (без пагаршэння якасці і спажывецкіх уласцівасцей) і ў выніку мае магчымасць знізіць цэны, пашырыць асартымент і прапанаваць пакупнікам больш выгадныя ўмовы куплі — поспех яму гарантаваны.
Канкурэнцыю называюць рухавіком рыначнай эканомікі. Яна падахвочвае да стварэння новых і больш танных тавараў і спосабаў іх вытворчасці, укаранення больш дасканалых тэхналогій.
Віды канкурэнцыі. Вылучаюць розныя віды канкурэнцыі.
Цэнавая канкурэнцыя мае на ўвазе саперніцтва вытворцаў за кошт прымальнай для пакупніка цаны, а няцэнавая — за кошт дасягнення больш высокай якасці, афармлення, упакоўкі і рэкламы тавару, пасляпродажнага тэхнічнага абслугоўвання і да т. п.
Унутрыгаліновая канкурэнцыя разгортваецца паміж прадпрыемствамі адной галіны (напрыклад, вытворцамі аўтамабіляў), а міжгаліновая мае на ўвазе саперніцтва паміж прадпрыемствамі розных галін (напрыклад, паміж чыгуначнымі і авіякампаніямі за пасажыраў).
Па ступені свабоды вылучаюць дзве асноўныя мадэлі сучаснага рынку — рынак дасканалай і недасканалай канкурэнцыі. Існуе шэраг ключавых фактараў, паводле якіх іх адрозніваюць: колькасць фірм і іх памеры; тып прадукту; умовы ўваходжання на рынак; спецыфіка фарміравання цаны; даступнасць інфармацыі, тэхналогій.
Дасканалая канкурэнцыя — гэта сітуацыя на рынку, дзе дзейнічае вялікая колькасць прадаўцоў, якія прапануюць аднародную прадукцыю і не маюць магчымасці ўплываць на рыначную цану. Бар’еры для ўваходжання на рынак дадзенай прадукцыі адсутнічаюць. У выніку рыначныя паводзіны прадаўцоў і пакупнікоў заключаюцца ў прыстасаванні да існуючых рыначных умоў. Аднак у рэальнасці знайсці дасканалую канкурэнцыю ў чыстым выглядзе даволі цяжка. Да такіх звычайна адносяць рынкі сельскагаспадарчых прадуктаў, некаторых паслуг.
Выканаць усе ўмовы для існавання дасканалай канкурэнцыі даволі складана, таму найбольш распаўсюджанай формай канкурэнцыі з’яўляецца недасканалая, якая праяўляецца ў наступных відах: манапалістычная канкурэнцыя, алігаполія, манаполія.
На рынку манапалістычнай канкурэнцыі, дзе дзейнічае мноства прадаўцоў падобнай прадукцыі, вельмі важная роля рэкламы, гандлёвых марак і знакаў. На такім рынку кожны з прадаўцоў імкнецца пераканаць пакупніка ва ўнікальнасці і непераўзыдзенай якасці свайго тавару, актыўна выкарыстоўваючы метады няцэнавай канкурэнцыі. Для пакупніка тавар нават адной гандлёвай маркі можа быць дыферэнцыраваны, паколькі гэта залежыць ад размяшчэння магазіна, ветлівасці і прывабнасці прадаўца.
Алігаполія (ад грэч. ὀλίγος — нямногі, нешматлікі і πωλέω — прадаю) — гэта такі рынак, на якім пануюць некалькі (звычайна ад 2 да 5) буйных вядомых фірм. Уваходжанне новых вытворцаў вельмі ўскладнена. У якасці бар’ераў выступаюць або заканадаўчыя абмежаванні, або неабходнасць у пачатковым капітале вялікіх памераў. Часцей за ўсё алігаполіі можна назіраць у такіх галінах, як металургічная, нафтавая і газавая прамысловасць, авіябудаўніцтва, аўтамабілебудаўніцтва, сферы высокіх тэхналогій.
Манаполія — гэта выключнае права вытворчасці, гандлю і іншых відаў дзейнасці, якое належыць адной фізічнай асобе, пэўнай групе асоб, кампаніі, арганізацыі ці дзяржаве. Манапольнае права дазваляе навязваць пакупнікам выгадныя для манапаліста ўмовы ўзаемаадносін. Пры манаполіі на рынку існуе толькі адзін прадавец тавару, які ўстанаўлівае сваю цану. У чыстым выглядзе манаполія сустракаецца рэдка. Гэта адбываецца таму, што ў большасці краін утварэнню манаполій перашкаджае антыманапольнае заканадаўства.
Менеджмент. Цэнтральнай праблемай у эканоміцы з’яўляецца праблема эфектыўнага размеркавання і выкарыстання абмежаваных рэсурсаў з мэтай максімальнага задавальнення патрэб людзей, іншымі словамі, праблема эканамічнай эфектыўнасці. Эканамічная эфектыўнасць — гэта суадносіны атрыманага выніку з затрачанымі выдаткамі. Большая колькасць прадуктаў, вырабленых дзякуючы дадзенаму аб’ёму рэсурсаў і, як вынік, рост прыбытку значаць і большую эфектыўнасць. Сутнасць эканамічнай арганізацыі вытворчасці якраз і заключаецца ў тым, каб гэта арганізацыя была эфектыўнай.
Сукупнасць сучасных прынцыпаў, метадаў, сродкаў і форм кіравання, якія маюць на мэце павышэнне эфектыўнасці працы прадпрыемства, называецца менеджмент (англ. management — кіраванне, сістэма кіравання).
Менеджмент накіраваны на эфектыўнае планаванне дзейнасці прадпрыемства, яе непасрэдную арганізацыю і кантроль за яе ажыццяўленнем. Эфектыўнае кіраванне мае на ўвазе адказы на пытанні: хто кіруе, з дапамогай якіх механізмаў і якімі метадамі? Менеджары розных узроўняў каардынуюць выкарыстанне ўсіх рэсурсаў прадпрыемства, выбіраюць разнастайныя метады і сродкі для ўзмацнення матывацыі работнікаў да рашэння агульнай задачы. Як правіла, мае месца спалучэнне такіх метадаў, як матэрыяльнае стымуляванне (надбаўкі, прэміі), адміністрацыйныя ўздзеянні (загады, інструкцыі), сацыяльна-псіхалагічныя метады (фарміраванне спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату, абвяшчэнне падзяк, прадстаўленне да ўзнагарод і да т. п.).
Адным з першых палажэнні тэорыі менеджменту на практыцы прымяніў амерыканскі прамысловец Генры Форд.
Маркетынг. Кіраўніцкая дзейнасць на прадпрыемстве мае на ўвазе ў тым ліку і эфектыўную арганізацыю прасоўвання яго прадукцыі. Гэта асабліва важна, калі прадпрыемства існуе на рынку манапалістычнай канкурэнцыі або алігаполіі, дзе значная роля няцэнавай канкурэнцыі і, як вынік, выбранай маркетынгавай стратэгіі.
Маркетынг (англ. marketing — рыначная дзейнасць) — гэта сукупнасць працэсаў стварэння, прасоўвання і прадастаўлення прадукту ці паслугі пакупнікам. Маркетынг мае на мэце выяўленне, прагназаванне і задавальненне патрэб пакупніка, а таксама мэтанакіраванае фарміраванне ў пакупнікоў новых патрэб.
Аснову маркетынгу складае marketing mix, што ўключае 4P: прадукт, прасоўванне, прадажная цана, пазіцыя (месца).
Асноўнымі задачамі маркетынгу з’яўляюцца: комплекснае даследаванне рынкаў збыту (дзейнасць канкурэнтаў, патрэбы спажыўцоў і г. д.), арганізацыя матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння прадпрыемства, фарміраванне яго асартыментнай і цэнавай палітыкі, транспарціроўка, збыт прадукцыі і яе пасляпродажнае сэрвіснае абслугоўванне, узаемадзеянне са спажыўцамі і іх заахвочванне. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае рэклама, якая ўяўляе сабой распаўсюджванне інфармацыі для прыцягнення ўвагі да пэўнага аб’екта з мэтай фарміравання ці падтрымання інтарэсу да яго.
Якую колькасць пасты, згодна з рэкамендацыямі стаматолагаў, дастаткова выкарыстоўваць для чысткі зубоў? Якая колькасць пасты адлюстроўваецца ў рэкламе?
Зрабіце вывад, якія фактары ўплываюць на паводзіны спажыўца.
Пры ацэньванні ў цэлым ролі канкурэнцыі ў эканоміцы варта адзначыць яе бясспрэчныя станоўчыя наступствы: паляпшэнне якасці і змяншэнне цаны тавараў і паслуг, пастаяннае абнаўленне прадукцыі і пашырэнне яе асартыменту на рынку, павышэнне навукова-тэхнічнага ўзроўню і паляпшэнне арганізацыі вытворчасці, што спрыяе больш эфектыўнаму задавальненню патрэб людзей. Сусветная практыка сведчыць, што эканомікі, заснаваныя на канкурэнцыі, з’яўляюцца больш паспяховымі і эфектыўнымі, дэманструюць высокі ўзровень і якасць жыцця насельніцтва.
Аднак у выніку канкурэнтнай барацьбы з’яўляюцца не толькі пераможцы, але і пераможаныя, якія церпяць банкруцтва і вымушаны сыходзіць з рынку. Негатыўнымі бакамі канкурэнцыі з’яўляюцца разарэнне прадпрыемстваў, звальненне работнікаў, эканамічная нестабільнасць і сацыяльная напружанасць у грамадстве. Пераадоленне гэтых наступстваў з’яўляецца адной з задач дзяржавы як рэгулятара ў сучаснай эканамічнай сістэме.
1. Што такое канкурэнцыя? Чаму канкурэнцыю лічаць галоўным маторам рыначнай эканомікі?
2. Вытворчасць якіх тавараў і паслуг павінна быць дзяржаўнай манаполіяй? Чаму?
3. У вытворчасць халадзільнікаў укаранілі новую тэхналогію, што забяспечыла зніжэнне выдаткаў. Што здарыцца з прапановай на рынку гэтага тавару? Аргументуйце свой адказ. Ахарактарызуйце ролю канкурэнцыі ў развіцці эканомікі.