§ 16. Канкурэнцыя і яе роля ў эканоміцы
Паняцце канкурэнцыі. Важную ролю ва ўсталяванні балансу інтарэсаў вытворцаў і пакупнікоў на рынку адыгрывае канкурэнцыя. Канкурэнцыя — гэта спаборніцтва, саперніцтва паміж эканамічнымі суб’ектамі за найлепшыя ўмовы вытворчасці і/ці рэалізацыі тавараў і паслуг, за выжыванне і эканамічны росквіт.
Рыначнае саперніцтва прыводзіць да поспеху не заўсёды. Але калі вытворца клапоціцца пра пашырэнне сваёй вытворчасці, удасканальвае матэрыяльна-тэхнічную базу і тэхналогію вытворчасці, павышае якасць тавараў, зніжае выдаткі на выраб адзінкі прадукцыі (без пагаршэння якасці і спажывецкіх уласцівасцей) і ў выніку мае магчымасць знізіць цэны, пашырыць асартымент і прапанаваць пакупнікам больш выгадныя ўмовы куплі — поспех яму гарантаваны.
Канкурэнцыю называюць рухавіком рыначнай эканомікі. Яна падахвочвае да стварэння новых і больш танных тавараў і спосабаў іх вытворчасці, укаранення больш дасканалых тэхналогій.