§ 14. Грашова-крэдытная сістэма
Банкі і іх функцыі. Банк (італ. banco — лава, крама мянялы) — фінансавая ўстанова (а па сутнасці прадпрыемства), якая спецыялізуецца на накапленні грашовых сродкаў, крэдытаванні, пасрэдніцтве ў грашовых разліках і аперацыях з каштоўнымі паперамі. Для таго каб атрымаць прыбытак, банку неабходна прыцягнуць як мага больш укладчыкаў, якія дадуць яму права часова карыстацца іх грашовымі сродкамі за пэўную плату, і за яшчэ большую плату перадаць у часовае карыстанне прыцягнутыя грашовыя сродкі пазычальнікам (тым, каму патрэбны грошы). Розніца паміж платай пазычальніка банку і платай банка ўкладчыку складае даход банка (банкаўскі працэнт).
Банкі могуць быць як універсальныя, так і спецыялізаваныя. Універсальныя банкі выконваюць усе банкаўскія аперацыі (па некаторых ацэнках, ад 100 да 300 відаў) для сваіх кліентаў. Спецыялізаваныя банкі могуць абслугоўваць пэўную галіну, сферу гаспадарання або групу кліентаў ці выконваць невялікую колькасць аперацый. Напрыклад, іпатэчныя банкі ажыццяўляюць крэдытныя аперацыі па прыцягненні і размяшчэнні сродкаў на доўгатэрміновай аснове пад заклад нерухомай маёмасці.
Асаблівае месца ў банкаўскай сістэме любой краіны займае цэнтральны банк, які працуе ў інтарэсах грамадства ў цэлым. У нашай краіне цэнтральным банкам з’яўляецца Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Нацыянальны банк ажыццяўляе захоўванне афіцыйных золатавалютных рэзерваў і мае выключнае права грашовай эмісіі — выпуску грошай у абарачэнне (друкаванне банкнот, чаканка манет). На аснове спецыяльных разлікаў цэнтральны банк дзяржавы вырашае, колькі грошай у цэлым (наяўных і безнаяўных) патрабуецца эканоміцы краіны. Калі грошай не хапае, то цэнтральны банк пазычае іх банкам, а калі зашмат — пазычае ў іх. Такім чынам, грошы або трапляюць у абарачэнне, або вымаюцца з яго, і тым самым падтрымліваецца дастатковая колькасць грошай у абарачэнні.