§ 14. Грашова-крэдытная сістэма

Грошы, іх функцыі і формы. Грошы з’яўляюцца адным з найвялікшых вынаходстваў чалавецтва.

У эканоміцы грошы забяспечваюць рух рэсурсаў і тавараў ад прадаўцоў да спажыўцоў і з’яўляюцца яе значнай састаўной часткай. Зладжанае функцыянаванне грашовай сістэмы спрыяе паспяховаму развіццю эканомікі, а разбалансаванне грашовага абарачэння можа нанесці ёй цяжкі ўрон.

Грошы — гэта ўсеагульны эквівалент (мера) кошту, сродак абарачэння, плацяжу і зберажэння.

Сутнасць і эвалюцыя грошай праяўляецца ў іх функцыях, якія адлюстроўваюць магчымасці і прынцыпы іх выкарыстання. У эканоміцы грошы маюць наступныя функцыі.

img
icon-task
Якая функцыя грошай выяўляецца пры адкрыцці бацькамі ўкладу ў банку пасля нараджэння дзіцяці?

Першапачаткова ролю грошай выконваў тавар, які быў найбольш значны і ходкі ў пэўнай мясцовасці. Паступова гэтая роля замацавалася за высакароднымі металамі — золатам і срэбрам. У далейшым развіццё вытворчасці і павелічэнне аб’ёму вырабленых тавараў прывяло да замены залатых і срэбных манет папяровымі грашыма і манетамі з некаштоўных металаў. Такім чынам, на змену паўнацэнным грашам (таварным і металічным з каштоўных металаў) прыйшлі грошы непаўнацэнныя, або сімвалічныя, паколькі іх пакупніцкая здольнасць у якасці грошай (напрыклад, папяровыя банкноты) значна пераўзыходзіць выдаткі на іх вытворчасць.

Грашовае абарачэнне складаецца з наяўных і безнаяўных грошай. Пад наяўнымі грашыма разумеюцца металічныя (манеты) і папяровыя (банкноты) грошы.

icon-remember
Абапіраючыся на веды па гісторыі, назавіце асноўныя тавары, якія выкарыстоўваліся ў якасці грошай на тэрыторыі Беларусі і Еўропы ў цэлым. Прыгадайце, якія грошы з высакародных металаў былі ў абарачэнні на тэрыторыі Беларусі ў розныя гістарычныя эпохі.
icon-task
Актуальнай задачай у абарачэнні папяровых грошай з’яўляецца іх абарона ад падробкі. Як адрозніць сапраўдныя грошы ад фальшывых? Якія спецыяльныя меткі для слабавідушчых людзей ёсць на банкнотах беларускага рубля? 

Безнаяўныя грошы ўяўляюць сабой запісы на рахунках у банку. Уладальнік рахунку мае права распараджацца гэтымі грашыма. Напрыклад, выпісаць банкаўскі чэк на пэўную суму або выкарыстоўваць плацежную банкаўскую картку. З яе дапамогай безнаяўным шляхам можна разлічвацца за тавары і паслугі, весці разлікі ў розных валютах. Безнаяўныя грошы маюць важнае значэнне ў сучасных эканамічных адносінах, пры гэтым выкарыстанне наяўных грошай паступова зніжаецца.

img
icon-search
З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі вызначце, што такое кэшбэк. Сфармулюйце ролю дадзенага механізма ў стымуляванні безнаяўных плацяжоў.
icon-discussions
Прывядзіце аргументы «за» і «супраць» безнаяўнай аплаты тавараў і паслуг.

З функцыянаваннем грошай у эканоміцы шчыльна звязана верагоднасць інфляцыі. Інфляцыя (лац. inflatio — уздуцце) — гэта абясцэньванне грошай, выкліканае перавышэннем колькасці грошай, што знаходзяцца ў абарачэнні, над іх таварным пакрыццём. Інфляцыя можа прывесці да парушэння грашовага абарачэння ў эканоміцы, пра што пойдзе гаворка ў наступных параграфах.

Наяўнасць дастатковай колькасці грошай неабходна як прадпрыемствам для арганізацыі вытворчасці, так і спажыўцам для набыцця тавараў і паслуг. Калі ў каго-небудзь з іх недастаткова сродкаў для нармальнага функцыянавання, неабходна звяртацца да магчымасцей крэдытнай сістэмы. Гэта сукупнасць устаноў і арганізацый, якія накапліваюць грашовыя сродкі і займаюцца крэдытаваннем. Ключавую ролю ў гэтай сістэме адыгрываюць банкі.