§ 11. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні
Палітычныя партыі і партыйныя сістэмы. Палітолагі вылучаюць розныя тыпы палітычных партый. У аснову класіфікацыі палітычных партый могуць быць пакладзены розныя крытэрыі.
Па сваёй ідэйна-палітычнай арыентацыі палітычныя партыі падзяляюцца на камуністычныя, сацыял-дэмакратычныя, сацыялістычныя, ліберальныя (ліберальна-дэмакратычныя), кансерватыўныя, а таксама партыі, якія абапіраюцца на розныя рэлігійныя і нацыянальныя дактрыны.
Партыі могуць супрацоўнічаць, выступаць разам для дасягнення тых або іншых мэт, могуць супрацьстаяць адна адной, знаходзіцца ў барацьбе. Колькасць партый у грамадстве адлюстроўвае ступень эканамічнай, ідэалагічнай і іншай неаднароднасці інтарэсаў. Чым вышэйшая ступень неаднароднасці, тым большая колькасць партый у палітычнай сістэме грамадства. У залежнасці ад таго, колькі палітычных партый у краіне, у якіх яны адносінах адна з адной, складваюцца пэўныя тыпы партыйных сістэм. Партыйная сістэма — гэта сукупнасць партый, якія ўзаемадзейнічаюць ці сапернічаюць у барацьбе за ўладу і яе ажыццяўленне.
З пункту гледжання колькаснага крытэрыю партыйныя сістэмы падзяляюць на шматпартыйныя і аднапартыйныя. А з пазіцыі таго, як партыі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой у барацьбе за ўладу, вылучаюць сістэмы аднапартыйныя, двухпартыйныя, шматпартыйныя.
Шматпартыйная сістэма характарызуецца наяўнасцю ў краіне некалькіх палітычных партый, якія спаборнічаюць у барацьбе за ўладу. Шматпартыйныя сістэмы таксама могуць быць рознымі. Шматпартыйныя сістэмы трэба адрозніваць ад шматпартыйнасці. Наяўнасць мноства палітычных партый яшчэ не азначае, што паміж імі склалася пэўная сістэма адносін у барацьбе за ўладу і за ўплыў у грамадстве. Шматпартыйнасць часцей за ўсё папярэднічае станаўленню той або іншай шматпартыйнай сістэмы. У такіх краінах, як Данія, Бельгія, Аўстрыя, Італія, існуе мноства палітычных партый, але пры гэтым ні адна з іх не можа заваяваць большасць месцаў у парламенце і самастойна ажыццяўляць уладу. Такую разнавіднасць шматпартыйнай сістэмы часта вызначаюць як класічную.
Існуе шматпартыйная сістэма з дамінуючай партыяй. Такая сістэма характарызуецца працяглым знаходжаннем ва ўладзе адной партыі, але пры наяўнасці шматлікіх іншых палітычных партый. Напрыклад, у Швецыі ў якасці дамінуючай партыі выступае Сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, у Японіі доўгі час улада знаходзілася ў Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
Асаблівасць двухпартыйнай сістэмы заключаецца ў тым, што ў краіне існуюць дзве моцныя партыі, кожная з якіх здольная да самастойнага заваявання ўлады і яе ажыццяўлення. Калі адна з партый перамагае на выбарах, другая сыходзіць у апазіцыю, і так перыядычна яны змяняюць адна адну ў кіраванні дзяржавай. Двухпартыйная сістэма не выключае існавання ў краіне і іншых, менш уплывовых партый. Яны таксама ўдзельнічаюць у палітычным працэсе, але рэальна прэтэндаваць на перамогу не могуць. Класічная мадэль двухпартыйнай сістэмы склалася ў ЗША, дзе адна адной супрацьстаяць Дэмакратычная і Рэспубліканская партыі.
Аднапартыйная сістэма характарызуецца тым, што ў краіне дзейнічае толькі адна палітычная партыя. Яе роля замацавана ў канстытуцыі і іншых законах краіны. Аднапартыйная сістэма існавала ў СССР, у большасці краін сусветнай сістэмы сацыялізму.
Прывядзіце прыклады дзяржаў з дадзенымі партыйнымі сістэмамі.
Якая партыйная сістэма — двухпартыйная ці шматпартыйная — у большай ступені садзейнічае ўстойлівасці:
● прэзідэнцкай рэспублікі?
● парламенцкай рэспублікі?