§ 10. Палітычныя ідэалогіі

Ідэалагічная разнастайнасць сучаснасці. Ідэалагічная сфера ў сучасным грамадстве вылучаецца вялікай разнастайнасцю. Адбываецца драбленне суперідэалогій (лібералізму, кансерватызму, сацыялізму), узмацняецца ўплыў нацыяналізму, фемінізму, ідэалогіі «зялёных», рэлігійнага фундаменталізму. Шырока выкарыстоўваюцца ідэалагічныя запазычанні. Так, ідэі правоў і свабод чалавека, дэмакратыі, гендарнай роўнасці, аховы прыроды характэрныя для сучаснага лібералізму, кансерватызму, сацыял-дэмакратызму і ўваходзяць у праграмы камуністычных партый. Гэтыя запазычанні дазваляюць палітычным сілам пашыраць сваю сацыяльную базу.

icon-task

Папулізм (ад лац. pŏpŭlus — народ) — гэта вылучэнне нерэальных, але папулярных у канкрэтнай сітуацыі лозунгаў для набыцця падтрымкі народа, абяцанне лёгкага вырашэння вострых сацыяльных праблем.

Ці можна лічыць папулізм ідэалогіяй?

Ва ўмовах ідэалагічнай разнастайнасці ўзмацняецца значэнне ідэалогіі дзяржавы, якая адлюстроўвае нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы ў цэлым.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 4. Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў.

Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх.

Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца.

Захаванне грамадзянскага міру і ўмоў для стабільнага развіцця грамадства патрабуе забароны дзейнасці тых палітычных сіл, якія вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, ставяць сваёй мэтай гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу. Радыкальныя ідэалогіі: фашызм, расізм, рэлігійны экстрэмізм, шавінізм (крайняя праява нацыяналізму) — разбураюць адзінства грамадства, прыводзяць да палітычных крызісаў, росту тэрарызму і грамадзянскіх войнаў, вядуць да ўзрастання напружання ў міжнародных адносінах.