Печатать книгуПечатать книгу

§ 10. Палітычныя ідэалогіі

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: § 10. Палітычныя ідэалогіі
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 7 Май 2024, 17:58
icon-persona
Тэрмін «ідэалогія» ўвёў у канцы XVIII ст. французскі філосаф Антуан Дэсцют дэ Трасі для абазначэння навукі аб агульных прынцыпах фарміравання ідэй.

Паняцце і функцыі палітычнай ідэалогіі. Палітычная сфера жыцця грамадства ўключае не толькі палітычныя адносіны і дзейнасць, але і палітычную свядомасць. Тэарэтычныя і жыццёвыя веды аб палітыцы, каштоўнасныя арыенціры людзей, палітычныя стэрэатыпы і настроі істотна ўплываюць на палітыку. У палітычнай свядомасці ўтрымліваюцца як навуковыя веды, так і звычайныя ўяўленні аб палітыцы, ацэначныя меркаванні і эмацыйныя адносіны да палітычных з’яў.

Палітычная ідэалогія — гэта сукупнасць ідэй, ідэалаў, каштоўнасцей, у якіх адлюстроўваюцца значныя, істотныя інтарэсы пэўных сацыяльных слаёў, што імкнуцца рэалізаваць гэтыя інтарэсы з дапамогай дзяржаўнай улады. Палітычныя ідэалогіі арыентаваны або на захаванне існуючых грамадскіх адносін, або на іх змену.

Галоўным у ідэалогіі з’яўляецца тое, што яна выражае пэўныя сацыяльныя інтарэсы і фарміруе «чалавека палітычнага» з пэўнымі перакананнямі. Палітычная ідэалогія складае светапоглядную аснову палітыкі.

Вылучаюць тры ўзроўні функцыянавання ідэалогіі. На тэарэтычным узроўні распрацоўваюцца палітычныя тэорыі, абгрунтоўваюцца прынцыпы дзейнасці дзяржавы і іншых палітычных інстытутаў, фармулююцца грамадскія ідэалы.

На праграмна-палітычным узроўні тэорыі і ідэйныя прынцыпы канкрэтызуюцца ў праграмах палітычных партый, перадвыбарных платформах, заявах палітычных лідараў, лозунгах.

На жыццёвым (паводзінскім) узроўні адбываецца ператварэнне ідэалагічных тэорый, ідэй, ідэалаў у перакананні людзей. Менавіта на гэтым узроўні правяраецца, наколькі ідэалагічныя палажэнні прымаюцца канкрэтнымі людзьмі, падтрымліваюцца вялікімі сацыяльнымі групамі. Звычная, жыццёвая палітычная свядомасць непасрэдна ўплывае на палітычны ўдзел і падтрымку пэўных палітычных партый, лідараў, дзяржаўных інстытутаў.

Асноўныя віды палітычнай ідэалогіі.

icon-remember
Прыгадайце, дзе ўзніклі першыя палітычныя ідэалогіі. З чым звязана іх узнікненне?
img

Да асноўных палітычных ідэалогій належаць лібералізм, кансерватызм і сацыялізм, якія называюць суперідэалогіямі. Яны захоўваюць сваё значэнне і сёння, нягледзячы на істотныя змены з часу свайго ўзнікнення.

icon-task

Для таго каб высветліць уласныя ідэалагічныя перакананні, з дапамогай воблака паняццяў з уступнай інфаграфікі адкажыце на пытанні:

1. Якія тры паняцці характарызуюць вашы асноўныя палітычныя погляды і інтарэсы?

2. Як вы думаеце, ці ёсць межы ў свабоды асобы?

3. Якім чынам павінны вырашацца сацыяльныя супярэчнасці?

Даведайцеся з табліцы, якім ідэалогіям адпавядаюць вашы адказы.

img
icon-discussions
У чым падабенства і адрозненне сучасных разнавіднасцей лібаралізму, кансерватызму, сацыялізму? Вылучыце найбольш важныя, на ваш погляд, прынцыпы кожнай ідэалогіі. Абгрунтуйце сваю думку.

Традыцыйна ідэалогіі падзяляюцца на «правыя» і «левыя».

Левыя ідэалогіі арыентаваны на абарону інтарэсаў працоўных, сацыяльную справядлівасць і роўнасць. Да іх належаць сацыялізм, сацыял-дэмакратызм, камунізм, анархізм.

Правыя ідэалогіі вылучаюцца большай неаднароднасцю па змесце, ідэях і каштоўнасцях. Да правых ідэалогій належаць лібералізм, кансерватызм, нацыяналізм, расізм, фашызм, рэлігійны фундаменталізм.

І правыя, і левыя ідэалогіі могуць прымаць радыкальны характар. Радыкалізм (ад лац. radicalis — карэнны) — ідэалагічная і практычная арыентацыя на карэнную і хуткую змену грамадства і дзяржавы, часцей за ўсё шляхам гвалтоўных дзеянняў. Практыка радыкальных рухаў часта заснавана на экстрэмізме і тэрарыстычных дзеяннях.

Ідэалагічная разнастайнасць сучаснасці. Ідэалагічная сфера ў сучасным грамадстве вылучаецца вялікай разнастайнасцю. Адбываецца драбленне суперідэалогій (лібералізму, кансерватызму, сацыялізму), узмацняецца ўплыў нацыяналізму, фемінізму, ідэалогіі «зялёных», рэлігійнага фундаменталізму. Шырока выкарыстоўваюцца ідэалагічныя запазычанні. Так, ідэі правоў і свабод чалавека, дэмакратыі, гендарнай роўнасці, аховы прыроды характэрныя для сучаснага лібералізму, кансерватызму, сацыял-дэмакратызму і ўваходзяць у праграмы камуністычных партый. Гэтыя запазычанні дазваляюць палітычным сілам пашыраць сваю сацыяльную базу.

icon-task

Папулізм (ад лац. pŏpŭlus — народ) — гэта вылучэнне нерэальных, але папулярных у канкрэтнай сітуацыі лозунгаў для набыцця падтрымкі народа, абяцанне лёгкага вырашэння вострых сацыяльных праблем.

Ці можна лічыць папулізм ідэалогіяй?

Ва ўмовах ідэалагічнай разнастайнасці ўзмацняецца значэнне ідэалогіі дзяржавы, якая адлюстроўвае нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы ў цэлым.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 4. Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў.

Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх.

Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца.

Захаванне грамадзянскага міру і ўмоў для стабільнага развіцця грамадства патрабуе забароны дзейнасці тых палітычных сіл, якія вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, ставяць сваёй мэтай гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу. Радыкальныя ідэалогіі: фашызм, расізм, рэлігійны экстрэмізм, шавінізм (крайняя праява нацыяналізму) — разбураюць адзінства грамадства, прыводзяць да палітычных крызісаў, росту тэрарызму і грамадзянскіх войнаў, вядуць да ўзрастання напружання ў міжнародных адносінах.

icon-questions

1. На аснове тэксту параграфа складзіце схему «Узроўні палітычнай ідэалогіі».

2. Растлумачце і канкрэтызуйце прыкладамі ролю ідэалогіі ў палітыцы.

3. Выкажыце сваё меркаванне аб тым, якую ідэалогію можна назваць цэнтрысцкай. Чаму лічыцца, што правыя і левыя радыкалы значна бліжэйшыя адзін да аднаго, чым да палітычнага цэнтра?

icon-idea
Выканайце міні-праект «Візуалізацыя перадвыбарнай праграмы». Вывучыце праграмы палітыкаў — кандыдатаў на актуальных выбарах (прэзідэнцкіх, парламенцкіх ці мясцовых Саветаў). Складзіце на падставе праграм «аблокі слоў» — «ТОП-10 слоў з праграм кандыдатаў» (выкарыстоўвайце толькі назоўнікі, вылучыце большым шрыфтам словы, што ў праграме сустракаюцца часцей, меншым — радзей). Параўнайце «аблокі слоў». Якія ідэалогіі з’яўляюцца асновай для праграм?