§ 10. Палітычныя ідэалогіі
Асноўныя віды палітычнай ідэалогіі.
Да асноўных палітычных ідэалогій належаць лібералізм, кансерватызм і сацыялізм, якія называюць суперідэалогіямі. Яны захоўваюць сваё значэнне і сёння, нягледзячы на істотныя змены з часу свайго ўзнікнення.
Для таго каб высветліць уласныя ідэалагічныя перакананні, з дапамогай воблака паняццяў з уступнай інфаграфікі адкажыце на пытанні:
1. Якія тры паняцці характарызуюць вашы асноўныя палітычныя погляды і інтарэсы?
2. Як вы думаеце, ці ёсць межы ў свабоды асобы?
3. Якім чынам павінны вырашацца сацыяльныя супярэчнасці?
Даведайцеся з табліцы, якім ідэалогіям адпавядаюць вашы адказы.
Традыцыйна ідэалогіі падзяляюцца на «правыя» і «левыя».
Левыя ідэалогіі арыентаваны на абарону інтарэсаў працоўных, сацыяльную справядлівасць і роўнасць. Да іх належаць сацыялізм, сацыял-дэмакратызм, камунізм, анархізм.
Правыя ідэалогіі вылучаюцца большай неаднароднасцю па змесце, ідэях і каштоўнасцях. Да правых ідэалогій належаць лібералізм, кансерватызм, нацыяналізм, расізм, фашызм, рэлігійны фундаменталізм.
І правыя, і левыя ідэалогіі могуць прымаць радыкальны характар. Радыкалізм (ад лац. radicalis — карэнны) — ідэалагічная і практычная арыентацыя на карэнную і хуткую змену грамадства і дзяржавы, часцей за ўсё шляхам гвалтоўных дзеянняў. Практыка радыкальных рухаў часта заснавана на экстрэмізме і тэрарыстычных дзеяннях.