§ 10. Палітычныя ідэалогіі
Паняцце і функцыі палітычнай ідэалогіі. Палітычная сфера жыцця грамадства ўключае не толькі палітычныя адносіны і дзейнасць, але і палітычную свядомасць. Тэарэтычныя і жыццёвыя веды аб палітыцы, каштоўнасныя арыенціры людзей, палітычныя стэрэатыпы і настроі істотна ўплываюць на палітыку. У палітычнай свядомасці ўтрымліваюцца як навуковыя веды, так і звычайныя ўяўленні аб палітыцы, ацэначныя меркаванні і эмацыйныя адносіны да палітычных з’яў.
Палітычная ідэалогія — гэта сукупнасць ідэй, ідэалаў, каштоўнасцей, у якіх адлюстроўваюцца значныя, істотныя інтарэсы пэўных сацыяльных слаёў, што імкнуцца рэалізаваць гэтыя інтарэсы з дапамогай дзяржаўнай улады. Палітычныя ідэалогіі арыентаваны або на захаванне існуючых грамадскіх адносін, або на іх змену.
Галоўным у ідэалогіі з’яўляецца тое, што яна выражае пэўныя сацыяльныя інтарэсы і фарміруе «чалавека палітычнага» з пэўнымі перакананнямі. Палітычная ідэалогія складае светапоглядную аснову палітыкі.
Вылучаюць тры ўзроўні функцыянавання ідэалогіі. На тэарэтычным узроўні распрацоўваюцца палітычныя тэорыі, абгрунтоўваюцца прынцыпы дзейнасці дзяржавы і іншых палітычных інстытутаў, фармулююцца грамадскія ідэалы.
На праграмна-палітычным узроўні тэорыі і ідэйныя прынцыпы канкрэтызуюцца ў праграмах палітычных партый, перадвыбарных платформах, заявах палітычных лідараў, лозунгах.
На жыццёвым (паводзінскім) узроўні адбываецца ператварэнне ідэалагічных тэорый, ідэй, ідэалаў у перакананні людзей. Менавіта на гэтым узроўні правяраецца, наколькі ідэалагічныя палажэнні прымаюцца канкрэтнымі людзьмі, падтрымліваюцца вялікімі сацыяльнымі групамі. Звычная, жыццёвая палітычная свядомасць непасрэдна ўплывае на палітычны ўдзел і падтрымку пэўных палітычных партый, лідараў, дзяржаўных інстытутаў.