§ 9. Прававая дзяржава і грамадзянскае грамадства

Сродкі масавай інфармацыі і іх роля ў палітыцы. Роля СМІ ў сучасным грамадстве пастаянна ўзрастае. Усё больш людзей разумеюць, што без адкрытасці палітычнай сферы, якую забяспечваюць СМІ, дэмакратыя немагчыма. Абавязковай умовай існавання прававой дзяржавы з’яўляюцца атрыманне, захаванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.

СМІ — гэта перыядычнае друкаванае выданне, сеткавае выданне, тэлеканал, тэлепраграма, радыёканал, радыёпраграма, відэапраграма, іншая форма перыядычнага распаўсюджвання масавай інфармацыі пад пастаянным найменнем, якое мае дзяржаўную рэгістрацыю.

Роля СМІ заключаецца ў інфармаванні насельніцтва аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Сёння СМІ таксама маюць вялікае значэнне ў фарміраванні грамадскай думкі, уплываюць на палітычныя паводзіны грамадзян.

img

Тэорыя парадку дня абвяшчае, што сродкі масавай інфармацыі аказваюць значны ўплыў на грамадскасць непасрэдна самім падборам таго, што канкрэтна яны асвятляюць у навінах.

icon-task

Правядзіце апытанне і абмяркуйце вынікі.

● Адкуль вы звычайна атрымліваеце навіны: мясцовыя, рэгіянальныя, агульнанацыянальныя, глабальныя?

● Якія радыё- і тэлепраграмы вы слухаеце і гледзіце́, якія часопісы і газеты чытаеце?

● Пералічыце тры галоўныя навіны бягучага тыдня. Пра што яны?

СМІ не проста адлюстроўваюць навакольную рэчаіснасць, аб’ектыўна фіксуючы падзеі, якія адбываюцца, а непасрэдна ці апасродкавана, у адкрытай ці прыхаванай форме ўплываюць на ўсе палітычныя працэсы. Найбольш актуальнымі для сучаснага этапу з’яўляюцца праблемы скажэння інфармацыі, інфармацыйныя войны паміж рознымі палітычнымі сіламі ўнутры краін і паміж дзяржавамі.

Палітыкі ўсё часцей выкарыстоўваюць СМІ, каб мабілізаваць грамадзян на тыя ці іншыя дзеянні, прапагандаваць свае палітычныя мэты, прыцягваць прыхільнікаў. Акрамя гэтых функцый, сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць працэс камунікацыі паміж палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі інстытутамі і грамадствам. Сучасныя СМІ — гэта асаблівы суб’ект палітыкі, вельмі актыўны і ўплывовы, з пэўнай пазіцыяй, сур’ёзным эканамічным патэнцыялам. Паколькі яны з’яўляюцца таксама інструментамі кантролю дзяржаўнай улады — заканадаўчай, выканаўчай і судовай, іх часам называюць «чацвёртай уладай». Такім чынам падкрэсліваецца той вялікі ўплыў, якім валодаюць СМІ ў грамадстве і дзяржаве.