§ 9. Прававая дзяржава і грамадзянскае грамадства

Грамадзянскае грамадства і яго асноўныя інстытуты. У кожнай краіне суіснуюць у непарыўным адзінстве дзяржава як апарат улады і грамадзянскае грамадства як сукупнасць людзей, якія маюць свае ўласныя мэты і інтарэсы.

Грамадзянскае грамадства — гэта асаблівая сфера грамадскіх адносін, сістэма самастойных і параўнаўча незалежных ад дзяржавы інстытутаў, грамадскіх інтарэсаў, адносін.

Грамадзянскае грамадства мае складаную структуру. Яно ўключае ў сябе не толькі інтарэсы грамадзян і адносіны паміж імі, але і шматлікія арганізацыі, закліканыя абараняць правы грамадзян і рэалізоўваць іх разнастайныя інтарэсы. Палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і рухі, прафесійныя і творчыя аб’яднанні, царква з’яўляюцца найважнейшымі інстытутамі грамадзянскага грамадства.

Без дзяржавы грамадзянскае грамадства існаваць не можа, а дзяржава без развітога грамадзянскага грамадства не здольна паспяхова развівацца па шляху дэмакратыі і захавання правоў і свабод чалавека.

icon-discussions
Чаму дзяржава павінна быць максімальна зацікаўлена ў наяўнасці развітога грамадзянскага грамадства, а грамадства — у існаванні прававой дзяржавы?