§ 8. Дэмакратыя

Віды выбарчых сістэм. Выбары рэгулююцца выбарчым правам. Выбарчае права — гэта сукупнасць юрыдычных норм, якія рэгулююць удзел грамадзян у выбарах прадстаўнічых органаў улады.

У вузкім сэнсе выбарчае права азначае права грамадзян абіраць і быць абранымі.

img
icon-task
Вывучыце інфаграфіку ўвядзення выбарчага права для жанчын. Дзе жанчыны атрымалі выбарчыя правы раней, дзе — пазней? Чым гэта можна растлумачыць?
icon-search
Высветліце, колькі жанчын у складзе дзеючага беларускага парламента. Даведайцеся, якое месца займае наша краіна па колькасці жанчын у парламенце.

Прынята вылучаць актыўнае і пасіўнае выбарчае права. Актыўнае выбарчае права — гэта права грамадзяніна выбіраць, браць асабісты ўдзел у выбарах. Пасіўнае выбарчае права — гэта права быць абраным у прадстаўнічыя органы ці на выбарную пасаду.

У аснову сучаснага выбарчага права закладзены прынцып усеагульных, свабодных, роўных, прамых і тайных выбараў. Гэта азначае, што ўсе паўналетнія грамадзяне дзяржавы, якія маюць права голасу па законе (электарат), незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, рэлігіі, месца жыхарства могуць выбіраць прадстаўнікоў у органы ўлады. Галасаванне ажыццяўляецца таемна, ніхто не можа кантраляваць працэс галасавання. Прынцып роўнасці азначае, што ўсе выбаршчыкі ўдзельнічаюць у выбарах на роўных падставах. Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць (хоць у некаторых краінах удзел у выбарах з’яўляецца абавязковым).

Усеагульнае выбарчае права мае пэўныя абмежаванні (выбарчы цэнз — устаноўленыя канстытуцыяй ці выбарчым законам умовы для ажыццяўлення грамадзянінам выбарчага права). Так, правы ўдзельнічаць у выбарах, абірацца прэзідэнтам ці дэпутатам парламента прадастаўляюцца па дасягненні пэўнага ўзросту. Ёсць і іншыя абмежаванні, якія ў кожнай краіне ўстанаўліваюцца заканадаўствам.

icon-discussions

Ці выключае абавязковае галасаванне правядзенне свабодных выбараў?

● У шэрагу краін дзейнічае абавязковае галасаванне — прынцып выбарчага права, згодна з якім удзел у выбарах разглядаецца як абавязак ці грамадская функцыя выбаршчыка. Абавязковым з’яўляецца толькі ўдзел у галасаванні — выбаршчык можа аддаць незапоўнены бюлетэнь.

● Парушэнне абавязку ўдзельнічаць у выбарах без паважлівай прычыны, як правіла, цягне прымяненне санкцый (штрафу, выключэння з выбарчых спісаў, абмежавання магчымасцей паступіць на дзяржаўную службу).

Як вы думаеце, у сувязі з чым была ўведзена такая норма?

Выбары таксама могуць быць прамымі і ўскоснымі. Прамыя выбары азначаюць, што грамадзяне самі абіраюць прадстаўнікоў у парламент ці іншы орган або самі галасуюць за прэзідэнта. Пры ўскосных выбарах грамадзяне абіраюць які-небудзь орган, які потым і завяршае выбары сваім галасаваннем. Напрыклад, у Рэспубліцы Беларусь праз ускосныя выбары фарміруецца адна з палат парламента — Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Яго члены абіраюцца дэпутатамі мясцовых саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска.

У кожнай краіне складваецца свая выбарчая сістэма. Выбарчая сістэма — гэта сукупнасць устаноўленых законам правіл, прынцыпаў і прыёмаў, з дапамогай якіх вызначаюцца вынікі галасавання ў прадстаўнічыя органы ўлады і на дзяржаўныя пасады. Асноўнымі тыпамі выбарчых сістэм з’яўляюцца: мажарытарная, прапарцыянальная, змешаная.

img
icon-task
Даведайцеся імёны палітыкаў, якія прадстаўляюць вашу выбарчую акругу ў парламенце, у мясцовым Савеце дэпутатаў.