§ 8. Дэмакратыя
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | § 8. Дэмакратыя |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 21 Декабрь 2024, 15:19 |
Паняцце дэмакратыі. Дэмакратыя (ад грэч. δῆμος — народ і κράτος — улада) літаральна азначае «народаўладдзе». У антычнасці дэмакратыю разглядалі як асаблівую разнавіднасць арганізацыі дзяржавы, у якой улада належыць не адной асобе ці групе асоб, а ўсім свабодным грамадзянам (у той час толькі мужчынам), якія карыстаюцца роўнымі правамі на ўдзел у кіраванні дзяржавай. Антычная дэмакратыя па сваёй форме была дэмакратыяй прамой, яна была заснавана на непасрэдным удзеле грамадзян у кіраванні грамадскім жыццём.
У сучасных умовах дэмакратыя набыла новыя формы, але пры гэтым яна захавала сваю галоўную сутнасць — народаўладдзе.
Пры дэмакратыі ўлада ажыццяўляецца народам або праз асабісты ўдзел (выбары, рэферэндумы), або праз сваіх прадстаўнікоў, абраных у органы дзяржаўнай улады.
Формы дэмакратыі. Прамая дэмакратыя азначае, што ўлада ажыццяўляецца самім народам без палітычных пасрэднікаў. Як? Праз выбары на аснове ўсеагульнага выбарчага права, удзел у абмеркаванні праектаў законаў, рэферэндумы, сходы грамадзян, шляхам звароту ў органы ўлады.
Артыкул 37. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна абраных прадстаўнікоў.
Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння, іншымі вызначанымі законам спосабамі.
У парадку, устаноўленым заканадаўствам, грамадзяне Рэспублікі Беларусь прымаюць удзел у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця на рэспубліканскіх і мясцовых сходах.
Прамая дэмакратыя не толькі захоўвае сваё значэнне ў сучасным свеце, але і ўмацоўвае свае пазіцыі дзякуючы электронным сэрвісам зваротнай сувязі.
Прадстаўнічая дэмакратыя заснавана на тым, што народ абірае сваіх прадстаўнікоў у органы ўлады і тым самым надзяляе іх правам прымаць рашэнні ад яго імя, інакш кажучы, дэлегуе ім пэўныя паўнамоцтвы. У сучасным грамадстве дадзеная форма дэмакратыі з’яўляецца найбольш распаўсюджанай.
Віды выбарчых сістэм. Выбары рэгулююцца выбарчым правам. Выбарчае права — гэта сукупнасць юрыдычных норм, якія рэгулююць удзел грамадзян у выбарах прадстаўнічых органаў улады.
У вузкім сэнсе выбарчае права азначае права грамадзян абіраць і быць абранымі.
Прынята вылучаць актыўнае і пасіўнае выбарчае права. Актыўнае выбарчае права — гэта права грамадзяніна выбіраць, браць асабісты ўдзел у выбарах. Пасіўнае выбарчае права — гэта права быць абраным у прадстаўнічыя органы ці на выбарную пасаду.
У аснову сучаснага выбарчага права закладзены прынцып усеагульных, свабодных, роўных, прамых і тайных выбараў. Гэта азначае, што ўсе паўналетнія грамадзяне дзяржавы, якія маюць права голасу па законе (электарат), незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, рэлігіі, месца жыхарства могуць выбіраць прадстаўнікоў у органы ўлады. Галасаванне ажыццяўляецца таемна, ніхто не можа кантраляваць працэс галасавання. Прынцып роўнасці азначае, што ўсе выбаршчыкі ўдзельнічаюць у выбарах на роўных падставах. Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць (хоць у некаторых краінах удзел у выбарах з’яўляецца абавязковым).
Усеагульнае выбарчае права мае пэўныя абмежаванні (выбарчы цэнз — устаноўленыя канстытуцыяй ці выбарчым законам умовы для ажыццяўлення грамадзянінам выбарчага права). Так, правы ўдзельнічаць у выбарах, абірацца прэзідэнтам ці дэпутатам парламента прадастаўляюцца па дасягненні пэўнага ўзросту. Ёсць і іншыя абмежаванні, якія ў кожнай краіне ўстанаўліваюцца заканадаўствам.
Ці выключае абавязковае галасаванне правядзенне свабодных выбараў?
● У шэрагу краін дзейнічае абавязковае галасаванне — прынцып выбарчага права, згодна з якім удзел у выбарах разглядаецца як абавязак ці грамадская функцыя выбаршчыка. Абавязковым з’яўляецца толькі ўдзел у галасаванні — выбаршчык можа аддаць незапоўнены бюлетэнь.
● Парушэнне абавязку ўдзельнічаць у выбарах без паважлівай прычыны, як правіла, цягне прымяненне санкцый (штрафу, выключэння з выбарчых спісаў, абмежавання магчымасцей паступіць на дзяржаўную службу).
Як вы думаеце, у сувязі з чым была ўведзена такая норма?
Выбары таксама могуць быць прамымі і ўскоснымі. Прамыя выбары азначаюць, што грамадзяне самі абіраюць прадстаўнікоў у парламент ці іншы орган або самі галасуюць за прэзідэнта. Пры ўскосных выбарах грамадзяне абіраюць які-небудзь орган, які потым і завяршае выбары сваім галасаваннем. Напрыклад, у Рэспубліцы Беларусь праз ускосныя выбары фарміруецца адна з палат парламента — Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Яго члены абіраюцца дэпутатамі мясцовых саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска.
У кожнай краіне складваецца свая выбарчая сістэма. Выбарчая сістэма — гэта сукупнасць устаноўленых законам правіл, прынцыпаў і прыёмаў, з дапамогай якіх вызначаюцца вынікі галасавання ў прадстаўнічыя органы ўлады і на дзяржаўныя пасады. Асноўнымі тыпамі выбарчых сістэм з’яўляюцца: мажарытарная, прапарцыянальная, змешаная.
Прынцыпы дэмакратыі. У наш час дэмакратыю разглядаюць як асаблівы тып палітычнай сістэмы (палітычнага рэжыму), у якой рэалізаваны наступныя асноўныя прынцыпы.
Асаблівае значэнне пры ажыццяўленні палітычных інтарэсаў мае раўнапраўе грамадзян, захаванне свабоды слова, думкі, сходаў і іншых палітычных правоў і свабод. Непарушным правілам з’яўляецца прынцып «дазволена ўсё, што не забаронена законам».
Дэмакратыя — гэта ўлада большасці, пры якой частцы грамадства, што засталася ў меншасці, гарантавана абарона ад ганенняў за несупадзенне поглядаў з меркаваннем большай часткі насельніцтва.
1. Што з’яўляецца самым важным элементам дэмакратыі? Патлумачце свой адказ.
2. Запоўніце табліцу «Прынцыпы дэмакратычных выбараў».
3. Ахарактарызуйце палітычны статус асобы ў залежнасці ад сацыяльнай ролі, якую яна выконвае (выбаршчык, дэпутат).
4. Некаторыя палітыкі лічаць, што ў дзяржаве павінны існаваць больш строгія нормы выбарчага цэнзу, і прапануюць увесці не толькі ўзроставы, але і маёмасны, адукацыйны, гендарны, расавы, службовы, моўны і цэнз аселасці. Якія з іх носяць дыскрымінацыйны характар і з’яўляюцца несумяшчальнымі з сучаснымі дэмакратычнымі прынцыпамі выбарчага права? Аргументуйце сваю думку.