§ 8. Дэмакратыя

Формы дэмакратыі. Прамая дэмакратыя азначае, што ўлада ажыццяўляецца самім народам без палітычных пасрэднікаў. Як? Праз выбары на аснове ўсеагульнага выбарчага права, удзел у абмеркаванні праектаў законаў, рэферэндумы, сходы грамадзян, шляхам звароту ў органы ўлады.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 37. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна абраных прадстаўнікоў.

Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння, іншымі вызначанымі законам спосабамі.

У парадку, устаноўленым заканадаўствам, грамадзяне Рэспублікі Беларусь прымаюць удзел у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця на рэспубліканскіх і мясцовых сходах.

icon-remember
Колькі рэспубліканскіх рэферэндумаў было праведзена ў Рэспубліцы Беларусь? Якія важныя пытанні выносіліся на галасаванне?

Прамая дэмакратыя не толькі захоўвае сваё значэнне ў сучасным свеце, але і ўмацоўвае свае пазіцыі дзякуючы электронным сэрвісам зваротнай сувязі.

icon-search
Зайдзіце на сайт e-gov.by. Азнаёмцеся з ідэямі электроннага ўрада для Беларусі. Даведайцеся, якім чынам адбываецца павышэнне ступені ўдзелу ўсіх грамадзян у працэсах кіравання краінай з дапамогай электронных сэрвісаў.

Прадстаўнічая дэмакратыя заснавана на тым, што народ абірае сваіх прадстаўнікоў у органы ўлады і тым самым надзяляе іх правам прымаць рашэнні ад яго імя, інакш кажучы, дэлегуе ім пэўныя паўнамоцтвы. У сучасным грамадстве дадзеная форма дэмакратыі з’яўляецца найбольш распаўсюджанай.

img
icon-discussions
Чаму парламент з’яўляецца галоўным элементам прадстаўнічай дэмакратыі? Як называецца парламент Рэспублікі Беларусь?