*§ 7-1. Дзяржава ў палітычнай сістэме
Палітычны рэжым. Палітычны рэжым адносіцца да палітычнай сістэмы грамадства і яе функцыянавання. Гэта спосаб функцыянавання і ўзаемасувязі асноўных элементаў палітычнай сістэмы грамадства. У залежнасці ад таго, як звязаны паміж сабой асноўныя элементы палітычнай сістэмы грамадства, яны фарміруюць той ці іншы тып палітычнага рэжыму. Характарыстыка палітычнага рэжыму ў любой асобна ўзятай краіне дае сапраўдную карціну прынцыпаў арганізацыі палітычнага жыцця грамадства. Менавіта палітычны рэжым дазваляе ўбачыць не толькі афіцыйныя, але і рэальныя механізмы здзяйснення ўлады.
У палітычнай навуцы існуе мноства падыходаў да вызначэння сутнасці кожнага з рэжымаў і, адпаведна, крытэрыяў іх вылучэння:
● стан асобы ў грамадстве, які вызначаецца рэальным аб’ёмам правоў і свабод грамадзян, наяўнасцю магчымасцей выказвання і рэалізацыі імі сваіх інтарэсаў і палітычных пераваг;
● ступень і характар уцягнутасці грамадзян у палітыку, якая вызначаецца наяўнасцю гарантаваных магчымасцей іх свабоднага волевыяўлення, добраахвотнага ўдзелу ў дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, аб’яднання ў палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і групы па інтарэсах;
● ступень развітасці палітычных інстытутаў, спосабаў іх фарміравання і функцыянавання, якая выражаецца наяўнасцю інстытутаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад, органаў мясцовага самакіравання, шматпартыйнасці, сеткі грамадскіх аб’яднанняў, характарам заканадаўства, якое рэгламентуе іх права, парадак фарміравання і функцыянавання;
● характар метадаў здзяйснення дзяржаўнай улады і дасягнення палітычных мэт, які выяўляецца праз тыя ці іншыя суадносіны мер пераканання і прымусу ў дзейнасці ўлад.
Палітычны рэжым | Характарыстыка |
Таталітарны рэжым (таталітарызм) (ад лац. totalis — увесь, цэлы, поўны) |
● Улада знаходзіцца ў руках адной кіруючай партыі, існуе адзіная ідэалогія, якая пранізвае ўсе сферы жыцця грамадства і носіць абавязковы для ўсіх характар; ● здзяйсняецца абсалютны кантроль над усімі сферамі дзейнасці грамадства |
Аўтарытарны рэжым (аўтарытарызм) (ад лац. аutоritas — улада, уплыў) |
● Улада сканцэнтравана ў руках аднаасобнага кіраўніка ці кіруючай групоўкі і зніжае ролю іншых, перш за ўсё прадстаўнічых, інстытутаў; ● забяспечваецца поўны кантроль за палітычнай сферай жыцця грамадства, аднак захоўваецца пэўная аўтаномія асобы ў непалітычных сферах |
Дэмакратычны рэжым (дэмакратыя) (ад грэч. δῆμος — народ і κράτος — улада) |
● Народ надзелены вышэйшай уладай і здзяйсняе яе або непасрэдна, або праз сваіх прадстаўнікоў пры свабоднай выбарчай сістэме |
Вызначце, якім тыпам палітычных рэжымаў адпавядаюць дадзеныя сцвярджэнні. Абгрунтуйце свой пункт гледжання.
● Забаронена ўсё, акрамя таго, што загадана.
● Дазволена ўсё, акрамя палітыкі.
● Дазволена ўсё, што не забаронена законам.