*§ 7-1. Дзяржава ў палітычнай сістэме

Форма дзяржавы. Для вызначэння сутнасці дзяржавы вялікае значэнне мае такое паняцце, як форма дзяржавы. Форма дзяржавы вызначаецца як адзінства форм праўлення, дзяржаўнага ладу і палітычнага рэжыму. Пытанні пра тое, як павінна быць уладкавана ідэальная дзяржава, хвалявалі філосафаў яшчэ ў глыбокай старажытнасці.

icon-persona

Платон, аўтар твора «Дзяржава», лічыў, што ідэальная дзяржава — гэта справядлівае праўленне лепшых і высакародных. Ён распрацаваў дзве мадэлі ідэальнай дзяржавы. Згодна з першай, усе свабодныя грамадзяне падзяляюцца на тры саслоўі: філосафы (правіцелі), воіны (абаронцы дзяржавы) і работнікі вытворчай працы (земляробы, рамеснікі, купцы). На чале дзяржавы стаяць філосафы — мудрацы. Яны выконваюць гэтую місію, бо ім уласцівы мудрасць і дабрачыннасць. Правіцелі здзяйсняюць сваю дзейнасць без выдання законаў. Платон выступаў за дзяржаўную ўласнасць. Ён лічыў, што прыватная ўласнасць і сям’я спараджаюць эгаізм і шкодзяць агульнай справе. Таму філосафаў і воінаў ён пазбаўляў права на маёмасць. А каб філосафаў і воінаў не апаноўвалі страсці, звязаныя з сям’ёй, Платон лічыў, што жонкі для іх павінны быць агульныя. Наяўнасць сям’і і прыватнай уласнасці дапускалася толькі для ніжэйшага саслоўя.

Згодна з другой мадэллю, у ідэальнай дзяржаве ўлада здзяйснялася толькі на падставе закону, які жорстка рэгламентуе публічнае і асабістае жыццё людзей ад нараджэння да смерці. Правіцель у пэўных выпадках можа з’яўляцца суддзёй. Суд павінен быць актыўны. За спробу ўнясення змен у дзяржаўны лад прадугледжвалася смяротнае пакаранне. У гэтай ідэальнай дзяржаве адсутнічае агульная ўласнасць, а мае месца прыватная ўласнасць, якая абмяжоўваецца пэўнымі памерамі.

На думку Платона, існуюць няправільныя і правільныя формы праўлення. Да няправільных адносяцца: тымакратыя (улада адважных і славалюбівых), алігархія (улада багатых), дэмакратыя (улада народа), тыранія (улада беззаконня, усёдазволенасці і насілля), а да правільных — манархія (улада аднаго правіцеля) і арыстакратыя (улада мудрых і дасведчаных). Правільныя формы праўлення павінны грунтавацца на справядлівых законах.

На думку Платона, мэта дзяржавы заключаецца ў забеспячэнні справядлівага агульнага жыцця, прычым кожны павінен рабіць сваю справу. Дзяржава павінна выказваць інтарэсы ўсяго грамадства, а не якой-небудзь грамадскай групы. Адсутнасць адзінства, разлад і супярэчнасці ў дзяржаве вядуць да яе распаду. Адзінства дзяржавы магчыма, калі адсутнічаюць рознагалоссі сярод кіруючай эліты, закон адзіны для ўсіх грамадзян і няма падзелу грамадства на багатых і бедных.

icon-persona

Арыстоцель, вучань Платона, выклаў свае погляды ў працы «Палітыка», дзе разглядаў дзяржаву як вынік натуральнага развіцця чалавека (сям’і, паселішча). Для чалавека дзяржава з’яўляецца найвялікшай карысцю. На яго думку, грамадзянінам з’яўляецца не той, хто жыве ў тым ці іншым месцы, а той, хто валодае наборам грамадзянскіх правоў і мае паўнамоцтвы ў дзяржаўных справах. Галоўная рыса грамадзяніна — дабрачыннасць, якая праяўляецца ва ўменні выконваць свой грамадзянскі абавязак і ў здольнасці падпарадкоўвацца ўладам і законам. У залежнасці ад мэты, якую ставяць правіцелі, Арыстоцель вылучае правільныя (агульныя даброты) і няправільныя (карысныя мэты) формы дзяржаўнага ладу. Да правільных форм адносяцца манархія, арыстакратыя, палітыя, а да няправільных — тыранія, алігархія і дэмакратыя. Ён быў праціўнікам алігархаў, якія імкнуліся ўзурпіраваць уладу і грошы. Палітыя, на думку Арыстоцеля, спалучае лепшыя рысы аліграхіі і дэмакратыі, але свабодная ад іх недахопаў і крайнасцей. Умеранасць прысутнічае ў норавах, маёмасці, панаванні. Палітыя спалучае інтарэсы ўсіх пластоў грамадзян. Асноўную прычыну абурэнняў і пераваротаў у дзяржаве Арыстоцель бачыў у адсутнасці належнай роўнасці. Крыніцай сацыяльнай стабільнасці лічыў людзей сярэднага дастатку (чым іх больш, тым лепш для дзяржавы), палітычную стабільнасць у ідэальнай дзяржаве павінны забяспечваць правільныя законы. Філосаф адзначаў, што дзяржава існуе не дзеля таго, каб жыць, а дзеля таго, каб жыць шчасліва. Мэта палітыкі — справядлівы агульны дабрабыт.

icon-task
Для правядзення дэбатаў па пытанні «Чалавек для дзяржавы ці дзяржава для чалавека?» прадстаўце ідэі старажытнагрэчаскіх філосафаў аб дзяржаве ў форме батла. Запішыце пытанні для батла.

Тыпы дзяржаў вызначаюцца на падставе гістарычнага крытэрыю, згодна з якім характар дзяржавы залежыць ад асаблівасцей сацыяльна-палітычных адносін у тую ці іншую гістарычную эпоху. Паводле такога крытэрыю вылучаюцца дзяржавы раннякласавыя, рабаўладальніцкія, феадальныя, буржуазныя. Паводле гэтага крытэрыю вылучаліся таксама і сацыялістычныя дзяржавы.