§ 6. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці

Паняцце палітыкі. Кожны чалавек так ці інакш сутыкаецца са светам палітыкі: калі працуе, вучыцца ў школе ці ўніверсітэце, галасуе на выбарах, прыходзіць у дзяржаўную ўстанову або звяртаецца ў грамадскую арганізацыю. Аднак на пытанне «Што ж такое палітыка?» людзі, як правіла, адказваюць па-рознаму.

icon-persona
Паняцце «палітыка» было ўведзена старажытнагрэчаскім філосафам Арыстоцелем (IV ст. да н. э.). Менавіта ад Арыстоцеля бярэ свой пачатак традыцыя вызначаць палітыку як дзяржаўныя ці грамадскія справы.

Арыстоцель лічыў, што сучаснае жыццё людзей развіваецца ад сям’і да абшчыны, а ад абшчыны да дзяржавы (у Старажытнай Грэцыі дзяржавы называліся полісамі). Дзяржава становіцца формай сумеснага жыцця людзей. Таму галоўная задача палітыкі ў тым, каб знайсці лепшыя спосабы кіравання дзяржавай.

У канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. пачала складвацца асаблівая навука паліталогія (у перакладзе з грэч. πολιτικός — грамадскія справы і λόγος — слова, вучэнне). Дадзеная навука вылучыла веды пра палітыку ў асобны прадмет, стала глыбока вывучаць палітыку як асаблівую сферу дзейнасці ў грамадстве.

Палітыка — гэта сфера грамадскіх стасункаў і дзейнасць, накіраваная на заваяванне дзяржаўнай улады і яе рэальнае ажыццяўленне. Яна ўключае ў сябе барацьбу за ўладу паміж рознымі сацыяльнымі групамі, якія маюць уласныя мэты і інтарэсы, а таксама дзейнасць па арганізацыі і змене ўладных адносін у грамадстве і дзяржаве.

У агульным сэнсе ўладу можна вызначыць як здольнасць і магчымасць аднаго чалавека або групы асоб ажыццяўляць сваю волю, аказваць вызначальнае ўздзеянне на паводзіны і дзейнасць людзей.

Улада як грамадскія адносіны мае пэўныя агульныя прыметы: усеагульнасць, інакш кажучы, прысутнасць ва ўсіх сферах грамадскага жыцця; здольнасць пранікаць ва ўсе віды дзейнасці, грамадскія групы, аб’ядноўваючы ці раз’ядноўваючы людзей. Адносіны ўлады ёсць і ў сям’і, і ў працоўным калектыве, і ў дзяржаве.

Найважнейшай прыметай ўлады з’яўляецца падпарадкаванне. Без падпарадкавання няма ўлады.

Улада абавязкова мае сваіх носьбітаў. Іх называюць суб’ектамі ўлады. Суб’екты ўлады — гэта носьбіты ўлады, тыя, хто рэалізуе ўладныя адносіны, ад іх зыходзяць уплыў, уздзеянне, распараджэнні, указанні, загады. Носьбіты ўлады заўсёды імкнуцца падпарадкаваць сваёй волі аб’ект (таго, на каго накіравана іх уладнае ўздзеянне). Яны дабіваюцца падпарадкавання з дапамогай разнастайных сродкаў — пераканання, аўтарытэту, прымусу.

icon-discussions

● Хто з’яўляецца суб’ектам, а хто — аб’ектам улады ў сям’і, працоўным калектыве, дзяржаве?

● Чым адрозніваюцца адносіны ўлады ў сям’і, працоўным калектыве, дзяржаве? Якія сродкі ўплыву найбольш эфектыўныя ў кожным выпадку?

● Якую ўладу можна лічыць найвышэйшай формай палітычнай улады? Чаму?

Палітычная ўлада — гэта здольнасць праводзіць сваю волю ў грамадскім жыцці з апорай на сістэму ўстаноў, арганізацый, законаў. Дзяржаўная ўлада непарыўна звязана з прававымі нормамі, для яе рэалізацыі ствараюцца шматлікія органы, у тым ліку па прымусе да выканання прававых прадпісанняў.

Адной з найважнейшых функцый улады з’яўляецца кіраванне. Кіраванне — гэта дзейнасць, накіраваная на арганізацыю і ўпарадкаванне грамадскага жыцця, а таксама дасягненне пастаўленых мэт грамадскага развіцця. Для ажыццяўлення кіраўнічай дзейнасці суб’ектам улады неабходны пэўныя рэсурсы: эканамічныя, сілавыя, культурна-інфармацыйныя і інш.

icon-persona
Нямецкі вучоны Макс Вебер лічыў, што палітыка — гэта «імкненне да ўдзелу ва ўладзе або аказання ўплыву на размеркаванне ўлады ці паміж дзяржавамі, ці ўнутры дзяржавы паміж групамі людзей… Хто займаецца палітыкай, той імкнецца да ўлады».

У сучасным грамадстве паняцце «палітыка» выкарыстоўваецца ў некалькіх асноўных значэннях.

img
icon-discussions
У якім значэнні гавораць аб знешняй і ўнутранай палітыцы? Чым адрозніваецца дзейнасць палітыка ад дзейнасці палітолага?