§ 6. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | § 6. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 06:40 |
Паняцце палітыкі. Кожны чалавек так ці інакш сутыкаецца са светам палітыкі: калі працуе, вучыцца ў школе ці ўніверсітэце, галасуе на выбарах, прыходзіць у дзяржаўную ўстанову або звяртаецца ў грамадскую арганізацыю. Аднак на пытанне «Што ж такое палітыка?» людзі, як правіла, адказваюць па-рознаму.
Арыстоцель лічыў, што сучаснае жыццё людзей развіваецца ад сям’і да абшчыны, а ад абшчыны да дзяржавы (у Старажытнай Грэцыі дзяржавы называліся полісамі). Дзяржава становіцца формай сумеснага жыцця людзей. Таму галоўная задача палітыкі ў тым, каб знайсці лепшыя спосабы кіравання дзяржавай.
У канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. пачала складвацца асаблівая навука паліталогія (у перакладзе з грэч. πολιτικός — грамадскія справы і λόγος — слова, вучэнне). Дадзеная навука вылучыла веды пра палітыку ў асобны прадмет, стала глыбока вывучаць палітыку як асаблівую сферу дзейнасці ў грамадстве.
Палітыка — гэта сфера грамадскіх стасункаў і дзейнасць, накіраваная на заваяванне дзяржаўнай улады і яе рэальнае ажыццяўленне. Яна ўключае ў сябе барацьбу за ўладу паміж рознымі сацыяльнымі групамі, якія маюць уласныя мэты і інтарэсы, а таксама дзейнасць па арганізацыі і змене ўладных адносін у грамадстве і дзяржаве.
У агульным сэнсе ўладу можна вызначыць як здольнасць і магчымасць аднаго чалавека або групы асоб ажыццяўляць сваю волю, аказваць вызначальнае ўздзеянне на паводзіны і дзейнасць людзей.
Улада як грамадскія адносіны мае пэўныя агульныя прыметы: усеагульнасць, інакш кажучы, прысутнасць ва ўсіх сферах грамадскага жыцця; здольнасць пранікаць ва ўсе віды дзейнасці, грамадскія групы, аб’ядноўваючы ці раз’ядноўваючы людзей. Адносіны ўлады ёсць і ў сям’і, і ў працоўным калектыве, і ў дзяржаве.
Найважнейшай прыметай ўлады з’яўляецца падпарадкаванне. Без падпарадкавання няма ўлады.
Улада абавязкова мае сваіх носьбітаў. Іх называюць суб’ектамі ўлады. Суб’екты ўлады — гэта носьбіты ўлады, тыя, хто рэалізуе ўладныя адносіны, ад іх зыходзяць уплыў, уздзеянне, распараджэнні, указанні, загады. Носьбіты ўлады заўсёды імкнуцца падпарадкаваць сваёй волі аб’ект (таго, на каго накіравана іх уладнае ўздзеянне). Яны дабіваюцца падпарадкавання з дапамогай разнастайных сродкаў — пераканання, аўтарытэту, прымусу.
● Хто з’яўляецца суб’ектам, а хто — аб’ектам улады ў сям’і, працоўным калектыве, дзяржаве?
● Чым адрозніваюцца адносіны ўлады ў сям’і, працоўным калектыве, дзяржаве? Якія сродкі ўплыву найбольш эфектыўныя ў кожным выпадку?
● Якую ўладу можна лічыць найвышэйшай формай палітычнай улады? Чаму?
Палітычная ўлада — гэта здольнасць праводзіць сваю волю ў грамадскім жыцці з апорай на сістэму ўстаноў, арганізацый, законаў. Дзяржаўная ўлада непарыўна звязана з прававымі нормамі, для яе рэалізацыі ствараюцца шматлікія органы, у тым ліку па прымусе да выканання прававых прадпісанняў.
Адной з найважнейшых функцый улады з’яўляецца кіраванне. Кіраванне — гэта дзейнасць, накіраваная на арганізацыю і ўпарадкаванне грамадскага жыцця, а таксама дасягненне пастаўленых мэт грамадскага развіцця. Для ажыццяўлення кіраўнічай дзейнасці суб’ектам улады неабходны пэўныя рэсурсы: эканамічныя, сілавыя, культурна-інфармацыйныя і інш.
У сучасным грамадстве паняцце «палітыка» выкарыстоўваецца ў некалькіх асноўных значэннях.
Палітычныя эліты і лідары. Да суб’ектаў палітычнай улады адносяцца эліты і лідары. Палітычная эліта (у перакладзе з франц. élite — лепшы, адборны) — гэта група, якая валодае рэальнай палітычнай уладай, магчымасцю ўздзейнічаць на грамадства.
Ад дзейнасці і палітычных паводзінаў эліты ў значнай ступені залежаць напрамак і ход сацыяльнага развіцця, функцыянаванне грамадства і дзяржавы. Палітычная эліта вылучаецца згуртаванасцю, агульнай воляй да дзеяння, у яе ёсць кіраўнічы вопыт, гэта найбольш творчая і прадуктыўная частка грамадства, якая валодае выразнымі здольнасцямі да кіравання.
У паліталогіі існуюць розныя варыянты класіфікацыі эліт. Вылучаюць палітычную эліту, эканамічную і ваенную, дыпламатычную, навуковую, творчую, эліту маральнага аўтарытэту (святары, філосафы, настаўнікі).
У сусветна вядомым часопісе аб развіцці масавай культуры Vanity Fair штогод публікуюцца рэйтынгі «новай эліты», якая ўплывае на чалавецтва праз палітыку, культуру, модныя трэнды і тэхналогіі. Апошнім часам выразна праяўляецца наступная тэндэнцыя: у рэйтынгу з кожным годам усё менш людзей, якія прафесійна займаюцца палітычнай дзейнасцю.
У склад палітычнай эліты ўваходзяць палітычныя лідары. Палітычны лідар (ад англ. leader — вядучы) — гэта асоба, якая аказвае пастаянны і дамінуючы ўплыў на ўсё грамадства ці на арганізацыю пры прыняцці рашэнняў і вядзе за сабой паслядоўнікаў. У лідарстве выразна праяўляецца здольнасць асобы, якая валодае ўладай, уплываць і нават змяняць сацыяльныя паводзіны іншых людзей, сацыяльных слаёў ці ўсяго грамадства, калі гаворка ідзе пра агульнанацыянальнага лідара.
Ад таго, як узаемадзейнічаюць суб’екты палітычнай улады, якія прынцыпы і характар іх узаемаадносін, у грамадстве складваецца тая ці іншая палітычная сістэма.
Палітычная сістэма і яе функцыі. Палітычная сістэма грамадства — гэта сукупнасць палітычных інстытутаў і арганізацый, распаўсюджаных у грамадстве ідэй, поглядаў, каштоўнасцей, а таксама палітычных і прававых норм і спосабаў узаемадзеяння паміж інстытутамі ўлады і грамадствам. Палітычная сістэма грамадства выконвае шэраг важных функцый, якія вельмі цесна звязаны паміж сабой.
Ад таго, як узаемадзейнічаюць суб’екты палітычнай улады, якія прынцыпы і характар іх узаемаадносін, у грамадстве складваецца тая ці іншая палітычная сістэма.
Узаемадзеянне элементаў палітычнай сістэмы паказвае, як ажыццяўляецца ўлада, які характар палітычных адносін, указвае на многія палітычныя характарыстыкі дадзенай дзяржавы, напрыклад стабільнасць, аўтарытэт улады, наяўнасць або адсутнасць пратэстных груп, дэмакратычнасць.
Месца чалавека ў сістэме палітычных адносін вызначае палітычны статус асобы. Ён азначае рэальную здольнасць і магчымасць чалавека праяўляць сябе ў сферы палітыкі, выбіраць і быць абраным ва ўладныя структуры, удзельнічаць у абмеркаванні і вырашэнні грамадскіх праблем.
Палітычны статус асобы праяўляецца ў разнастайнасці яе палітычных роляў: выбаршчыка, дэпутата, члена партыі і грамадскай арганізацыі, лідара, прафесійнага палітыка і да т. п. Палітычная роля — гэта індывідуальныя паводзіны чалавека ў сферы палітыкі згодна са сваім статусам. У рэальным жыцці не ўсе людзі ўдзельнічаюць у палітыцы, не ўсе становяцца прафесійнымі палітыкамі. Тым не менш для развіцця грамадства важна, каб грамадзяне ўдзельнічалі ў вырашэнні наспелых праблем, у выбарах. З дапамогай выбараў забяспечваецца ўдзел грамадзян у фарміраванні прадстаўнічых органаў дзяржавы.
1. Што такое палітыка? Чым адрозніваецца палітычная ўлада ад эканамічнай, ідэалагічнай і рэлігійнай?
2. Назавіце суб’ектаў палітычнага жыцця і ахарактарызуйце магчымасці ўплыву на палітыку кожнага з іх. Кім з’яўляюцца грамадзяне краіны, калі яны галасуюць на рэферэндуме, ці на выбарах у парламент, ці на выбарах прэзідэнта, — суб’ектамі ці аб’ектамі ўлады?
3. Ахарактарызуйце тып палітычнага лідарства наступных гістарычных асоб: Гедзімін, Іосіф Сталін, Эрнэста Чэ Гевара, Лізавета II, Пётр Машэраў, Марцін Лютэр Кінг. Абгрунтуйце сваю думку.