§ 4. Сацыяльная камунікацыя
Масавая камунікацыя. Вучоныя лічаць, што вынаходства і распаўсюджванне пісьменнасці, кнігадрукавання, электронных прылад змянялі не толькі спосабы апрацоўкі і перадачы інфармацыі, але і сістэму каштоўнасцей, уклад жыцця людзей.

Сродкі масавай камунікацыі інакш называюць медыя (ад лац. media — сродкі, пасрэднікі).

Масавая камунікацыя адыгрывае значную ролю ў сучасным грамадстве, што звязана з яе ўплывам на фарміраванне грамадскай думкі. Пры гэтым для яе характэрны шэраг асаблівасцей камунікатара і аўдыторыі. Камунікатар у дадзеным выпадку набывае «калектыўны» характар, паколькі яго ролю выконвае не асобны індывід, а пэўная сацыяльная група. У падрыхтоўцы паведамленняў бярэ ўдзел мноства спецыялістаў (ад грымёра да эксперта ў галіне грамадскай думкі). У выніку «чалавек у кадры» часцей за ўсё толькі транслюе матэрыял, загадзя падрыхтаваны іншымі людзьмі.


Прачытайце (паглядзіце, паслухайце) навіну аб адной і той жа падзеі на розных каналах (радыё, тэлебачанне, друк, інтэрнэт-выданні, сацыяльныя сеткі). Параўнайце, чым адрозніваецца падача навін на розных каналах. Якія загалоўкі выкарыстоўваюцца? Які сэнс надаецца паведамленню? Запоўніце табліцу з пытаннямі, на якія адказвае навіна.
У рамках масавай камунікацыі роля мэтавай аўдыторыі даволі пасіўная. Атрымальнік інфармацыі разглядаецца яе стваральнікамі як аб’ект уздзеяння. Для таго каб не стаць ахвярай падману і маніпуляцый, неабходна крытычна адносіцца да інфармацыі ў медыя, умець аддзяляць факты ад думак і ацэнак, выяўляць фэйкі.