§ 4. Сацыяльная камунікацыя
Віды сацыяльнай камунікацыі. У навуковай літаратуры вылучаецца мноства падыходаў да класіфікацыі сацыяльнай камунікацыі, што адлюстроўвае шматаспектнасць дадзенага працэсу.
Да якіх відаў належыць прадстаўленая на фотаздымку камунікацыя?
Сфармулюйце аргументы на карысць сцвярджэння, што сучасныя сродкі сувязі ў значнай ступені сціраюць межы паміж непасрэднай і апасродкаванай камунікацыяй.
У залежнасці ад характарыстыкі суб’ектаў, як правіла, вылучаюць міжасобасную, міжгрупавую і масавую камунікацыю. Міжасобасная камунікацыя рэалізуецца паміж двума або некалькімі індывідамі. У межах міжгрупавой камунікацыі патокі інфармацыі цыркулююць паміж дзвюма або некалькімі сацыяльнымі групамі ці арганізацыямі з мэтай ажыццяўлення сумеснай дзейнасці альбо супрацьдзеяння адзін аднаму. Вялікае значэнне сёння мае масавая камунікацыя — працэс распаўсюджвання інфармацыі з дапамогай тэхнічных сродкаў на вялікія і разгрупаваныя аўдыторыі.