§ 4. Сацыяльная камунікацыя

Структура сацыяльнай камунікацыі.

icon-persona
Адным з першых, хто заняўся пытаннем даследавання сацыяльнай камунікацыі, быў амерыканскі палітолаг Гаральд Ласуэл. У 1940-я гг. вучоны прадставіў мадэль камунікацыі.

У найбольш простым выглядзе ў любой сацыяльнай камунікацыі можна вылучыць пяць універсальных элементаў. Для гэтага неабходна адказаць на пяць пытанняў:

img

Можна сказаць, што пяць пералічаных элементаў характарызуюць знешні бок сацыяльнай камунікацыі. Напрыклад, можна разгледзець камунікацыю на школьным уроку, на якім тлумачыцца новая тэма. У якасці камунікатара будзе выступаць настаўнік, а ў якасці аўдыторыі — вучні. Камунікатар перадае аўдыторыі паведамленне, інакш кажучы, змест новай тэмы. Перадача паведамлення ажыццяўляецца ў вуснай форме пры непасрэдным візуальным кантакце. Эфектыўнасць камунікацыі ў дадзеным выпадку можа вызначацца з дапамогай невялікага вуснага апытання аўдыторыі ці практычных заданняў па новай тэме.

Разам з тым пры аналізе сацыяльнай камунікацыі неабходна ўлічваць і ўнутраныя складнікі дадзенага працэсу, да якіх належаць матывацыя ўдзельнікаў камунікацыі, выкарыстанне ўсімі ўдзельнікамі працэсу адных і тых жа знакавых сістэм, разуменне кантэксту сацыяльнай камунікацыі. Адно і тое ж паведамленне можа мець рознае значэнне ў залежнасці ад кантэксту камунікацыі.

icon-task
Растлумачце з дапамогай схемы мадэлі камунікацыі, ці можа быць розным сэнс аднаго і таго ж паведамлення ў залежнасці ад яго адрасата (аўдыторыі). Напрыклад, параўнайце паведамленне «Немаўляты паспяхова нарадзіліся» — як SMS бабулі нованароджаных ад іх бацькі, як публікацыя ў прэсе аб нараджэнні блізнятак у сям’і знакамітасцей, як зашыфраванае паведамленне па сакрэтным урадавым канале.