*§ 2-1. Сацыяльная структура грамадства
Сацыяльны клас.
У сучаснай сацыялогіі часта гавораць пра класы ў самым агульным сэнсе як пра сукупнасць людзей, якія маюць падобнае грамадскае становішча і жыццёвыя перспектывы на аснове іх даходаў, уплыву, адукацыі і прэстыжу.
Сёння наш сярэдні клас – гэта малыя і сярэднія прадпрымальнікі, спецыялісты, настаўнікі, урачы, інжынеры, аграномы, дробныя фермеры, афіцэры сярэдняга звяна. Гэта радавыя спартсмены, сакратары, рэферэнты, агенты па рэкламе. Інакш кажучы, не вельмі багатыя, але і не вельмі бедныя. Наогул, прыналежнасць да сярэдняга класа – гэта шматкрытэрыяльны сацыяльны феномен. Сярэдні клас – гэта яшчэ і носьбіты традыцый і звычаяў краіны (напрыклад, Радаўніца), ладу жыцця, сярэдніх каштоўнасцей, асабістай і спажывецкай свабоды.
Але важна разумець, што прыналежнасць да сярэдняга класа і адчуванне сябе гэтым класам – розныя рэчы. Сёння з пункту гледжання прыналежнасці да гэтага класа колькасць людзей, якія атаясамляюць сябе з сярэднім класам (50,5—55 %), большая, чым колькасць тых, хто адносіць сябе да сярэдняга класа па ўзроўні даходаў (50,2 %). У нашай краіне доля сярэдняга класа ўдвая меншая, чым у ЗША і развітых краінах Заходняй Еўропы. Аднак зніжэння гэтай долі, характэрнага для мноства краін, у Беларусі няма. У першую чаргу, таму што няма рэзкага расслаення па даходах. Напрыклад, у Расіі найбольш забяспечаныя маюць даходы ў 16 разоў вышэйшыя, чым найменш забяспечаныя, у нашай краіне – у 4,1 раза. Таму стабільнасць існавання сярэдняга класа ў нас не змяняецца, ён нават патроху пашыраецца: за кошт росту заробку, узроўню асабістых і сямейных даходаў.