* Паэма «Сымон-музыка»
Характарыстыка вобразнай сістэмы
Паэма пачынаецца са своеасаблівай прадмовы — звароту да чытачоў — і мае пяць частак. Галоўны герой твора — Сымон. Гэта сялянскі сын, незвычайна адораны ад прыроды музы́ка, які адчувае свет не так, як іншыя. З самага маленства хлопца суправаджала адзінота, нават сям’я лічыла яго дзіваком. Талент Сымона заўважыў дзед Курыла, пастух, з якім працаваў хлопец, і перадаў свайму «вучню» скрыпку. Праз гэта падкрэслены народныя вытокі творчасці галоўнага героя.
Пасля смерці дзеда Курылы і канфлікту са сваім бацькам Сымон сыходзіць з дому. Ён вандруе з жабраком, потым працуе ў карчмара Шлёмы, а затым служыць у замку. Жабрацкае жыццё засмучае музы́ку сваёй асацыяльнасцю, ашуканствам. Праца ў карчме не дае развівацца таленту мастака, а схіляе дбаць толькі пра самыя звычайныя патрэбы. У княжацкім палацы Сымон хоча вучыцца, але гэту магчымасць яму так і не даюць і тым прыніжаюць яго. У паэме перад чытачом паўстаюць адмысловыя колы пакут, у якія трапляе галоўны герой.
Сымон сутыкаецца на сваім шляху і з іншымі персанажамі: бацькі Ганны, Яхім, Галыга, дзед Даніла і інш. Кожны з гэтых герояў паказвае сваё бачанне свету, адлюстроўвае адпаведную мадэль каштоўнасцей, увасабляе алегарычны сэнс.
Прафесар Іван Замоцін бачыў паралелі паміж паэмай Якуба Коласа «Сымон-музыка» і апавяданнямі Максіма Багдановіча «Сон-трава», «Музыка». Пазней беларускі даследчык Міхась Тычына праводзіў паралелі паміж творчасцю Якуба Коласа і Аляксандра Пушкіна і сцвярджаў, што трагедыя Сымона, як і кожнага таленту, у разладзе паміж марай і явай. Герой асуджаны тварыць у чужым для яго духоўных парываў асяроддзі, блукаць, як той свавольны прамень з прытчы, паміж небам і зямлёй. |
Важным у творы з’яўляецца вобраз Ганны. Дзяўчына ўвасабляе Беларусь, якую абуджае маладое мастацтва ў вобразе Сымона. Адметна, што ў першым варыянце паэмы галоўны герой засынаў доўгім сном, а ў трэцім ён выратоўвае Ганну дзякуючы свайму таленту — і маладыя людзі смела крочаць у будучыню. Вось як Сымон звяртаецца да каханай:
Я чую твой голас у шолаху зёлак,
Я чую твой голас у спевах бясконцых
Травы прыбярэжнай, дзе мыецца золак,
І усмех твой ясны адсвечвае сонцам.
У творы гаворыцца і пра сілу мастацтва, ролю мастака ў гісторыі. Музыка ўздзейнічае не толькі на людзей, але і на прыроду, якая адгукаецца на майстэрства творцы:
Льюцца гукі ў леснай цішы
Срэбраплынным ручайком;
Лес замёр, стаіць, не дыша,
Не варушачы лістком;
Прыпынілі спевы птушкі –
Скрыпцы ім не ўзяць у тон;
Толькі пчолкі, чмель і мушкі
Далучаюць сюды звон.
Навукоўцы гавораць. «…гэтая паэма ёсць музыка і, апрача зместу, зварочвае на сябе ўвагу яе знадворная музычнасць, музычнасць яе формы, стылю. Колас знайшоў адпаведную вопратку дзеля музычнага цела, адпаведнае цела дзеля музычнай душы…» (Музыказнавец Юльян Дрэйзін). |
У прыведзеных ніжэй радках Якуб Колас разважаў аб трагічным лёсе беларускіх талентаў:
Эх, чаго нам ні прыйшлося,
Брацце мілыя, ужыць!
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім,
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвістам пустым!
Пра вытокі мастацкага таленту Колас пісаў ва ўступе да паэмы так:
Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў,
Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,
Ад шолаху начэй,
Ад тысячы ніцей,
З якіх аснована і выткана жыццё
I злучана быццё і небыццё, —
Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,
І выхаду шукаў
Адбітак родных з’яў
У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.