Паэзія Максіма Багдановіча
Верш «Летапісец»
Яшчэ адзін вобраз манаха-перапісчыка паўстае ў вершы «Летапісец» (1912). Гэты твор, які адкрывае цыкл «Старая Беларусь» у зборніку «Вянок», напісаны пад уражаннем наведвання Радзімы ў 1911 годзе. Верш уяўляе сабой маналог чалавека, які на працягу ўжо двух гадоў не толькі капіруе летапіс «з даўнейшых граматак пра долю Магілёва», але і дадае тое, што бачыў:
...Так рупная пчала
Умее ў соты мёд зыбраць і з горкіх кветак,
І бачанаму мной — я годны веры сведак.
Хай тыя ведаюць, што з’явяцца па нас,
Ўсю праўду пра жыццё у наш і пройшлы час.
Гэта робіцца, каб зафіксаваць для нашчадкаў найбольш важныя факты, «што думалі, чаго жадалі мы тады, // За што змагаліся, як баранілі веру». У гэтым выпадку можна правесці паралелі паміж аўтарам і яго лірычным героем. Максім Багдановіч быў у нейкай ступені летапісцам сваёй эпохі і свайго краю: карпатліва фіксаваў гісторыю, імкнучыся захаваць для будучага не толькі падзеі, але і тыя пачуцці, якія перажываў сам і якія ахоплівалі яго сучаснікаў. Менавіта праз гэтыя нябачныя ніці чалавек мусіць адчуваць еднасць пакаленняў, сваю сувязь з мінулым.
Асноўны ў вершы матыў гістарычнай памяці, які выразна выявіўся ў жаданнях лірычнага героя («Хай зведаюць усё патомкі праз паперу!») і яго перакананнях («І людзі зведаюць аб прадзедах сваіх, // Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх...»). Максім Багдановіч сцвярджаў, што любыя змены ў будучым, адраджэнне немагчымы без ведання мінулага: «Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!»
Александрыйскі верш — |
«Летапісец» напісаны александрыйскім вершам з мэтай стылізацыі пад старажытны дакумент і стварэння ў чытача эфекту прысутнасці. Атмасфера Сярэдневякоўя перадаецца і праз эпіграф з верша Янкі Купалы «З мінуўшых дзён».
Навукоўцы гавораць. Даследчыца Вольга Шынкарэнка слушна заўважала: «Значнасць для нашчадкаў працы летапісца падкрэсліваецца шырокім эпічным гучаннем, шматлікімі адухаўленнямі, градацыямі, анафарамі, пададзенымі ў форме паралелізмаў, разгорнутых параўнанняў і інш.». |