Абагульненне па раздзеле IV «Культура Беларусі»
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | Абагульненне па раздзеле IV «Культура Беларусі» |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 13 Март 2025, 22:24 |
Працуем з вучэбным тэкстам
1. Выкарыстоўваючы тэкст вучэбнага дапаможніка, прадстаўце развіццё беларускай культуры ў XIX — пачатку XXI ст. у выглядзе ментальнай карты, у аснову якой будзе пакладзена жанравая разнастайнасць беларускай культуры.
2. Высветліце, якія ўстановы навукі, адукацыі, культуры і спорту носяць імёны беларускіх дзеячаў, згаданых у вучэбным дапаможніку. Апішыце, як іх творчасць звязана з дзейнасцю пералічаных вамі ўстаноў.
Працуем з паняццямі
1. Стварыце сінквейн для наступных паняццяў: беларусазнаўства, беларусізацыя, метад сацыялістычнага рэалізму.
2. Раскрыйце сутнасць паняцця культура быту на прыкладзе паўсядзённага жыцця беларусаў у XIX, XX і XXI стст.
Сістэматызуем веды
1. Прадстаўце гісторыю развіцця беларускай культуры ў выглядзе храналагічнай табліцы, узяўшы за аснову самастойна выдзеленыя перыяды ў развіцці айчыннай літаратуры і мастацтва.
2. Вызначце, якія вядомыя асобы з гісторыі Беларусі адлюстраваныя ў прадстаўленых скульптурных кампазіцыях. Апішыце гістарычныя падзеі, удзельнікамі якіх яны з'яўляліся. Чым тлумачыцца выбар населенага пункта для ўсталявання помніка гэтым дзеячам беларускай гісторыі?
Аналізуем і разважаем
1. Большасць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў другой паловы XIX — пачатку ХХ ст. бралі для творчай дзейнасці розныя псеўданімы (успомніце або даведайцеся сапраўдныя імёны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Мацея Бурачка, Янкі Лучыны, Цёткі, Алеся Гаруна, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Максіма Танка і інш.). Растлумачце матывы, якімі кіраваліся аўтары пры выбары сабе творчага імя.
2. Растлумачце, чаму ў пасляваеннай беларускай школе ў адным класе за партамі можна было ўбачыць дзяцей рознага ўзросту. Да прыкладу, у першым класе маглі вучыцца дзеці як 7, так і 9 гадоў. З якімі яшчэ праблемамі давялося сутыкнуцца сістэме народнай адукацыі БССР у другой палове 1940-х гг. і як яны былі вырашаны?
Параўноўваем
1. Запоўніце параўнальную табліцу «Гісторыя народнай адукацыі на беларускіх землях у XIX — пачатку XXI ст.». Зрабіце вывад.
2. Параўнайце па самастойна вызначаным крытэрыям палітыку беларусізацыі ў БССР і паланізацыі ў Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў 1920-я гг. Зрабіце выснову аб ролі дзяржавы, дзеячаў навукі і культуры, а таксама шырокіх слаёў насельніцтва ў захаванні і развіцці нацыянальнай культуры.
Устанаўліваем прычынна-выніковыя сувязі
1. Устанавіце прычынна-выніковыя сувязі ў наступных парах падзей і з'яў:
а) паўстанні 1830—1831 і 1863—1864 гг. на тэрыторыі Беларусі — закрыццё вышэйшых навучальных устаноў;
б) індустрыялізацыя ў БССР — масавая ліквідацыя непісьменнасці насельніцтва.
2. Назавіце творы, у якіх знайшлі адлюстраванне падзеі гісторыі Беларусі двух папярэдніх стагоддзяў: Паўстанне 1863-1864 гг., індустрыялізацыя і калектывізацыя, Вялікая Айчынная вайна і інш. Прывядзіце прыклады з літаратуры, жывапісу, тэатральнага і іншых відаў мастацтва і растлумачце, чаму культурныя дзеячы звяртаюцца ў сваёй творчасці да гістарычнай тэматыкі.
Творчае заданне
1. «Сямейныя рэліквіі»
Для ўрока па тэме «Наш край» збярыце калекцыі бытавых рэчаў і посуду, цацак, адзення, прадметаў хатняга ўжытку, кніг, паштовак і іншых прадметаў XIX—XX стст., якія захаваліся ў вашай сям'і, са складаннем адпаведных каментарыяў да іх. Растлумачце, як яны адлюстроўваюць развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры вашага краю, а таксама ўзровень жыцця мясцовага насельніцтва.
2. Складзіце топ-ліст асноўных месцаў вашага роднага горада (раёна) для наведвання іх турыстамі, падрыхтаваўшы апісанне не менш чым пяці аб'ектаў і распрацаваўшы план экскурсіі па адной з наступных тэм:
а) «Мой населены пункт — старажытны і малады» (гістарычны аспект і сучаснасць);
б) «Населены пункт у асобах» (месцы, вуліцы, помнікі, прысвечаныя выхадцам з вашай малой радзімы);
в) «Цяжкае рэха вайны» (мемарыялы і месцы памяці герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны).
Прыкладныя тэмы даследчых і праектных работ
Беларусазнаўства як пачатак фарміравання беларускага навуковага ведання
Гісторыя беларускага кінематографа
Мастацтва сацыялістычнага рэалізму: ідэалогія і творчасць
Беларускія навукоўцы з сусветным імем
Рэкамендуем наведаць музеі
Мінск: Нацыянальны мастацкі музей.
Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ ст.
Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча.
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.
Дзяржаўны літаратурны музей Петруся Броўкі.
Музей гісторыі беларускага кіно.
Гродна: Музей Максіма Багдановіча.
Віцебск: Дом-музей Марка Шагала.
Музей-сядзіба І. Я. Рэпіна «Здраўнёва».
Магілёў: Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі.
Орша: Музей У. С. Караткевіча.
Рэчыца: Карцінная галерэя імя Аляксандра Ісачова.
Усе рэгіёны: абласныя і раённыя краязнаўчыя (пры наяўнасці — мастацкія) музеі.