Абагульненне па раздзеле IІІ «Беларусь у сістэме міжнародных адносін»
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | Абагульненне па раздзеле IІІ «Беларусь у сістэме міжнародных адносін» |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 19 Май 2025, 05:49 |
Працуем з вучэбным тэкстам
1. Пацвердзіце фактамі з тэксту вучэбнага дапаможніка, што беларуская зямля не аднойчы станавілася арэнай баявых дзеянняў у вырашэнні міжнародных канфліктаў буйны́х сусветных дзяржаў. Як вы лічыце, якім чынам дадзеныя факты гісторыі адбіліся:
а) на сучаснай знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь;
б) на нацыянальным характары беларускага народа?
2. Выкарыстоўваючы тэкст вучэбнага дапаможніка і дадатковыя крыніцы інфармацыі, запоўніце табліцу «Рэспубліка Беларусь у міжнародных арганізацыях і аб’яднаннях». Зрабіце вывад.
Працуем з паняццямі
1. Растлумачце, як у гісторыі Беларусі ўзаемазвязаны паміж сабой наступныя пары паняццяў: «план Агінскага» і аўтаномія, Заходняя Беларусь і паланізацыя, «новы парадак» і генацыд, Белавежскія пагадненні і Садружнасць Незалежных Дзяржаў.
2. Складзіце кластар (ментальную карту) «Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь». У яе змесце адлюструйце асноўныя кірункі і прыклады супрацоўніцтва нашай краіны ў эканамічнай, культурнай і іншых сферах з рознымі дзяржавамі свету.
Сістэматызуем веды
Запоўніце табліцу «Асаблівасці геапалітычнага становішча Беларусі». Зрабіце вывад.
Аналізуем і разважаем
Вызначце правільную паслядоўнасць падзей. Растлумачце прычынна-выніковыя сувязі ў атрыманых ланцужках:
а) Літбел — пачатак польска-савецкай вайны — другое абвяшчэнне ССРБ — стварэнне СССР — Рыжскі мірны дагавор;
б) Брэсцкі мірны дагавор — пачатак Першай сусветнай вайны — абвяшчэнне БНР — тэлеграма Рады БНР германскаму кайзеру;
в) Дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР — паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь — пачатак Другой сусветнай вайны — Народны сход Заходняй Беларусі.
Падбіраем аргументы
Ці згодныя вы з меркаваннем, што беларусы адстаялі сваё права на незалежную нацыянальную дзяржаву?
Складаем тэзісы
1. Азнаёмцеся з фрагментам выступлення кіраўніка дэлегацыі Рэспублікі Беларусь С. М. Мартынава на пасяджэнні Савета НАТА ў лістападзе 2002 г. і складзіце тэзісны план адказу на пытанне: «Пазіцыя беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне». Дайце складзенаму плану «гаворачую» назву.
«Права народа самастойна, без баязлівай аглядкі на „замежнага дзядзьку“, будаваць свой уласны нацыянальны дом і рабіць пры гэтым надзейны ўнёсак у будаўніцтва бяспечнага дома еўрапейскага.
…Беларусь … была ў ліку нямногіх краін, якія забяспечылі сапраўдную, а не галівудскую перамогу над нацызмам, без якой былі б немагчымыя ААН, АБСЕ і НАТА… [Беларусь] першай і без якіх-небудзь умоў адмовілася ад ядзернай спадчыны СССР…
…мы штодзень спыняем ідучую на Захад на грэбені эміграцыйнай хвалі беспрэцэдэнтную лавіну наркотыкаў і перарываем сустрэчны паток кантрабанды зброі і ядзерных матэрыялаў для тэрарыстаў…
Гэта, па-вашаму, не ўнёсак у бяспеку Еўропы?
…Мы страцілі ў мінулай вайне столькі сваіх сыноў і дачок, што гатовыя зрабіць і зробім усё, каб не дапусціць новай трагедыі для свайго і іншых народаў…
Партнёраў і саюзнікаў страціць лёгка. Іх цяжка набыць…»
2. Звярніцеся да тэксту Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Якія каштоўнасці трансліруе адзін з галоўных сімвалаў нашай дзяржавы? Як геапалітычнае становішча і працэсы, якія мелі месца ў гісторыі, паўплывалі на фарміраванне нацыянальных рыс і каштоўнасцей беларускага народа? Свой адказ пацвердзіце словамі гімна.
Робім вывады
Ахарактарызуйце геапалітычныя наступствы для Беларусі такіх ваенных канфліктаў:
а) Айчынная вайна 1812 г.;
б) Першая сусветная вайна;
в) польска-савецкая вайна;
г) Вялікая Айчынная вайна.
Творчае заданне
1. Уявіце, што ў вас з’явілася магчымасць узяць інтэрв’ю ў аднаго з гістарычных дзеячаў, якія прымалі ўдзел у геапалітычных працэсах XIX–XX стст., напрыклад, М. К. Агінскага, А. Р. Чарвякова, В. З. Каржа, К. В. Кісялёва і інш. Распрацуйце комплекс пытанняў для інтерв’ю, якія дазволілі б стварыць партрэт асобы ў гісторыі, а таксама больш глыбока вывучыць і зразумець падзеі, непасрэднымі ўдзельнікамі альбо сведкамі якіх яны з’яўляліся. Падумайце, хто яшчэ з гістарычных дзеячаў, звязаных са станаўленнем і абаронай незалежнасці нашай краіны, а таксама яе дзейнасцю на міжнароднай арэне, мог бы вас зацікавіць.
2. «Лёс чалавека». Для ўрока па тэме «Наш край» правядзіце даследаванне аб удзеле аднаго з вашых сваякоў альбо блізкіх людзей у геапалітычных падзеях ХХ ст. на тэрыторыі Беларусі. Падбярыце адпаведныя фотаздымкі, дакументы, зрабіце неабходныя каментарыі да іх.
Прыкладныя тэмы даследчых і праектных работ
Сімвалы і месцы памяці беларускага народа аб падзеях войнаў і баявых дзеяннях XIX–XX стст.
Этапы і асаблівасці фарміравання знешнепалітычнага курсу Рэспублікі Беларусь.
Рэкамендуем наведаць музеі
Мінск:
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.
Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці (філіял музея).
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь».
Мемарыяльны комплекс «Курган Славы Савецкай арміі-вызваліцельніцы».
Гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна».
Брэст:
Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».
Вілейскі раён:
Музей Першай сусветнай вайны ў в. Заброддзе.
Магілёў:
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».
Усе рэгіёны:
абласныя і раённыя краязнаўчыя музеі,
музеі баявой і народнай славы.