Печатать книгуПечатать книгу

Абагульненне па раздзеле I «Грамадска-­палітычнае жыццё ў Беларусі. Станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: Абагульненне па раздзеле I «Грамадска-­палітычнае жыццё ў Беларусі. Станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці»
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 15 Январь 2025, 19:04

Працуем з вучэбным тэкстам

1. Выкарыстоўваючы тэкст параграфаў 6–7, складзіце тэзісны план «Канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь». Пры неабходнасці звярніцеся да тэксту Канстытуцыі. Вызначце палажэнні, якія вы лічыце самымі важнымі. Растлумачце сваю пазіцыю.

2. Выкарыстоўваючы тэкст раздзела І вучэбнага дапаможніка, параўнайце савецкую грамадска-палітычную сістэму, якая існавала ў БССР, і сучасную грамадска-палітычную сістэму Рэспублікі Беларусь па самастойна выбраных крытэрыях. Зрабіце вывады аб адрозненнях.

Працуем з паняццямі

1. Размяркуйце паняцці па перыядах: аднапартыйная палітычная сістэма, Белавежскія пагадненні, разбор шляхты, культ асобы, філарэты, аграрнае пытанне, рэферэндум, нацыянальнае пытанне, народнікі, Дзяржаўная дума, пытанне аб міры, палітычныя рэпрэсіі, шматпартыйная палітычная сістэма, філаматы, рэа­білітацыя, «развіты сацыялізм», альтэрнатыўныя выбары, мяжа яўрэйскай аселасці, камсамол.

Дайце абазначэнні паняццям.

Якія паняцці, на ваш погляд, неабходна дадаць, каб найбольш поўна адлюстраваць грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі ў прыведзеныя перыяды?

2. Падбярыце словы-сінонімы, якія раскрываюць сутнасць наступных гістарычных паняццяў: маніфест, аўтаномія, рэферэндум. Апішыце гістарычныя падзеі, у сувязі з якімі гэтыя паняцці ўжываюцца пры вывучэнні гісторыі Беларусі.

Сістэматызуем веды

1. Складзіце расповед аб асноўных падзеях гісторыі беларускіх зямель, абапіраючыся на зададзеную стужку часу.

Прапануйце сваю стужку часу па гісторыі грамадска-палітычнага жыцця БССР.

2. Дапоўніце табліцу «Канстытуцыі БССР». Растлумачце, якімі зменамі ў грамадскім і палітычным жыцці краіны была выклікана неабходнасць прыняцця новых канстытуцый у кожны з указаных перыядаў. Пра што сведчыць той факт, што канстытуцыі савецкіх рэспублік выходзілі пасля прыняцця канстытуцый СССР?

3. Вылучыце ключавыя падзеі ў працэсе станаўлення суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Свой выбар аргументуйце.

Аналізуем і разважаем

1. Растлумачце мэты і наступствы ўрадавай палітыкі Расійскай імперыі ў дачыненні да наступных нацыянальных і канфесійных груп насельніцтва беларускіх зямель пасля падзелаў Рэчы Паспалітай:

а) шляхта;

б) сяляне;

в) яўрэйскае насельніцтва іўдзейскага веравызнання.

Якую (якія) з вышэйпералічаных груп змены закранулі ў найбольшай ступені і чаму? Пацвердзіце свае адказы гістарычнымі фактамі.

2. У пачатку ХХ ст. для беларусаў паўстала пытанне нацыянальнага дзяржаўнага самавызначэння. Прааналізуйце магчымыя шляхі яго вырашэння.

Якіх пазіцый па нацыянальным пытанні прытрымліваліся розныя палітычныя партыі, прадстаўнікі сацыяльных слаёў Беларусі таго часу? Абапіраючыся на засвоеныя веды, вылучыце шлях, які па факце быў рэалізаваны, апішыце гістарычныя ўмовы гэтай падзеі.

Параўноўваем

Запоўніце параўнальную табліцу «Беларускія землі ў час рэвалюцый пачатку ХХ ст.».

Фармулюем тэзісы

Сфармулюйце тэзісы па адной з наступных тэм (на выбар):

а) паўстанні 1830–1831 і 1863–1864 гг. на тэрыторыі Беларусі;

б) палітычныя партыі і палітычная барацьба ў Беларусі ў пачатку ХХ ст.;

в) прычыны і гістарычныя ўмовы распаду СССР.

Выяўляем прычынна-выніковыя сувязі

а) Паўстанне 1863–1864 гг. → адсутнасць земстваў ва ўсходняй частцы Беларусі да 1911 г.;

б) палітыка перабудовы → распад СССР.

Творчае заданне

«Сямейны альбом»

Для ўрока па тэме «Наш край» пачніце стварэнне «Сямейнага альбома», у якім будзе адлюстравана гісторыя вашай сям’і, прадстаўленая ў здымках баявых дзеян­няў у ходзе войнаў і ўзброеных канфліктаў, заключэнне шлюбу і выхаванне дзяцей, працоўная дзейнасць, святкаванне дзяржаўных і сямейных свят, адпачынак і інш. Пры неабходнасці падбярыце адпаведныя дакументы, зрабіце неабходныя каментарыі да іх.

Прыкладныя тэмы даследчых і праектных работ

Вынікі грамадска-палітычных рэформ і рэвалюцыйных падзей для развіцця Беларусі.

Сімвалы і месцы памяці беларускага народа, звязаныя са станаўленнем і развіццём беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.

Рэкамендуем наведаць музеі

Мінск: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Дом-музей І з’езда РСДРП.

Усе рэгіёны: абласныя і раённыя краязнаўчыя музеі.