§ 18. ПРЫЧЫНЫ ГОЛАДУ І ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ Ў СВЕЦЕ


Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Падручнік: | § 18. ПРЫЧЫНЫ ГОЛАДУ І ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ Ў СВЕЦЕ |
Надрукаваны: | Гость |
Дата: | Нядзеля 27 Красавік 2025 |
Прыродныя, сацыяльна-эканамічныя і палітычныя прычыны голаду ў свеце. На працягу гісторыі свайго развіцця чалавецтва ў розныя перыяды сутыкалася з праблемай голаду. Голад як сацыяльнае бедства абрушваўся на масы людзей у старажытнасці, Сярэдневякоўі, у перыяды Новай і Навейшай гісторыі.
Для таго каб разабрацца ў прычынах голаду, неабходна высветліць, што разумеюць пад гэтай з’явай.
Голад (або хранічнае недаяданне) — умовы, пры якіх з прывычнай штодзённай колькасцю ежы чалавек не атрымлівае дастаткова энергіі ў калорыях для падтрымання актыўнага, здаровага жыцця.

Голад у чалавека наступае, калі спажыванне калорый ніжэй за мінімальную патрэбнасць у энергіі ў рацыёне харчавання. Прычыны голаду мяняліся ў гісторыі чалавецтва і залежалі ад розных фактараў.
Клуб знаўцаў-географаў. У міфалогіі індзейцаў Цэнтральнай Амерыкі існавала бажаство голаду. Аж да XIV–XV стст. голад забіраў мільёны людзей. У Англіі, напрыклад, у 1005–1322 гг. было зафіксавана 36 галодных эпідэмій (мал. 117). Развіццё гандлю, паляпшэнне спосабаў захоўвання збожжа, удасканаленне транспарту аблягчалі жыццё насельніцтва ў неўраджайныя гады і часткова ратавалі ад заўчаснай смерці.
Паразважаем. Што вы ведаеце аб галадаморы ва Украіне ў 1932–1933 гг.?
Свет і Беларусь. Успомніце з гісторыі Беларусі, у якія гады быў голад у нашай краіне. Назавіце прычыны гэтага.
У цяперашні час выдзяляюць восем прычын голаду (мал. 118). Яны маюць гістарычны, эканамічны, сацыяльна-дэмаграфічны, палітычны і прыродна-кліматычныя аспекты.

1. Адсталасць краін трэцяга свету. Сельская гаспадарка большасці краін, якія развіваюцца, не адпавядае навуковаму і тэхнічнаму ўзроўню сусветнай гаспадаркі канца XX — пачатку XXI ст.
2. Каланіяльнае мінулае дзяржаў, якія развіваюцца. У былых калоніях лепшыя ворныя землі адводзіліся пад плантацыі экспартных культур, якія не забяспечвалі харчаваннем мясцовае насельніцтва. Большасць цяперашніх ТНК, якія валодаюць плантацыямі, таксама не зацікаўлены ў змяненнях структуры пасеваў для скарачэння голаду ў краінах, якія сталі незалежнымі.
3. Некантралюемы рост насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца. Напрыклад, калі штогадовы рост колькасці насельніцтва свету складае 1,1 %, то ў краінах, якія развіваюцца, ён у два разы большы — 2,3 %.

Клуб знаўцаў-географаў. Афрыка мае вялікую плошчу ўрадлівых зямель, а яе клімат дазваляе збіраць да трох ураджаяў у год. Аднак кантынент літаральна зводзіць канцы з канцамі па прычыне надзвычай высокай нараджальнасці і нізкага ўзроўню развіцця земляробства. Да прыбыцця еўрапейцаў у зоне Сахеля, на поўдні Сахары, пражывала ад 10 да 20 млн чал. Сёння іх 180 млн чал. (мал. 119).
4. Высокія тэмпы ўрбанізацыі ў краінах, якія развіваюцца, прыводзяць не толькі да росту патрэб у харчаванні, але і да змянення рацыёну харчавання насельніцтва. Так, калі штогадовы рост колькасці гарадскога насельніцтва ў свеце ў цэлым складае 1,1 %, то ў найбольш адсталых краінах — 2,8 %.
5. Наступствы геаэкалагічных крызісаў, у асаблівасці эрозіі глеб і апустыньвання, якія вызначаюць маштабы недавытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, у першую чаргу ў Афрыцы. Апустыньванне ахапіла сёння тэрыторыі больш за 20 дзяржаў гэтага рэгіёну.
6. Войны ў краінах, якія развіваюцца. Палітычная нестабільнасць і звязаныя з канфліктамі перамяшчэнні насельніцтва выклікаюць харчовы крызіс. Прадукты харчавання часта становяцца недаступнымі для людзей.

Клуб знаўцаў-географаў. Краінамі, дзе ў выніку сучасных войнаў насельніцтва ў найбольшай ступені сутыкаецца з голадам, з’яўляюцца Емен, ДР Конга, Афганістан, Сірыя і Паўднёвы Судан. Напрыклад, у Емене асноўная прычына голаду — гэта вайна з Саудаўскай Аравіяй з 2014 г. Пасля пяці гадоў баявых дзеянняў 80 % жыхароў адчуваюць востры недахоп у харчаванні. Сітуацыя з голадам у Емене ацэньваецца як найгоршы гуманітарны крызіс цяперашняга часу (мал. 120).
Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, дзе насельніцтва ў большай ступені сутыкаецца з праблемай голаду.
7. Унутраныя канфлікты і тэрарызм у краінах, якія развіваюцца, у выніку чаго адбываюцца маштабныя ўнутраныя перамяшчэнні насельніцтва. Напрыклад, у Нігерыі з 2009 г. здараюцца сутыкненні паміж урадавымі войскамі і ісламісцкай групоўкай, якая выкрадае фермераў, спальвае іх ураджай і інш.
8. Змяненні клімату. З-за экстрэмальных паводак і засух людзі атрымліваюць недастатковую колькасць ураджаю, і лік галадаючых расце.
Клуб географаў-знаўцаў. Па даных ААН, 2 млн самалійцаў апынуліся на мяжы голаду з-за засухі 2019 г. Па ацэнках кліматолагаў, суш у гэтай краіне стала самай пагібельнай за апошнія 35 гадоў. Становішча пагоршылі ўдары цыклона «Ідай», які прыйшоў з Індыйскага акіяна ў тым жа годзе. Засуха 2019 г. практычна прымусіла галадаць насельніцтва ДР Конга, дзе адначасова са стыхійным бедствам разгарнулася эпідэмія ліхаманкі Эбола. Краінамі, дзе ў выніку прыродных стыхій насельніцтва ў найбольшай ступені сутыкаецца з голадам, з’яўляюцца Эфіопія, Зімбабвэ, Малаві, Кенія.
Асноўнымі прычынамі голаду насельніцтва свету ў 2019 г., па ацэнках Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО), з’яўляліся войны і кліматычныя змяненні.
Геаграфія і структура харчавання насельніцтва. Геаграфічны аспект праблем голаду і недахопу харчавання звязаны з геаграфічнымі тыпамі харчавання. Амерыканскі географ Г. Кэрыел у 1960-х гг. упершыню склаў сусветную карту з вылучэннем пшанічнага, рысавага, кукурузнага, проса-соргавага і іншых тыпаў харчавання (мал. 121).

Пры гэтым рацыён харчавання ў краінах свету адрозніваецца разнастайнасцю. Гэта характэрна як для развітых краін, большасць якіх размешчана ў «пшанічным» поясе (за выключэннем Японіі), так і для краін, якія развіваюцца.
Для вывучэння якасці харчавання ФАО выкарыстоўвае паказчык энергетычнай насычанасці — колькасць калорый у дзень на чалавека. Прыкладная норма харчавання для аднаго чалавека павінна складаць 2500 ккал у дзень. Гэты паказчык можа вар’іравацца ў залежнасці ад полу, узросту, віду працы, прыродна-кліматычных умоў і іншых фактараў.
Клуб географаў-знаўцаў. Яўна выражанае недаяданне ў чалавека наступае тады, калі паказчык энергетычнай насычанасці апускаецца ніжэй за 1800 ккал у дзень, а сапраўдны голад — калі ён праходзіць крытычную адзнаку ў 1000 ккал у дзень.
Свет і Беларусь. Вызначыце геаграфічны тып харчавання жыхароў Рэспублікі Беларусь, выкарыстоўваючы малюнак 121. Якія змены ў рацыёне харчавання беларусаў адбыліся за апошнія дзесяць гадоў?
На працягу ХХ ст. паказчыкі харчавання насельніцтва ў свеце паляпшаліся. У 1930-х гг. сярэдняе спажыванне на аднаго чалавека складала 2100 ккал, у 1960-х гг. — 2300, у 1970-х гг. — да 2450, у 1990-х гг. — 2700 ккал у суткі. У цяперашні час сярэдняе спажыванне на чалавека ў суткі складае 2940 ккал. У свеце назіраюцца адрозненні паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца, па спажываных калорыях (мал. 122). У краінах, якія развіваюцца, спажыванне ніжэй, чым у развітых. А ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары колькасць спажываных калорый ніжэй за біялагічную норму — 2360.

Паміж краінамі таксама існуюць адрозненні ў колькасці спажываных калорый. Развітыя краіны характарызуюцца высокімі паказчыкамі, якія перавышаюць і сярэдняе значэнне па свеце, і біялагічную норму (мал. 123).

Да краін з максімальнымі паказчыкамі адносяцца Бельгія (3768 ккал/дзень/чал.), Аўстрыя (3692) і Ірландыя (3717). Сярод краін, якія развіваюцца, вылучаецца група з мінімальнымі значэннямі ў свеце. Гэта Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка (1758 ккал/дзень/чал.), Мадагаскар (1900) і КНДР (2020). Менавіта яны ўтвараюць асноўную групу краін у свеце з праблемай голаду.
Клуб географаў-знаўцаў. Непаўнацэннасць харчавання жыхароў многіх краін, якія развіваюцца, звязана не толькі з недахопам калорый. У іх рацыёне звычайна недастаткова бялкоў жывёльнага паходжання, вітамінаў С, В, кальцыя і г. д. У рысасеючых краінах мусоннай Азіі адзначаецца вялікі дэфіцыт пратэіна жывёльнага паходжання (мяснога, малочнага, яечнага, рыбнага). Бялкі, што ўтрымліваюцца ў збожжы, пазбаўлены некаторых важных амінакіслот. У выніку ў жыхароў Паўднёва-Усходняй Азіі можа ўзнікнуць хвароба беры-беры.
Рэгіянальныя аспекты голаду і харчовай праблемы. На Зямлі існуе шырокі пояс голаду і недаядання, які працягнуўся па абодва бакі экватара. Гэты пояс пачынаецца ў Паўднёвай Амерыцы, ахоплівае большую частку Афрыкі, а затым працягваецца ў Азіі. Эпіцэнтр пояса знаходзіцца ў Трапічнай Афрыцы, найбяднейшым рэгіёне свету.
Клуб географаў-знаўцаў. У пачатку 1970-х гг. у Афрыцы налічвалася 90 млн галадаючых, у сярэдзіне 1980-х гг. — 140 млн, у сярэдзіне 1990-х гг. — 210 млн, а ў 2018 г. — 256 млн чал.
Дынаміка змянення колькасці тых, хто недаядае, у свеце і па рэгіёнах за перыяд 1990–2014 гг. характарызуецца зніжэннем іх колькасці больш чым на 200 млн чал., або прыкладна на 20 %. Аднак пасля доўгага перыяду скарачэння іх колькасць, наадварот, пачала расці (+1,5 % у 2018 г.). У 2018 г. каля 821,6 млн жыхароў планеты адчувалі дэфіцыт харчавання (мал. 124). Гэта азначае, што кожны дзявяты чалавек у свеце не атрымлівае дастатковага харчавання для падтрымання здаровага і актыўнага ладу жыцця.
Найбольш крытычнымі рэгіёнамі застаюцца рэгіёны з краінамі, якія развіваюцца (мал. 125), а менавіта Афрыка на поўдзень ад Сахары (25 %), краіны Карыбскага басейна (19 %), Паўднёвая Азія (17 %). У цяперашні час у свеце найбольшая доля распаўсюджання недаядання (больш за 35 % насельніцтва) назіраецца ў 9 краінах — Ліберыя, Чад, ДР Конга, Малаві, Мадагаскар, Уганда, Замбія, Зімбабвэ, Емен (мал. 126).



Хранічны голад у краінах, якія развіваюцца, прыводзіць да сур’ёзных наступстваў і парушэнняў у развіцці чалавека (мал. 127).

Міжнароднае вымярэнне голаду. Для параўнання стану голаду ў краінах свету выкарыстоўваецца Глабальны індэкс голаду (Global Hungry Index). Ён распрацаваны Міжнародным даследчым інстытутам харчовай палітыкі і ўключае тры паказчыкі: 1) долю насельніцтва, якое адчувае недахоп у харчаванні; 2) узровень знясіленасці дзяцей (доля дзяцей, якія пакутуюць ад страты вагі і затрымкі росту); 3) смяротнасць сярод дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў.
На аснове значэнняў гэтага індэкса вылучаюць пяць узроўняў голаду: вельмі небяспечны, небяспечны, сур’ёзны, сярэдні і нізкі (мал. 128). Вельмі небяспечны ўзровень голаду ў адпаведнасці з індэксам адзначаны ў цяперашні час у трох краінах — ЦАР, Чад і Емен.

Праблема голаду мае сур’ёзныя наступствы. Яе вырашэнне з’яўляецца адным з прыярытэтаў устойлівага развіцця чалавецтва і патрабуе сумесных міжнародных дзеянняў усіх краін свету.
Падвядзём вынікі. Чалавецтва ў розныя перыяды адчувала праблему голаду, якая ўзнікала па шэрагу прычын: …, …, …, …, …, …, …, … . Асноўнымі прычынамі голаду насельніцтва свету ў 2019 г. з’яўляліся войны і кліматычныя змяненні. Якасць харчавання вызначаецца па колькасці спажываных … у дзень на чалавека. Рэгіёнамі голаду і недаядання лічацца: …, …, … . Для ацэнкі стану голаду ў краінах свету выкарыстоўваецца Глабальны індэкс голаду.
Праверым свае веды. 1. Што такое голад? 2. Якія прычыны голаду? 3. Якія краіны адрозніваюцца высокімі паказчыкамі спажываных калорый, а якія адчуваюць іх недахоп?
Ад простага да складанага. 1. Якая сувязь існуе паміж праблемай голаду і міграцыяй насельніцтва? Прывядзіце прыклады, якія даказваюць гэтую ўзаемасувязь. 2. Т. Мальтус сцвярджаў, што колькасць насельніцтва павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі, а харчовыя рэсурсы — у арыфметычнай. Ці магчыма прымяненне тэорыі Т. Мальтуса ў цяперашні час? Аргументуйце свой адказ.
Ад тэорыі да практыкі. Распрацуйце міні-праект па пераадоленні праблемы голаду ў адной з краін (на ваш выбар), дзе насельніцтва ў найбольшай ступені сутыкаецца з гэтай праблемай.