Печатать книгуПечатать книгу

§ 17. ПРАБЛЕМА МІЖНАРОДНАЙ МІГРАЦЫІ

icon
Успамінаем. Што такое міграцыя? Чаму адбываюцца міграцыі насельніцтва? Якія фактары міграцыі вам вядомыя?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Як уплывае міграцыя на дэмаграфічную сітуацыю ў свеце? Якія праблемы ўзнікаюць у краін, што прымаюць мігрантаў? Спецыялісты якіх сфер дзейнасці вырашаюць праблемы міжнароднай міграцыі?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 17. ПРАБЛЕМА МІЖНАРОДНАЙ МІГРАЦЫІ
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 19 Апрель 2024, 02:38

Глабальны характар і наступствы міжнароднай міграцыі. З канца ХХ ст. міжнародная міграцыя насельніцтва набывае глабальны характар. Яна мае шэраг адметных асаблівасцей, якія не назіраліся ў свеце да сярэдзіны ХХ ст. Да іх адносяцца наступныя.

1. Адбываецца хуткі рост колькасці міжнародных мігрантаў.

2. У міграцыйны рух уцягнутыя ўсе краіны, а на палітычнай карце свету практычна не засталося дзяржаў, якія не ўдзельнічаюць у міграцыйным абмене.

3. Стаў адзіным рынак працоўнай сілы, і ў насельніцтва большасці краін з’явілася магчымасць працаваць у іншай краіне. У выніку працоўная міграцыя стала асноўным відам міжнароднай міграцыі.

4. У міграцыйным руху ўдзельнічаюць усе ўзроставыя групы насельніцтва — ад дзяцей да пажылых людзей.

5. Значна павялічылася актыўнасць жанчын у міжнароднай міграцыі.

6. З-за рэгіянальных палітычных канфліктаў і сацыяльна-эканамічнай нестабільнасці ў краінах, якія развіваюцца, узраслі маштабы нелегальнай міграцыі і бежанства.

7. З-за змяненняў клімату і пагаршэння навакольнага асяроддзя з кожным днём у свеце ўзрастае колькасць насельніцтва, якое ўдзельнічае ў кліматычнай і экалагічнай міграцыі.

8. Масавыя міжнародныя перамяшчэнні насельніцтва ў ХХІ ст. ствараюць устойлівыя патокі грашовых пераводаў, якія ўплываюць на памер ВУП краін свету (мал. 109).

img
Мал. 109. Галоўныя характарыстыкі міжнароднай міграцыі, 2020 г.

icon Паразважаем. Што неабходна зрабіць дзяржаве, каб не дапусціць значных маштабаў эміграцыі? Назавіце асноўныя прычыны міжнароднай міграцыі.

icon Свет і Беларусь. Якія віды міграцыі характэрныя для Рэспублікі Беларусь? Спецыялісты якіх прафесій выязджаюць з Беларусі ў пошуках працы ў краіны СНД і Заходнюю Еўропу?

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на палітычнай карце свету асноўныя міграцыйныя калідоры.

icon Паразважаем. Падумайце, як можа змяніцца памер валавога ўнутранага прадукту краіны ў выніку эміграцыі працоўных рэсурсаў.

Глабальны характар міжнароднай міграцыі і складанасць яе рэгулявання выклікаюць розныя наступствы (мал. 110).

img
Мал. 110. Наступствы міжнароднай міграцыі

Унутрана перамешчаныя асобы і праблема бежанства ў сучасным свеце. Вялікая колькасць канфліктаў, выкліканых палітычнымі або экалагічнымі прычынамі, прыводзіць да масавых перамяшчэнняў насельніцтва ўнутры краіны.

Асаблівасць такіх перамяшчэнняў насельніцтва заключаецца ў тым, што, з’яўляючыся грамадзянамі дзяржавы і застаючыся на яе тэрыторыі, людзі знаходзяцца пад яе выключнай абаронай, нават калі дзяржава не ў сілах забяспечыць такую абарону. Таму аказанне дапамогі такім асобам з боку міжнародных органаў можа разглядацца як умяшанне ва ўнутраныя справы краіны.

Аднак у 1972 г. Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ), кіруючыся гуманнымі меркаваннямі, уключыла «асоб, перамешчаных унутры краіны», у свае праграмы ў галіне дапамогі бежанцам. Таму ў цяперашні час у шэрагу краін праблема ўнутрана перамешчаных асоб становіцца часткай міжнароднай праблемы бежанства.

icon Паразважаем. З чым звязана значнае павелічэнне колькасці бежанцаў у канцы ХХ — пачатку ХХІ ст.?

icon Унутрана перамешчаныя асобы (УПА) — асобныя людзі або групы людзей, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы, ратуючыся ад узброеных канфліктаў, гвалту, парушэння правоў чалавека ці прыродных катастроф, і знаходзяцца на тэрыторыі сваёй краіны.

img
Мал. 111. Дынаміка колькасці УПА у свеце, млн чал.

Галоўнай праблемай для УВКБ застаецца забеспячэнне фінансавання патрэб унутрана перамешчаных асоб. У пачатку ХХІ ст. іх агульная колькасць заставалася параўнальна пастаяннай — каля 25 млн чал. Аднак у 2007 г. дапамога аказвалася 12,8 млн УПА у 24 краінах — удвая больш, чым годам раней. Перш за ўсё гэта звязана з новай хваляй унутраных перамяшчэнняў у шэрагу краін: у Калумбіі, Іраку, Ліване, Шры-Ланцы і інш.

Паводле даных за 2020 г., колькасць унутрана перамешчаных асоб склала 41,3 млн чал. (мал. 111). Найбольш напружанымі рэгіёнамі па маштабах унутрана перамешчаных асоб з’яўляюцца Афрыка (17,8 млн чал.), Азія (13,7 млн чал.) і Лацінская Амерыка (8,1 млн чал.) (мал. 112).

img
Мал. 112. Асноўныя ачагі УПА ў свеце, чал., 2018 г.
img
Мал. 113. Краіны з найбольшай колькасцю УПА ў свеце, млн чал., 2018 г.

Сярод краін з найбольшай колькасцю УПА першае месца ў свеце займае Калумбія (7,8 млн чал.). Далей ідуць Сірыя, ДР Конга, Эфіопія і Самалі (мал. 113).

Сярод іншых краін, дзе колькасць УПА павялічваецца ў апошнія гады, вылучаюцца Емен, Нігерыя, Афганістан, Паўднёвы Судан і Судан.

icon Папрацуем з атласам. Назавіце краіны — суседзі Рэспублікі Беларусь, дзе праблемы прывялі да з’яўлення катэгорыі ўнутрана перамешчаных асоб.

Працэс пошуку людзьмі бяспечных умоў для жыцця ў апошнія гады ў шэрагу рэгіёнаў планеты актывізуецца. Урады і міжнародныя арганізацыі вымушаныя рэагаваць на сур’ёзныя выклікі, звязаныя з неабходнасцю размяшчэння бежанцаў, іх інтэграцыі ў грамадства ў месцах новага пражывання. Апублікаваныя ААН даклады на гэтую тэму сведчаць аб тым, што праблема бежанцаў у свеце становіцца больш вострай.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У 2000 г. Генеральная Асамблея ААН абвясціла 18 снежня Міжнародным днём мігранта (мал. 114). Гэты дзень быў выбраны таму, што ў 1990 г. менавіта 18 снежня была прынятая Міжнародная канвенцыя аб абароне правоў усіх працоўных-мігрантаў і членаў іх сем’яў. Тэмай Міжнароднага дня мігранта 2019 г. былі гісторыі аб сацыяльнай згуртаванасці міжнародных мігрантаў. Для гэтага Міжнародная арганізацыя па міграцыі распрацавала платформу «Я — мігрант» (мал. 115), на якой можна знайсці рэальныя гісторыі з жыцця гэтай катэгорыі людзей.

img
Мал. 114. Лагатып Міжнароднага дня мігранта 2019 г.
img
Мал. 115. Стартавая старонка платформы «Я — мігрант»

Віды міграцыйнай палітыкі ў свеце. Міжнародная міграцыя — гэта неад’емная частка глабалізацыі. Паводле Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 г., любы чалавек можа пакінуць сваю краіну, гэта значыць мае права на эміграцыю. Але гэта права абмяжоўваецца прынятымі ў краіне іміграцыі правіламі бяспекі, грамадскага парадку, маральнасці, правамі і свабодамі іншых асоб. Менавіта таму сучасны свет характарызуецца разнастайнасцю відаў міграцыйнай палітыкі.

icon Паразважаем. Успомніце, што такое міграцыйная палітыка. Якія віды міграцыйнай палітыкі ў залежнасці ад адносін да мігрантаў вы ведаеце?

У сувязі з тым што асноўнымі напрамкамі міжнароднай міграцыі ў ХХІ ст. выступаюць міграцыі «Поўдзень — Поўнач» і «Поўдзень — Поўдзень», віды міграцыйнай палітыкі залежаць ад задач сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржаў, што прымаюць мігрантаў, і дзяржаў, з якіх эмігруюць грамадзяне.

Напрыклад, у развітых краінах іміграцыя насельніцтва з краін, якія развіваюцца, прыводзіць да сур’ёзных наступстваў: неабходнасці забеспячэння асоб жыллём, працай, сацыяльнай інтэграцыі, гуманнага стаўлення да традыцый, культуры грамадства, што прымае асоб, і інш. У сучасным свеце назіраецца перавага іміграцыйнай палітыкі над палітыкай у галіне эміграцыі (табл. 5).

Табліца 5. Віды міграцыйнай палітыкі

А. Палітыка ў галіне іміграцыі
Праблемы, якія вырашае палітыка ў краіне, што прымае мігрантаў Прыклады краін
1. Рост аб’ёмаў іміграцыі ў краіне.
2. Скарачэнне колькасці насельніцтва і дэпапуляцыя.
3. Старэнне насельніцтва.
4. Дэфіцыт працоўнай сілы ў пэўных сектарах эканомікі
М’янма
Аўстралія
Канада
Германія, ЗША
5. Забеспячэнне магчымасці працаўладкавання для грамадзян.
6. Інтэграцыя імігрантаў у краіне, што прымае мігрантаў
Польшча
Венгрыя, Францыя, Ямайка
Б. Палітыка ў галіне эміграцыі
Праблемы, якія вырашае палітыка ў краіне, з якой эмігруюць грамадзяне Прыклады краін
1. Рост аб’ёмаў эміграцыі ў краіне (забаронная) Мексіка, Бразілія
2. Інтэлектуальная эміграцыя (уцечка мазгоў), эміграцыя высокакваліфікаваных спецыялістаў (заахвочвальная) Бангладэш, Інданезія, Пакістан
3. Дэфіцыт працоўнай сілы ў пэўных сектарах эканомікі (заахвочвальная)
img
Мал. 116. Замяшчальная міграцыя ў Германіі

Замяшчальная міграцыя як форма дэмаграфічнай палітыкі. У 2000 г. Аддзелам народанасельніцтва ААН быў падрыхтаваны даклад «Замяшчальная міграцыя: ці з’яўляецца яна рашэннем праблемы скарачэння колькасці і старэння насельніцтва?». Пад замяшчальнай міграцыяй у дакладзе разумеўся такі міграцыйны прырост, які кампенсуе — замяшчае — недахоп нараджэнняў, неабходных для падтрымання ў некаторы перыяд часу ў дадзенай краіне колькасці насельніцтва.

Паняцце «замяшчальная міграцыя» ўжываецца ў трох значэннях: 1) міграцыйны прырост, пры якім колькасць насельніцтва не мяняецца; 2) міграцыйны прырост, пры якім колькасць працаздольнага насельніцтва не мяняецца; 3) міграцыйны прырост, пры якім доля асоб старэйшых узростаў не павялічваецца.

Асноўнымі перадумовамі замяшчальнай міграцыі выступаюць дзве найбольш актуальныя дэмаграфічныя праблемы: 1) спыненне росту колькасці насельніцтва і яе змяншэнне (дэпапуляцыя) і 2) дэмаграфічнае старэнне.

Дадзеныя праблемы сёння характэрныя для дзвюх груп дзяржаў — эканамічна развітых краін і краін з пераходнай эканомікай. Таму ў іх найбольш актыўна абмяркоўваюцца пытанні маштабаў замяшчальнай міграцыі. У цяперашні час разлікі маштабаў праведзеныя для васьмі найбуйнейшых краін з нізкай нараджальнасцю (Германія (мал. 116), Італія, Рэспубліка Карэя, Расія, Вялікабрытанія, ЗША, Францыя і Японія).

icon Клуб географаў-знаўцаў. У краінах Еўропы ў сувязі з дэпапуляцыяй і канцэпцыяй замяшчальнай міграцыі сфарміраваліся групы экспертаў, якія настойваюць на тым, што масавая міграцыя з краін «глабальнага Поўдня» — адзінае вырашэнне праблемы дэпапуляцыі для краін «глабальнай Поўначы». Гэта пазіцыя паслядоўна падтрымліваецца некалькімі міжнароднымі арганізацыямі (Міжнародная арганізацыя па міграцыі, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Маскоўскі Цэнтр Карнэгі, Міжнародны валютны фонд, Група Сусветнага банка і інш.).

icon Падвядзём вынікі. Міжнародная міграцыя насельніцтва набыла глабальны характар. Яна мае адметныя асаблівасці: …, …, …, …, …, …, …, …, а таксама пэўныя наступствы: …, …, …, …, … . Акрамя таго, у межах краіны можа з’явіцца праблема ўнутрана ... асоб. Іх найбольшая колькасць характэрна для краін: …, …, … . Міграцыйная палітыка рэгулюе правы мігрантаў і законы краін, што прымаюць мігрантаў. Замяшчальная міграцыя дазваляе часткова вырашыць праблему нізкай … насельніцтва ў … краінах.

icon Праверым свае веды. 1. Як змянілася міжнародная міграцыя ў пачатку XXI ст.? 2. У чым заключаецца праблема УПА ў краінах? 3. Якія праблемы вырашае замяшчальная міграцыя?

icon Ад простага да складанага. 1. Чаму ўзнікла такая з’ява, як Еўрапейскі міграцыйны крызіс? 2. Чаму інтэлектуальная міграцыя для краін Лацінскай Амерыкі і Афрыкі пагражае сур’ёзнай праблемай іх далейшага развіцця?

icon Ад тэорыі да практыкі. Правядзіце дыскусію «Эканамічныя праблемы Еўрапейскага міграцыйнага крызісу».

icon

Web-ресурсы.
Агенцтва ААН па справах бежанцаў.

Матэрыял ААН аб правах чалавека ўнутрана перамешчаных асоб.

Міжнародны цэнтр маніторынгу ўнутрана перамешчаных асоб.

Канвенцыя аб статусе бежанцаў.

Сайт Асацыяцыі глабальнай міграцыйнай палітыкі.

Партал даных аб міжнароднай міграцыі.

Матэрыялы па міжнароднай міграцыі Інстытута міграцыйнай палітыкі.

Міжнародная платформа «Я — мігрант».

Павышаны ўзровень Т5-1