Печатать книгуПечатать книгу

Апавяданне «Галя»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: Апавяданне «Галя»
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 21 Ноябрь 2024, 20:14

Апавяданне «Галя»

Адна з асноўных праблем беларускай літаратуры — пошукі чалавечага шчасця і сэнсу жыцця. У апавяданні «Галя» Я. Брыль акцэнтаваў увагу чытача на тым, што кожны чалавек сам выбірае дарогу да шчасця. Твор з’явіўся яшчэ ў 50-я гады ХХ стагоддзя, але не страціў актуальнасці і па сённяшні дзень. Кожны чалавек марыць знайсці каханне, стварыць сям’ю і быць шчаслівым у шлюбе, але, на жаль, не ў кожнага гэта атрымліваецца. Галоўная гераіня твора, як і кожная дзяўчына, марыла аб шчасці. Вобраз Галі не мае рэальнага прататыпа, але ён вельмі дакладна ўвасабляе стойкасць чалавека перад жыццёвымі нягодамі, якія стаяць на шляху да шчасця. Менавіта нязломнасць характару галоўнай гераіні-гаротніцы вучыць быць аптымістам у любых жыццёвых абставінах.

З сімпатыяй апісваў аўтар галоўную гераіню, прыгожую і працавітую: «Прыгожай, спраўнай вырастала Галачка. У беднай сіраты — добра, хораша ў песні пяецца! — толькі чорныя бровы. Затое бровы — шнурочкам, вялікія карыя вочы, маленькія спрытныя рукі і лёгкія ножкі. Чырвоная хусцінка з вышытымі над ілбом пшанічнымі каласамі, неяк па-свойму, непаўторна завязаная на чорных густых валасах, была ў сірочай красе тым нечым вельмі важным, вельмі ўдала знойдзеным, з-за чаго вар’яцелі бадай усе гаросіцкія дзецюкі. А пойдзе ў танец Галачка — пастой ды паглядзі».

Гадавалася Галя ў самай беднай у вёсцы Гаросіца сям’і Марылі Парабчанкі. Але не беднасць прыносіла самыя горшыя пакуты, а знявага: дзяўчына была пазашлюбным дзіцем, і «дзеці лаялі яе брыдкім бязлітасным словам — байстручка». Галя не крыўдзілася на свет і людзей, і сіроцтва яе пэўным чынам кампенсавалася знешняй прыгажосцю і прывабнасцю. У вёсцы многія хлопцы сімпатызавалі ёй. Здавалася, што шчасце не міне такую дзяўчыну, але Галю чакалі нялёгкія жыццёвыя выпрабаванні.

Гісторыя кахання гераіні. Прыйшло да Галі шчасце кахання, але было яно вельмі нядоўгім. Калі ў вёсцы з’явіліся краўцы-кажушнікі, з імі наведалася ў Гаросіцу свята. Разам з двума братамі Торбамі прыйшоў і іх пляменнік Сярожа Юрачка — малады вясёлы хлопец, які добра іграў на гармоніку. Хлопцы шылі вяскоўцам кажухі, а вечарамі ім роўных не было на танцах. Галя адразу закахалася ў гарманіста Сярожу. Першае каханне ў жыцці гераіні было і апошнім: «А ён жа быў яе, яна была — яго, яны так хораша, так многа цалаваліся. Ды не многа, а тыдзень адзін, а ў тыдні ж толькі сем начэй». Толькі тыдзень сустракаліся Сярожа і Галя, але на ўсё жыццё засталіся ўспаміны, якія цеплілі ў душы гераіні надзею на паўтарэнне шчаслівых момантаў. Жыццёвыя сцежкі маладых людзей, якія маглі б стварыць шчаслівую сям’ю, разышліся. Вінаватыя ў гэтым і абставіны, і сама Галя.

Як стала потым вядома, Сярожа быў заходнебеларускім падпольшчыкам і за гэта трапіў у польскую турму. Застаўшыся адна, Галя не змагла супрацьстаяць дамаганням з боку Міколы Хамёнка, стала яго жонкай. Трапіўшы ў сям’ю Хамёнкаў, жанчына сутыкнулася з культам багацця. Аўтар супрацьпаставіў у апавяданні ідэі спажывецкай маралі і духоўнага жыцця чалавека. Свёкар Галі быў працавітым і заможным, але яго жыццёвыя інтарэсы абмяжоўваліся працай «для гумна1». Пісьменнік дакладна ахарактарызаваў сэнс жыцця і сутнасць шчасця па-хамёнкаўску: «І жыць, і працаваць трэба толькі таму, каб быць багатым. Хамёнак жыў для гумна. Галава пад старым каўпаком і старасвецкая хатка патрэбны былі менш, чым гэтае гумно. Гумно павінна заўсёды быць поўнае. <…> Менш паспіш — болей зробіш. Не з’ясі, не зносіш — больш застанецца». Відавочна, што гэта нестаноўчае аўтарскае вызначэнне сэнсу працы чалавека. Багацце не прынесла шчасця гэтаму чалавеку. 

Прага багацця дэфармавала свядомасць Хамёнка. Незадаволенасць стала звычайным станам старога. Калі ж прыйшла нявестка без пасагу, то для старога Хамёнка не магло быць большага расчаравання. Ён увесь час зневажаў Галю: «Байстручка, жабрачка, няўдаліца». Ён толькі тройчы за сумеснае жыццё быў «ласкавым» да нявесткі, і ў гэтай ласцы раскрываецца сямейная псіхалогія Хамёнкаў. Сквапнасць стала асноўным прынцыпам іх сямейнага ўкладу: у першы дзень пасля вяселля стары расшчодрыўся на лыжку масла, якое потым жонка разбавіла трыма лыжкамі вады. Нават да блізкіх людзей у гэтай сям’і адносіліся з халодным разлікам: калі захварэла Галя, то старую курыцу зарэзалі не з міласэрнасці, а таму, што бульба яшчэ не была дакапана і нявестка павінна хутчэй паправіцца і працаваць. Трэці раз Хамёнкава ласка выявілася, калі ён прапанаваў нявестцы ісці з ім красці суседаву канюшыну. 

Такі ўклад жыцця Хамёнкаў з пункту гледжання гуманістычнай маралі антычалавечы. Наглядным прыкладам негатыўнага ўздзеяння такой маралі з’яўляецца свякруха Галі, пра якую аўтар пісаў: «Яна была паслухмяная, ціхая, верная, гадоў ужо сорак маўчала, як цягавіты, непераборлівы конь». Становішча парабчанкі не адпавядала Галінаму ўяўленню пра сямейнае шчасце. Як выявілася, яе муж Мікола нічым не адрозніваўся ад свайго бацькі, для якога ашчаднасць ператварылася ў сквапнасць. Малодшага Хамёнка нічому не навучыла жыццё бацькі, які так і не пакарыстаўся плёнам сваёй працы.

Смерць старога Данькі відавочна сімвалізуе бессэнсоўнаўнасць і памылковасць уласніцкай філасофіі — «для гумна». Янка Брыль з дапамогай мастацкай дэталі падкрэсліў безвыніковасць жыцця Хамёнкаў. Ад старога Данькі застаўся толькі аблезлы каракулевы каўпак. Каўпак з’яўляецца сімвалам нікчэмнасці такога жыцця, калі жыць трэба толькі для таго, каб быць багатым. Мікола Хамёнак закінуў бацькаў каўпак на гарышча, але сам пераняў Данькаву «філасофію». Аўтар не сумняваўся, што праца — неабходная аснова чалавечага жыцця, але плён гэтай працы павінен выкарыстоўвацца на нейкія высокародныя мэты, надаваць радасць жыццю, узбагачаць яго сэнс. У Хамёнкаў працэс працы і яе вынік нараджаюць толькі бездухоўнасць. 

Праблема маральнага выбару і адказнасці чалавека за свае ўчынкі. Муж Галі паўтарыў шлях бацькі і жыў толькі вузкаасабістымі інтарэсамі. Амаральнасць такой пазіцыі відавочна праяўляецца ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі Хамёнак адпускае бараду і прыкідваецца старым і хворым, каб не змагацца з ворагам. Таму, калі прыйшлі ў хату партызаны, а з імі і Сярожа, Галі было сорамна за мужа і за тое, што яна была цяжарная ад яго. Вобраз Хамёнка выклікае агіду і абурэнне, таму што свае асабістыя інтарэсы ён паставіў вышэй за высакародныя памкненні ўсяго народа. Выбар Хамёнка — гэта тыповы выбар эгаіста, які жыве толькі для сябе. Не змяніўся Мікола, нават паваяваўшы ў канцы вайны. Спажывецкая псіхалогія прывяла яго да турмы. За спекуляцыю Хамёнак апынуўся за кратамі.

Галя пражыла з Міколам не адзін год пад адным дахам, нарадзіла ад гэтага чалавека дваіх дзяцей, але ў адносінах да яго з кожным годам узрастала ў жанчыны адчужанасць і нават агіда: «Не, ён — не толькі спекулянт, — у думках гаворыць яна, нібы яшчэ ўсё размаўляючы з дачкой. — Ён — баязлівец, злосны, плюгавы, шкодны чалавек. Ён ніколі не быў тваім бацькам, дачушка мая, не быў маім мужам. Ніколі!..» Роднасць тут бачыцца не па крыві, а найперш па духоўнай тоеснасці жыццёвых інтарэсаў. Можна толькі ўявіць, як псіхалагічна складана было Галі быць побач з гэтым чалавекам. І не толькі таму, што не было кахання, але не было і агульных інтарэсаў, не было духоўнай еднасці. Да заслуг Галі можна аднесці тое, што яна выхоўвала дзяцей маральна здаровымі, з агульналюдскімі жыццёвымі арыенцірамі.

У адрозненне ад Хамёнка Сярожа Юрачка і ў заходнебеларускі перыяд, і ў час фашысцкай навалы змагаўся за волю і шчасце народа. Зразумела, чаму Галя хінулася да Сярожы, які выявіў сябе патрыётам і працаўніком. Як і яе каханы, жанчына бачыць сэнс жыцця ў тым, каб жыць сярод людзей і для людзей. У канцы твора галоўная гераіня просіць старшыню калгаса перасяліць яе з дзецьмі ў вёску, бо жыццё на хутары для яе становіцца невыносным. З пераездам Галя звязвае спадзяванні на шчасце і будучыню дзяцей, а таксама на новае жыццё для сябе. 

Духоўныя каштоўнасці і іх значэнне для чалавека. Час, апісаны ў творы, быў складаны ў эканамічным плане. Большасць людзей жыла небагата і хацела выбіцца з галечы. Аднак сквапнасць не лепшы сродак жыць шчасліва і годна. Таму пісьменнік супрацьпаставіў вобразам Хамёнкаў людзей са здаровай мараллю. Вобразы Галі і Сярожы створаны ў народных традыцыях: яна — працавітая, самаадданая жанчына з тонкай душой і чулым сэрцам; ён — мужны, самаахвярны мужчына-абаронца, які гатовы аддаць жыццё за шчасце блізкіх людзей. 

Спалучэнне лірычнай усхваляванасці з глыбокім пранікненнем у псіхалогію чалавека. Гэта дае магчымасць аўтару шырока раскрыць духоўную сутнасць гераіні. Мы суперажываем жанчыне, якая спакутавалася без адкрытай, шчырай размовы з духоўна блізкім чалавекам. Для раскрыцця духоўнага свету Галі аўтар выкарыстоўваў унутраныя маналогі гераіні. У іх яна шчырая і адкрытая: і калі ўспамінае бязрадаснае жыццё з мужам, і калі спадзяецца на аднаўленне адносін з Сяргеем. Галя ўвесь час прыслухоўваецца да гулу трактара, які яна ўжо беспамылкова пазнае, бо там працуе жаданы і каханы чалавек. «А можа, гэта ён яшчэ сядзіць за рулём? Не, не ён. Нават трактар ракоча не там, — не даходзіць у сэрцы яго несціханы, бязлітасны, добры, любімы гул. Не, не ён.

Нехта ідзе па дарозе… Божа мой — ён!..» 

Гэты ўнутраны маналог ярка характарызуе гераіню, якая па-ранейшаму кахае, хоць, напэўна, тое, што яна перажыла ў дзявоцтве, ужо незваротнае. Але спакутаванае сэрца не хоча развітвацца з каханнем, са спадзяваннем на шчасце. 

Аўтар даў зразумець чытачу, што шчасце і каханне ў жыцці Галі яшчэ можа быць, але наўрад ці гэта будзе з Сярожам. Галоўная памылка маладой жанчыны ў тым, што яна не хоча мірыцца з незваротнасцю часу. Надзея на шчасце з Сярожам засталася ў мінулым. Цяпер ёй трэба жыць сённяшнім днём. Разам з тым нельга свярджаць, што Галя няшчасная: яна шчаслівая ў мацярынстве. У яе добрыя дзеці і, гледзячы, як яны растуць, гераіня атрымлівае задавальненне ад жыцця. Яна радуецца за сына Антося, які расце не такім, як бацька: ён працавіты, але цягнецца да людзей, грамады. З асаблівым замілаваннем глядзіць Галя на дачушку, у якой яна бачыць сябе ў маладосці: «Галя вельмі любіць Сонечку. Галі ў маленстве ніхто не здымаў. Якія там маглі быць здымкі. Добра хоць, што люстэрка было ў Парабчанкі. Ды Галя глядзіць на Сонечку сваю, як у люстэрка. Такою, мусіць, толькі такою была яна сама калісьці, — з вялікімі вачыма, чорненькая шчабятушка…». 

Для раскрыцця характару гераіні ў творы шырока выкарыстоўваюцца ўнутраныя маналогі. Яны раскрываюць матывы ўчынкаў гераіні і выклікаюць давер чытача да яе. Адлюстраванне асобы героя праз успаміны, унутраныя маналогі, як гэта адбываецца ў апавяданні «Галя», з’яўляецца характэрнай асаблівасцю лірычнай прозы. Пейзаж у творы таксама адыгрывае важную ролю ў раскрыцці духоўнага свету гераіні. Галя — сумленны чалавек з чыстым сэрцам, але з параненай душой, яна стамілася жыць адна. Таму ў пейзажных замалёўках гул трактара ўвасабляе покліч да гарманічнага жыцця сярод людзей: «А над пшаніцай, над лёнам, над хлебнай, спакойнай зямлёй — высока ў небе поўны, усім задаволены месяц. 

Ды ўсё гэта так сабе, усё гэта — дзеля таго, каб далёка над полем разносіўся гул, грукатанне трактара». 

Менавіта таму ў фінале твора Галя вырашае перасяліцца.

Асаблівасці кампазіцыі апавядання. Лірызм гэтага твора таксама выяўляецца ў павышанай увазе аўтара да перадачы багатага ўнутранага свету Галі, глыбокай эмацыянальнасці ў апісанні яе жыцця і рэтраспектыўным паказе падзей маладосці гераіні. Выкарыстанне гістарычнай рэтраспекцыі з’яўляецца асноўнай асаблівасцю кампазіцыі апавядання. Два гістарычныя планы — даваеннае жыццё і падзеі Вялікай Айчыннай вайны з’яўляюцца вельмі важнымі для характарыстыкі герояў і выражэння асноўнай ідэі твора. Праз успаміны аўтар развіваў сюжэт і тым самым паступова раскрываў жыццёвую драму Галі.

Шырокі ахоп гістарычных падзей і чалавечых лёсаў адлюстроўвае складанасць і супярэчлівасць чалавечага жыцця, у якім ёсць месца не толькі радасці, але і смутку. Тым не менш твор паказвае, што паўната жыцця складаецца з розных кампанентаў.

 ____________________

1 Гумнó — вялікая халодная будыніна для захоўвання і абмалоту збожжа.

Пытаннi

1. Вызначце асноўную ідэю апавядання Я. Брыля «Галя».
2. Як у творы вырашаецца праблема чалавечага шчасця і сэнсу жыцця?
3. Дайце характарыстыку галоўным героям апавядання.
4. У чым выяўляюцца асаблівасці кампазіцыі твора?
5. Паразважайце, якое значэнне маюць у жыцці чалавека духоўныя каштоўнасці. 
6. Выкажыце свае адносіны да ацэнкі галоўнай гераіні, зробленай літаратуразнаўцам У. Калеснікам: «Галя належала да таго тыпу жанчын, якія не могуць жыць ні адным розумам, ні адным абавязкам, ні нават адным сэрцам, яна ўвогуле не можа жыць адна. Для рэалізацыі сябе як асобы, для здзяйснення ўсёй сваёй жаноцкасці Галі патрэбен любімы чалавек, сапраўдны друг, жыццёвы партнёр, урэшце ёй патрэбна здаровая дружная сям’я, дзеці, родзічы, сябры і суседзі — усе добрыя людзі, увесь белы свет».