Печатать книгуПечатать книгу

ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Традыцыі і наватарства. Паняцце пра лірычную прозу

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Традыцыі і наватарства. Паняцце пра лірычную прозу
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 7 Май 2024, 18:57

Традыцыі і наватарства. Паняцце пра лірычную прозу

Традыцыі і наватарства. Паняцце пра лірычную прозу

Традыцыі і наватарства з’яўляюцца важнейшымі складнікамі развіцця любой нацыянальнай літаратуры. Гэта звязана з пераасэнсаваннем творчага вопыту пісьменнікаў розных пакаленняў. Традыцыя ў літаратуры складваецца з агульных для розных перыядаў тэм, матываў, вобразаў, жанравых і кампазіцыйных адметнасцей. Наватарства ў мастацтве слова выяўляецца ў распрацоўцы новых тэм, жанравых форм, тыпаў, сродкаў адлюстравання рэчаіснасці. Перш за ўсё традыцыі і наватарства характарызуюць пераемнасць і абнаўленне літаратурнага працэсу. Напрыклад, Я. Брыль працягваў традыцыі класічнай беларускай літаратуры ў паказе чалавека працы, раскрыцці псіхалогіі героя-працаўніка. Аўтар апавядання «Галя», відавочна, абапіраўся на эстэтычны вопыт класікаў айчыннага мастацтва слова Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама рускіх пісьменнікаў Л. Талстога і А. Чэхава. Разам з тым пісьменнік выявіўся як наватар у жанры мініяцюры, якая раскрывала глыбокае пачуццё патрыятызму і любові да свайго народа.

Лірычная проза — стылёвая плынь мастацкай прозы, якая вылучаецца павышанай эмацыянальнасцю і адкрытым, непасрэдным выяўленнем аўтарскіх адносін да паказ.

У ёй спалучаюцца рысы эпічнага і лірычнага адлюстравання рэчаіснасці. Стылістычна такія творы характарызуюцца эмацыянальнай насычанасцю і адлюстраваннем пачуццяў герояў і аўтара. У лірычнай прозе дамінуе суб’ектыўны пачатак. Для яе характэрна выкарыстанне адметных сродкаў выразнасці: перавага аўтарскага «я», экспрэсія, змена моўнай інтанацыі, павышаная ўвага да дэталей і эмацыянальнага стану героя і г. д.

Такія сродкі выразнасці дапамагаюць дакладна перадаваць духоўны свет герояў. Аснова кампазіцыі ў лірычнай прозе — перажыванні лірычнага героя, які амаль заўсёды з’яўляецца двайніком аўтара. Характэрныя жанравыя формы лірычнай прозы — эпісталярныя, дзённікавыя, аўтабіяграфічныя творы, падарожныя нататкі і эсэ.

Важнае значэнне ў лірычнай прозе мае галоўны герой, характар якога раскрываецца праз яго думкі і пачуцці. Як слушна адзначае даследчык літаратуры Вера Ляшук, такі герой духоўна блізкі аўтару: «Звычайна гэта любімы герой аўтара, выразнік яго ідэалаў. Пра духоўнае жыццё героя чытач даведваецца праз унутраныя маналогі, няўласна-простую мову, праз успаміны, адным словам, праз сродкі ўнутранай тыпізацыі. Герой у творах лірычнай прозы сканцэнтраваны на сваім духоўным жыцці і найпаўней выяўляецца ў духоўнай сферы. Такім героем у рамане Янкі Брыля “Птушкі і гнёзды” з’яўляецца Алесь Руневіч».

Жанр мініяцюры адносіцца да лірычнай прозы. У мініяцюры спалучаюцца рысы эпасу і лірыкі. Творы гэтага жанру ўяўляюць сабой невялікае, лаканічнае апавяданне, у якім амаль няма дзеяння, але ёсць суб’ектыўнае, непаўторна-асабістае ўражанне ад рэальных канкрэтных фактаў жыцця.

Лірычная мініяцюра як жанр мае сціслы аб’ём, свабодную кампазіцыю, афарыстычнасць, суб’ектыўнаць, імкненне да бессюжэтнасці і цыклічнасць.

Галоўнай жанравай прыметай мініяцюры з’яўляецца лаканізм, шматзначнасць, метафарычнасць або афарыстычнасць. Уладзімір Калеснік, даследуючы мініяцюры Я. Брыля, адзначаў: «Мініяцюра знаходзіцца на сутыках не толькі паэзіі і прозы, але недзе і на сумежжы мастацка-вобразнага і навукова-лагічнага абагульненняў. Адны з іх бываюць больш эмацыянальнымі, як вершы, метафарычнымі, як лірычныя імпрэсіі, а іншыя — больш рацыянальнымі, дасціпнымі, як афарызмы, мудрымі, як прыказкі ці прытчы, парадаксальнымі, як мудраслоўі».

Для твораў гэтага жанру характэрна перадача пачуццяў і ўражанняў ад успрыняцця рэчаіснасці. Менавіта таму ў лірычнай прозе ярка выражаны асобасны, суб’ектыўна-аўтарскі пачатак, індывідуальна-пісьменніцкае адлюстраванне жыцця.

Асновай лірычнай прозы становіцца перадача думак пісьменніка, яго перажыванняў, рэфлексій, якія і вызначаюць асноўную ідэю твора. Пазіцыя аўтара-апавядальніка (суб’екта аповеду) у лірычнай мініяцюры становіцца цэнтрам кампазіцыі твора.

Сродкі стварэння мастацкага вобраза ў «малой прозе»

Назвы мініяцюр «Загадка» і «Трохі пра вечнае» інтрыгуюць чытача, настройваюць на зацікаўленае ўспрыманне тэксту твораў. У першай мініяцюры аўтар разам з героем паспрабаваў разгадаць таямніцу характару беларускага народа. Сродкамі стварэння вобразу народа сталі ўчынкі вяскоўцаў, іх паводзіны. Характар рускага хлопца раскрываецца праз эвалюцыю яго адносін да беларусаў. 

Мініяцюра «Трохі пра вечнае» больш эмацыянальная, вобраз лірычнага героя раскрываецца праз рамантычнае ўспрыманне ім навакольнага свету, пейзажу, што выяўляецца праз мастацкія дэталі, метафары, якія ў творы вырастаюць да вобразаў-сімвалаў.

 

Пытаннi

0-1. У чым выяўляюцца традыцыя і наватарства ў мастацкай літаратуры?
0-2.Паразважайце над праблемай наватарства ў творчасці Я. Брыля.
1.. Назавіце адметныя рысы лірычнай прозы.
2.. Якія жанры лірычнай прозы вам вядомы?
3. Акрэсліце сродкі стварэння мастацкага вобраза ў «малой прозе». 
4. Творчасць якога рускага пісьменніка, на ваш погляд, мае стылёвае падабенства з прозай Я. Брыля?
5. Падрыхтуйце паведамленне «Уплыў Льва Талстога на фарміраванне светапогляду Янкі Брыля».