Print this chapterPrint this chapter

Развіццё беларускай літаратуры ў 60 — пачатку 90-х гг. Агляд

Проза

Патэнцыял духоўна­эстэтычнага абнаўлення, закладзены «адлігай», праявіўся ў далейшым развіцці і паглыбленні культуры беларускага празаічнага пісьма. Тэматычнай дамінантай у прозе гэтага перыяду стала асэнсаванне трагічнага вопыту Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху ў творчасці прадстаўнікоў ваеннага пакалення (В. Быкава, І. Мележа, І. Навуменкі, І. Шамякіна, А. Адамовіча) і пакалення дзяцей вайны (М. Стральцова, В. Казько, І. Пташнікава). Характэрныя асаблівасці твораў ваеннай тэматыкі — павышаны драматызм, выключна складаныя абставіны, калі чалавек, апынуўшыся на мяжы жыцця і смерці, праяўляе сваю маральную сутнасць.

Асабліва вылучаліся творы, прысвечаныя гераізму народа ў час вайны і памяці шматлікіх ахвяр сярод мірных жыхароў на акупаванай беларускай зямлі. Гэта аповесці «Тартак» Івана Пташнікава, «Хатынская аповесць» Алеся Адамовіча і інш. Пісьменнікі паказвалі жахлівае аблічча фашызму і яго злачынствы супраць чалавецтва. Фарміраваўся жанр дакументальнай ваеннай прозы, заснаванай на рэальным матэрыяле, дакладных фактах. Кніга «Я з вогненнай вёскі...» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка ўвекавечвае ўсенародныя памяць і боль і з’яўляецца суровым абвінавачваннем фашызму.

Акрамя таго, у ваеннай прозе 1970­х гадоў выявілася тэндэнцыя да спалучэння тэмы вайны і сучаснасці ў адным творы. Для аповесці «Суд у Слабадзе» Віктара Казько характэрна сумяшчэнне двух часавых пластоў — мінулага і сучаснага. Менавіта ў мірны час галоўны герой, дзетдомавец Колька Лецечка, стаў ахвярай той страшэннай вайны. Герой успамінае трагічнае дзяцінства: эксперыменты над людзьмі ў канцлагеры, дзе ён быў, страту маці... Усё тое, што адняло ў хлопца памяць, вяртаецца, калі ён прыходзіць на суд над былымі паліцэйскімі. Гэта выпрабаванне не пад сілу падлетку, і ён, маральна і фізічна зняможаны ўспамінамі, памірае.

Значнай з’явай прозы 1960­х — пачатку 1990­х гадоў стала развіццё і ўзбагачэнне гістарычнага жанру. Па­мастацку захапляльна і глыбока пераасэнсоўваліся падзеі далёкай і блізкай беларускай мінуўшчыны ў творах Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», Вячаслава Адамчыка «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца», «Голас крыві брата твайго».

Раманы Генрыха Далідовіча «Пабуджаныя», «Свой дом» прысвечаны падзеям ад Першай сусветнай вайны да 1919 года — перыяду станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Гэтыя раманы — суровы роздум пра мінулае і сучаснасць, драматычныя старонкі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе і пошукі беларусамі свайго дзяржаўна­гістарычнага шляху. Героямі твораў Г. Далідовіча з’яўляюцца рэальныя гістарычныя дзеячы: Янка Купала, Цішка Гартны, Аляксандр Чарвякоў.

Тэтралогія Вячаслава Адамчыка «Чужая бацькаўшчына» прысвечана грамадска­палітычным падзеям з мінулага заходнебеларускай вёскі, пачынаючы яшчэ з даваенных часоў пры Польшчы і заканчваючы Вялікай Айчыннай вайной. Пісьменнік не замоўчваў цяжкасці ўстанаўлення савецкай улады менавіта на заходніх землях Беларусі, звяртаўся да падрабязнага апісання хвалі рэпрэсій, трагедыі Першай і Другой сусветных войнаў. Аўтар мастацкімі сродкамі даследаваў духоўныя і маральныя пошукі беларусаў, людзей з рознымі імкненнямі — шчырых і сквапных, справядлівых і хітрых, спагадлівых і жорсткіх, тых, хто, на яго думку, і стварае народную гісторыю.

Тэма вясковай бацькаўшчыны, вяртання да вытокаў стала вельмі актуальнай у нацыянальнай прозе. Кола праблем, звязаных з мінулым, сучаснасцю і будучыняй вёскі, маральна­філасофскім светам яе жыхароў, следам за І. Мележам («Палеская хроніка») распрацоўвалі ў сваіх творах А. Жук («Паляванне на Апошняга Жураўля»), В. Карамазаў («Бярозавыя венікі», «Пушча»), І. Пташнікаў («Мсціжы»), Г. Марчук («Крык на хутары»). У мастацкіх творах беларускія пісьменнікі асэнсоўвалі сацыяльныя зломы ХХ стагоддзя і іх сумны ўплыў на лёс вёскі, асуджалі бязлітасныя да прыроды і чалавека сацыяльныя і вытворчыя эксперыменты.

Своеасаблівыя тэмы экалогіі душы і прыроды, страты маральных арыенціраў у вірлівай сучаснасці, захавання духоўнасці чалавека і грамадства, клопату пра сумленнасць душы спалучаліся ў творах гэтых пісьменнікаў з ідэямі нацыянальнага — роднай прыроды, бацькоўскага кутка — як сапраўднай каштоўнасці і крыніцы натхнення. Балючая праўда пра неперспектыўную вёску, маральную абыякавасць сучаснікаў паказана ў аповесці Алеся Жука «Паляванне на Апошняга Жураўля». Сапраўды трагічнай фігурай выступае галоўны герой твора Сцяпан Дзямідчык, які здолеў зберагчы сваю душу жывой. Яму не абыякавы лёс роднай зямлі, нават самай малой травінкі на ёй. Гэты чалавек­праўдалюб, дзейсная і актыўная натура, гіне ад кулі браканьераў. Але найбольш небяспечна тое, што герой гіне і па прычыне людской абыякавасці і карыслівасці.

Лірызацыя аповеду пры асэнсаванні тэмы вяртання да вытокаў, да радаводных каранёў уласціва і творчай манеры Віктара Гардзея. Дэталёвая рэканструкцыя падзей і атмасферы пасляваенных гадоў у аповесцях пісьменніка падаецца праз успрыманне дзяцей з палескіх вёсачак («Дом з блакітнымі аканіцамі», «Жыта ганьбу не заслоніць»). Простыя падзеі сялянскага жыцця, бытавыя клопаты звычайнага чалавека, узноўленыя па законах дзіцячага ўспрымання, набываюць прыметы шчырай душэўнасці, тонкага псіхалагізму, пераўтвараюцца ў лірычныя малюнкі.

Побач з буйнымі эпічнымі палотнамі У. Караткевіча, І. Мележа, І. Пташнікава, В. Адамчыка, Г. Далідовіча развівалася філасофскалірычная проза Я. Брыля, М. Стральцова. Літаратурны працэс узбагачаецца фактаграфічнымі тэкстамі — сведчаннямі бурлівай эпохі, ваенных падзей, поўнымі псіхалагічнага напружання творамі В. Быкава, А. Адамовіча. У гэты час фарміравалася літаратура «перасцярогі» ад залішне смелых і паспешных эксперыментаў з прыродай, нацыянальнай ментальнасцю, душой сучасніка. Гэта плынь прадстаўлена празаічнымі творамі В. Карамазава, А. Жука, В. Казько і інш.

Драматычны лёс беларускай вёскі і беларускай моладзі, якая пакідае малую радзіму і імкнецца да аблегчанага гарадскога быту, закранае ў сваіх творах Віктар Карамазаў. Прымушаюць чытача задумацца пра жыццё людзей-«летуноў», якія ў пошуках «лёгкага» матэрыяльнага дастатку трацяць «святое штосьці» (Р. Барадулін), аповесці В. Карамазава «Пагоннік» (1967), «Бярозавыя венікі» (1973), «Дзень Барыса і Глеба» (1981). У творах пісьменніка гучыць трывожнае папярэджанне: нельга ператварацца ў блудных дзяцей, забываць пра родныя мясціны і людзей, якім ты абавязаны сваім жыццём і выхаваннем; вёска — крыніца чысціні, месца сілы беларуса, але яна, на жаль, вымірае. Драмай пакаленняў маладых і сталых вяскоўцаў успрымаюцца апавяданні В. Карамазава «Жаваранак», «Дзяльба кабанчыка», «Гарадскія». Маларадасным, хоць і «цывілізаваным», пазбаўленым трывалых народна-маральных і духоўных асноў уяўляецца жыццё вяскоўцаў у горадзе. Іх душа распята паміж вёскай, дзе жывуць ужо нямоглыя бацькі, а часцей — толькі матулі, і горадам, цеснай кватэрай «з усімі выгодамі» і працай. Зямля і прырода, дарагія бацькі і родныя краявіды жывуць у душы вяскоўцаў і неадольна вабяць дадому.

Пра тое, што «сучасная цывілізацыя» можа пазбавіць будучыні наступныя пакаленні беларусаў, пра недапушчальнасць спажывецкага прыродакарыстання папярэджваў В. Карамазаў у гісторыка-філасофскім рамане «Пушча». (У творы пісьменнік прапанаваў шляхі рашэння актуальнай сёння экалагічнай праблемы, што дае падставы лічыць аўтара прадстаўніком прыродаахоўнай тэмы ў нашай нацыянальнай літаратуры.)

Арыгінальным літаратурна-філасофскім працягам асэнсавання сувязі чалавека з прыродай, вытокаў духоўна-творчага жыцця асобы сталі творы В. Карамазава, прысвечаныя лёсам беларускіх жывапісцаў, — «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (аповесць-даследаванне пра В. К. Бялыніцкага-Бірулю), «Мой брат духоўны…» (пра жывапісца С. Жукоўскага), эсэістычныя творы пра лёсы мастакоў Г. Вашчанкі, А. Бараноўскага, А. Бархаткова.

Філасафізмам, шматпланавасцю падзей уражвае раман В. Карамазава «Бежанцы» (1990). Аўтар паказаў жыццё свайго роду і ўсяго беларускага народа ў некалькіх часавых вымярэннях: ад лёсу бацькі, беднасці яго маленства, салдацкіх акопаў Першай сусветнай вайны, голаду да раскулачвання, сталінскіх рэпрэсій, вайны 1941 года. Большасць пералічаных падзей суправаджалася бежанствам народа ад нягод. Аднак праз многа годоў, у 1986-м, чарнобыльская трагедыя зноў робіць беларусаў выгнаннікамі з дарагіх і родных мясцін. Болем і трывогай пісьменніка за жыццё паслячарнобыльскай Беларусі прасякнута аповесць «Краем Белага шляху» (1992).

З 70-х гадоў ХХ стагоддзя пачалі з’яўляцца празаічныя творы Янкі Сіпакова. У аповесцях «Крыло цішыні», «Усе мы з хат» пісьменнік звяртаўся да праблем пасляваеннай і тагачаснай беларускай вёскі, драматычных людскіх лёсаў. У рэчышчы ўсёй тагачаснай літаратуры ён разважаў над праблемай урбанізацыі, пра тое станоўчае і адмоўнае, што нясе працэс перасялення беларускай моладзі ў гарады. Гарадское жыццё вяскоўцаў адлюстравана ў аповесці «Жыві, як хочацца». Аўтар не прымаў бездухоўнасць і абыякавасць у адносінах паміж людзьмі, асуджаў спажывецкія памкненні герояў, якія намагаюцца больш браць, чым аддаваць. Гэтыя ж праблемы характэрны і для гумарыстычных кніг Я. Сіпакова «Лысы юбілей», «Плюс на мінус», «Ланцугі для мух», «Пятніца ў суботу». Тэма ваеннага мінулага і мірнага жыцця ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі, няпростыя лёсы герояў адлюстраваны ў аповесці «Пыл пад нагамі». Тэма памяці пра вайну, каханых і дарагіх людзей, жыццё сучаснікаў, іх ідэалы і ўзаемаадносіны хвалююча асэнсоўваюцца ў апавяданнях і эсэ «Жанчына сярод мужчын», «Пяць струн».