Print this chapterPrint this chapter

Развіццё беларускай літаратуры ў 60 — пачатку 90-х гг. Агляд

Агульны агляд

Перыяд 1960-х — пачатку 1990-х гадоў увайшоў у гісторыю грамадства і культуры як вызначальны, важны і адначасова няпросты для развіцця нацыянальнай літаратуры і мастацтва. Пачатак 1960-х гадоў быў часам абнаўлення грамадскага жыцця.

У літаратуры ўзнікалі наватарскія творы розных жанраў, заўважаліся эксперыментальныя пошукі новых форм мастацкага выказвання. Пісьменнікі атрымалі магчымасць творчага самавыяўлення. Чалавек, герой літаратуры гэтага часу, паказваўся цэласна, ва ўсёй складанасці яго адносін да жыцця і да самога сябе. Аднаўляўся гуманістычны патэнцыял літаратуры. Паглыблялася сфера мастацкага даследавання жыцця і пашыраўся тэматычны дыяпазон творчасці: пісьменнікі імкнуліся па-філасофску глыбока адлюстроўваць з’явы сучаснасці, звярталіся ў творчасці да падзей нацыянальнай гісторыі.

Сапраўды трагічнае гучанне набыла тэма Вялікай Айчыннай вайны, лёсу і выпрабаванняў цэлага пакалення беларусаў, тых, каго кранула ваеннае ліхалецце. У літаратуры створаны мастацкі вобраз беларускага народа-працаўніка, героя — прадстаўніка народнай большасці, руплівага, адказнага, са шчырым сэрцам. Але пасля хрушчоўскай адлігі пачаліся і «замаразкі», якія цягнуліся да пачатку 1980-х гадоў, да таго часу, калі набралі сілу ідэі абнаўлення і перабудовы грамадства.

У беларускім літаратурным працэсе 1960—1980-я гады мелі свае ўнутраныя ідэйна-эстэтычныя адметнасці, якія ўплывалі на мастакоў слова. У творах пісьменнікаў паказаны змены ў светапоглядзе людзей, пераацэнка жыццёвых і маральных каштоўнасцей, якія дамінавалі ў той час. Шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя адзначаны пафасам праўдзівасці ў літаратуры. Пісьменнікі з дастатковай мастацкай паўнатой адлюстроўвалі мінулае і сучаснасць. Пафас праўдзівасці шасцідзясятнікаў падхоплівалі новыя пакаленні творцаў.

Сямідзясятыя гады ХХ стагоддзя ў беларускай літаратуры сталі перыядам паглыбленага мастацка-філасофскага асэнсавання жыцця, «незалежна ад устаноўленай ідэалагічнай дагматыкі і намаганняў партыі, як і раней, кіраваць літаратурай» (У. Гніламедаў). Да гэтага часу літаратурным героем быў не столькі чалавек па сваёй сутнасці, характары, духоўнай і псіхалагічнай глыбіні, колькі яго справа, прафесія, праца (старшыня калгаса, урач, будаўнік і г. д.). Пры гэтым часта ігнараваліся ўнутранае багацце чалавека, яго глыбока асабістыя перажыванні, сумненні, драмы. Гэту ўстаноўку рашуча парушылі В. Быкаў, І. Мележ, І. Шамякін, А. Макаёнак, У. Караткевіч і іншыя пісьменнікі, якія ў сваіх творах адкрывалі псіхалагічныя глыбіні чалавечых характараў і ўчынкаў.

Беларускія творцы цікавіліся многімі замежнымі ідэйна-філасофскімі і мастацкімі напрамкамі, выкарыстоўвалі іх эстэтыку ў сваёй творчасці (экзістэнцыялізм1 у творчасці В. Быкава, эстэтыка польскай паэзіі ў творчасці Максіма Танка і г. д., еўрапейскія традыцыі гістарычнай прозы ў творчасці У. Караткевіча). На беларускую літаратуру гэтага часу станоўча ўплывала руская класіка, асабліва творы Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, А. Чэхава, сучасных паэтаў і празаікаў. Сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя былі часам высокіх дасягненняў беларускай паэзіі і нацыянальнай прозы — апавядання, аповесці, рамана.

У сярэдзіне 1980-х гадоў савецкае грамадства ўступіла ў стадыю кардынальных перамен, якія прыкметна паўплывалі на развіццё беларускай літаратуры. Новая літаратурная эпоха пачыналася з дэмакратычных змен у ідэалагічнай і маральнай сферах грамадства, прыкметнага пашырэння свабоды слова, галоснасці. Сацыялістычны рэалізм у гэты час са строга рэгламентаванага творчага метаду, асноўнымі прынцыпамі якога доўга былі класавасць, партыйнасць, народнасць, ператвараўся ў «адкрытую мастацкую сістэму», гэта значыць больш актыўна выкарыстоўваліся мастацкія знаходкі крытычнага рэалізму, сімвалізму, рамантызму.

Пісьменнікі ўсё часцей звярталіся да паэтыкі мадэрнізму. «Літаратура брала на сябе смеласць адкрыта гаварыць пра імкненне асобы да свабоды самавыяўлення, пра яшчэ нядаўна забароненае слова “душа”, што атаясамлівалася з паняццямі грамадзянскай мужнасці і маральнай адказнасці “за ўсё на свеце”. Вобраз свабоднага і адкрытага чалавека асабліва выразна заўважаўся на фоне ранейшага зацыкленага на ідэалогіі “змагара за сацыялізм” і “масавага” героя-калектывіста» (М. Тычына).

Пафас беларускай літаратуры 1980-х гадоў быў звернуты да свядомасці асобы, абуджэння сацыяльнай, грамадзянскай, нацыянальнай актыўнасці народа, асабліва пасля чарнобыльскай катастрофы (1986). 

Наступіў перыяд, калі мастацтва слова інтэнсіўна набывала рысы філасафізму і публіцыстычнасці.

Трагічныя падзеі Чарнобыля, па меркаванні літаратуразнаўцаў, сталі пунктам адліку навейшай гісторыі беларусаў, стымулявалі роздум пісьменнікаў пра тое, што адбывалася з народам на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. У свядомасці асобы абудзілася цікавасць да прыхаванага, глыбіннага і самага істотнага ў беларускай рэчаіснасці, нацыянальным характары, на старонках друку вяліся дыскусіі аб прычынах драматызму айчыннай гісторыі. Пра гэта трапна пісаў літаратуразнавец М. Тычына: «Беларуская трагедыя, адлюстраваная ў сімволіцы назваў “Курапаты”, “Хатынь”, “Чарнобыль”, злучыла ў адзін гістарычны ланцуг падзеі мінулага і сучаснасці, актывізавала ўвагу да тэндэнцый нашага руху ў будучыню…» 

У беларускай літаратуры пасля 1980-х гадоў узнікла шмат твораў, прысвечаных чарнобыльскай, філасофска-экалагічнай праблематыцы. Гэта твор А. Адамовіча «Апошняя пастараль», кніга паэзіі М. Мятліцкага «Бабчын», кніга выбраных вершаў беларускіх паэтаў «Зорка Палын», раман І. Шамякіна «Злая зорка», аповесць В. Быкава «Ваўчыная яма» і інш.

Літаратурны працэс 1980-х гадоў характарызуецца асаблівай інтэнсіўнасцю і, як ніколі раней, становіцца разнастайным і багатым. Гэты час вызначаецца свабодай творчага самавыяўлення пісьменнікаў. Пачынаючы з другой паловы 1980-х гадоў беларуская літаратура ўсё шырэй далучалася да навейшага еўрапейскага і сусветнага літаратурнага працэсу. Усё часцей беларускія творцы пачалі выходзіць за круг традыцыйнага, даўно вядомага i асвоенага. Пісьменнікі пачыналі смела эксперыментаваць, узбагачаць жанры, формы i стылёва-выяўленчыя сродкі сваіх твораў. Стала зразумела, што метад сацрэалізму, паводле якога надавалася прыярытэтная або нават выключная роля рэалістычнаму адлюстраванню свету, стрымліваў творчую фантазію мастакоў, пазбаўляў іх права на наватарства.

Беларускія паэты, празаікі, драматургі з поспехам выкарыстоўвалі мадэрнісцкую сістэму стылёва-выяўленчых сродкаў. Але ў 80-я гады ХХ стагоддзя пра гэта не прынята было гаварыць як пра станоўчую з’яву, паколькі лічылася, што мадэрнісцкая творчасць абмежаваная ў сваіх мастацкіх магчымасцях, неэстэтычная i з’яўляецца ўвасабленнем чужой для савецкага чалавека ідэалогіі.

Авангардызм нёс у літаратуру і мастацтва новае светаадчуванне. Яно пярэчыла нарматыўнасці рэалізму, выяўляла ўнутраны свет асобы. Пісьменнікі па-мастацку смела пераўтваралі вобразы і падзеі рэчаіснасці, ужывалі разнастайныя кампазіцыйныя, стылёвыя, графічныя прыёмы пісьма i інш.

У перабудовачны і паслячарнобыльскі час літаратура ўзяла на сябе місію духоўнага і маральнага ачышчэння грамадства, адраджэння лепшых рыс нацыянальнага характару пасля дзесяцігоддзяў таталітарнай і савецкай рэгламентацыі.

Даследаванні беларускіх літаратуразнаўцаў і творы пісьменнікаў вярталі народу гістарычную памяць, нацыянальную годнасць. Пачаўся першы этап уключэння ў літаратуру творчасці беларускіх пісьменнікаў, якія аказаліся за межамі Беларусі, а таксама рэабілітаваных мастакоў слова (Андрэя Мрыя, Леапольда Родзевіча, Уладзіміра Жылкі і інш.). У літаратуру прыйшлі такія творцы, як Георгій Марчук, Алесь Разанаў, Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская і інш.

У гэты час на мовы розных народаў свету перакладаліся кнігі беларускіх мастакоў слова. Шырокую вядомасць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах атрымала творчасць Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Івана Навуменкі, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Ніла Гілевіча, Івана Чыгрынава, Вячаслава Адамчыка і інш. Былі створаны раманы-эпапеі (Вячаслаў Адамчык, Іван Чыгрынаў, Віктар Казько, Іван Пташнікаў, Віктар Карамазаў і інш.), эпічныя і філасофскія паэмы (Васіль Зуёнак, Янка Сіпакоў і інш.). Пісьменнікі імкнуліся да паглыбленага ўзнаўлення лёсу народа, падзейнай насычанасці, шырокага ахопу сацыяльна- маральных праблем. Разам з тым сталела і набывала распаўсюджанне лірызацыя прозы, праяўлялася цікавасць мастакоў слова да складанага ўнутранага свету асобы, распрацоўваліся прыёмы глыбокага псіхалагічнага, аналітычнага, філасофска-метафарычнага спасціжэння душы героя, нацыянальнай ментальнасці, сутнасці прызначэння чалавека.

У гэтыя гады з’явіўся шэраг філасофскіх, псіхалагічна заглыбленых аповесцей і прыпавесцей, празаічных лірычных мініяцюр (В. Быкаў, Я. Брыль, В. Карамазаў, А. Жук і інш.). Распаўсюджанне набылі сінтэтычныя жанры: ліра-эпічнае апавяданне, раман у вершах, раман-эсэ, дакументальная аповесць, паэма ў прозе, драматычная паэма, п’еса-памфлет, п’еса-дыспут. Напрыклад, апавяданне М. Стральцова «Смаленне вепрука», раман у вершах Н. Гілевіча «Родныя дзеці», п’еса-памфлет А. Макаёнка «Пагарэльцы» і інш.

Творы беларускіх пісьменнікаў пачатку 1990-х гадоў выразна адлюстроўвалі драматызм светаадчування чалавека мяжы стагоддзяў, які з трывогай задумваецца над станам сучаснага глабалізаванага свету, узаемасувяззю вынікаў і прычын, заклапочаны непрадказальнай будучыняй. «На мяжы часоў... востра паўстае пытанне пра захаванне і ўмацаванне духоўных і маральных каштоўнасцей чалавека — чалавечай годнасці, дабраты, сумленнасці... Чалавецтва апынулася перад праблемай захавання навакольнага асяроддзя, зберажэння гістарычнай памяці і ўсіх каштоўнасцей, створаных народамі» (У. Гніламедаў). У літаратуры пасля Чарнобыля і ўсіх нягод, перажытых нашым народам у ХХ стагоддзі, адлюстроўваўся крызісны стан свету. У сувязі з гэтым у многіх творах узмацнялася экалагічная праблематыка, выразна гучалі матывы апакаліпсісу, актуалізаваліся хрысціянска-філасофскія ідэі адраджэння духоўнасці, маральнасці ў душы кожнага чалавека і ў грамадстве. З’явілася мноства твораў розных жанраў на чарнобыльскую і ўвогуле экалагічную тэму. Трывожны філасофскі роздум, экзістэнцыяльныя матывы вызначалі паэзію гэтага перыяду жыцця Максіма Танка, П. Панчанкі і інш.

_______________________________________
1
Экзістэнцыялі´зм — гэта філасофскі напрамак ХХ стагоддзя, які аказаў 
уплыў на літаратуру, звярнуў увагу на праблемы ўнікальнасці асобы, сэнсу быцця, ідэю пераадолення чалавекам абставін.