Іван Мележ
1. З якой празаічнай замалёўкай Івана Мележа вы знаёміліся ў папярэдніх класах? Звярніце ўвагу на яркасць і вобразнасць пейзажнага малюнка ранняй восені ў гэтай замалёўцы. 2. Якую ролю можа адыгрываць пейзаж у эпічным творы? |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | Іван Мележ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 30 Декабрь 2024, 20:06 |
* Біяграфія
Фраза «Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім» лічыцца штампам, аднак да Івана Мележа яна падыходзіць ідэальна. З маленства ён быў надзвычай дапытлівы, рана навучыўся чытаць, пісаць, маляваць, майстраваць. Як згадваў яго аднакласнік Пятро Чарняк, Іван хадзіў у школу ў пасталах, якія сам зрабіў з лазы (пасталы — мяккі сялянскі абутак, зроблены з цэлага кавалка скуры, які носіцца з анучамі і прывязваецца да ног аборамі). Сапраўдную ж славу сярод аднагодкаў Мележу прынесла стварэнне драўлянага ровара. Колы былі змайстраваны з двух арэхавых абручоў, але са спіцамі і рамай. |
Іван Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.
Яго маленства было звычайным для вясковага хлопца, а кнігі — першай вялікай любоўю і самым дарагім скарбам. Напэўна, таму вельмі рана ўзнікла жаданне пісаць. Захапленне юнака падтрымаў настаўнік Міхась Пакроўскі, які спрыяў апублікаванню ў 1939 годзе ў «Чырвонай змене» першага верша — «Радзіме».
З успамінаў. «Напэўна, гэта быў лёс большасці беларускіх пісьменнікаў: спачатку пісаць вершы, а ўжо потым пераходзіць да прозы. Да вайны ў Мележа з’явілася некалькі паэтычных публікацый. Праўда, адна з іх была падпісана “Мелеш”. Калі паэт Мікола Аўрамчык спытаў, адкуль з’явіўся такі дзіўны псеўданім, Іван Паўлавіч, усміхнуўшыся, адказаў: “Трэба разборліва пісаць сваё прозвішча пад творам”. Праўда, захапленне паэзіяй было непрацяглае. У 1938 годзе Мележ прыехаў у Мінск на курсы — канферэнцыю маладых творцаў. Ён прывёз на абмеркаванне толькі адзін верш “На сенажаці”, які быў бязлітасна раскрытыкаваны. Як згадваў пісьменнік Мікола Гарулёў, некалькі дзён з Мележа было “не выцягнуць слова”. У час вайны пісьменнік пачаў пісаць апавяданні (адно з іх высока ацаніў Кузьма Чорны). Таму вярнуўшыся ў вызвалены Мінск, Іван Паўлавіч сказаў Гарулёву, што паэзія — эпізод у яго жыцці, які не можа паўтарыцца» (Дзяніс Марціновіч). |
Праз год Мележ паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і амаль адразу быў прызваны ў войска. У Карпатах сустрэў вайну. Быў цяжка паранены, ледзь не страціў правую руку. Плячо было зусім разбіта.
З успамінаў. Вось як успамінае пісьменнік вайну і раненне. З ваеннага дзённіка Івана Мележа: «12 ліпеня. Немцы ўзарвалі наш дот. Загінулі камбат Рашчупкін, Ляшоў і іншыя разведчыкі 5-й батарэі. Мінай адарвала рукі і ногі лейтэнанту Харунжаму. Ён прасіў прыстрэліць… Кожны дзень са строю выбываюць сябры, але мы трымаемся…» «26 жніўня. Згрузіліся на станцыі Іларыёнаўка. Займаем пазіцыі за сялом… Ахоўваем Дняпро». «22 лістапада. Шосты месяц вайны. Усю ноч ішлі. Бясконца доўга. А прайшлі, кажуць, каля 12 кіламетраў…» «7 снежня. Я вельмі люблю песні. Калі ў ветраную халодную ноч мы паўзём па дарогах вайны, мармычу песню. Яна дапамагае пераадолець дрыжанне, яна сагравае… У песні цёплыя, ласкавыя ўспаміны мінулага і светлыя надзеі будучыні. Кожная песня — успамін, агеньчык… Я люблю песні за тое, што яны заўсёды са мной, як самыя верныя сябры… Што насіць салдату — яму можна мець толькі самае неабходнае, каб нішто не замінала. Песня яму не абцяжарыць плечы ў паходах, не трэба яе сцерагчы, яе ніхто не ўкрадзе, яна не згубіцца. Песня — нямногая з радасцей на вайне». «20 студзеня. Лісічанск. Выгружаемся. Проста з платформ рушым на фронт. Так сказаў камбат…» «8 лютага. Так што сёння зампалітруку Мележу Івану Паўлавічу 21 год. Тры гады з іх прайшлі ў арміі. Трэцюю гадавіну святкую я ў шэрым шынялі… Залатое юнацтва, ты ўжо ззаду. Жыццё сурова сцябае. Сёння ў мяне таго юнацтва няма, ёсць толькі грозная, цяжкая, франтавая… як бы гэта назваць — сталасць ці што?..» «3 ліпеня. Я ранены. Ранены цяжка, у плячо… Я ледзь не загінуў». |
Галоўны ўрач Антонаў ампутацыю не дазволіў, бо разумеў, што маладому хлопцу рука спатрэбіцца. Пасля аперацыі было невыносна балюча. Рука потым доўга яшчэ ныла, баялася кожнага штуршка, нават хадзіць трэба было вельмі асцярожна. Пазней пісьменнік згадваў, што першы аповед пісаў у Тбілісі левай рукой. Гэта было пакутліва цяжка: непаслухмяны быў аловак, ад таго і «непаслухмяныя» словы… У 1944 годзе ўжо ў Мінску газета «Звязда» надрукавала апавяданне «Сустрэча», напісанае ў шпіталі.
У 1948 годзе была выдадзена кніга прозы «Гарачы жнівень». Назву ёй дала аднайменная аповесць, створаная ў 1946 годзе пасля наведвання спустошанай падчас вайны роднай вёскі.
Жанравыя рамкі творчасці пісьменніка пашыраліся. З канца 1947 года ён некаторы час працаваў над раманам «Мінскі напрамак». Аўтар расказваў пра вызваленчую барацьбу на тэрыторыі Беларусі летам 1944 года і аперацыю «Баграціён». Праца над творам стала важным этапам у творчым росце Івана Мележа-празаіка. Ён прызнаваўся, што «толькі з яе (кнігі) выхадам адчуў сябе пісьменнікам».
Пасля «Мінскага напрамку» Іван Мележ апынуўся нібы на ростанях. Цяжкая праца над раманам знясіліла, ён адчуваў сябе не ў стане ўзяцца за нешта значнае. Каля трох гадоў не пісаў буйных твораў. У гэты час Іван Паўлавіч у думках неаднаразова вяртаўся да роднага Палесся, падсвядома адчуваючы, што яшчэ не сказаў сваё галоўнае слова — не напісаў кнігу, у якой бы «адважыўся ажывіць вобразы далёкага маленства і юнацтва свайго, з неадольным хваляваннем, з заміраннем сэрца прайшоў зноў па тых дарогах, сцяжынках і травах, па якіх хадзілі калісьці лёгкія і хуткія дзіцячыя ногі…».
Абсягі творчасці Івана Мележа шырокія: зборнікі прозы «Блізкае і далёкае», «У гарах дажджы», «Што ён за чалавек», п’есы «Пакуль вы маладыя», «Дні нараджэння» і іншыя, літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ, інтэрв’ю («Жыццёвыя клопаты», «Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак»), а таксама яго галоўная кніга — цыкл «Палеская хроніка», якую літаратуразнаўцы называюць гімнам пісьменніка роднаму краю і народу.
За дасягненні ў развіцці беларускай літаратуры ў 1972 годзе Івану Паўлавічу было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.
З успамінаў. Пісьменнік Уладзімір Караткевіч у інтэрв’ю з нагоды прысуджэння яму ў 1983 годзе Літаратурнай прэміі імя І. Мележа сказаў: «Я люблю Мележа. І як чалавека, і як пісьменніка… Ніколі не забуду тое непараўнальнае ўражанне, якое зрабілі на мяне “Людзі на балоце”. Гэта было падобна на выбух бомбы. Жывыя людзі. Жывыя стрэхі на хатах. Жывое балота навокал. Палессе. Вельмі хацелася б пісаць так густа, так глыбока, як напісаны гэты раман, як напісаны лепшыя старонкі іншых мележаўскіх кніг». |
Вясной 1976 года адбылася адна з апошніх сустрэч чытачоў з ІванамПаўлавічам. Ужо занатавана была ў яго запісных кніжках балючая думка: «Адламала галіну, на якой поўна зялёных яблыкаў, я, як гэтая галіна. Поўна ва мне задум, якія прападуць са мной».
Здароўе пісьменніка пагоршылася. Ён, мабыць, разумеў, што лёс адмераў няшмат часу, і працаваў, не шкадуючы сябе. Мележу вельмі хацелася завяршыць «Палескую хроніку», але зрабіць гэта не ўдалося нават пры такой напружанай працы: 9 жніўня 1976 года Івана Паўлавіча не стала.
З успамінаў. Пісьменніца Вера Палтаран у свой час напісала пра Івана Мележа: «Ён адчуў сябе, як сейбіт сярод недасеянага поля: жахнуўшыся, што не паспее закончыць работу, ён сабраў усе свае сілы, мацней упяўся ў зямлю і пайшоў па полі, шырока сеючы зярняты-думкі высокай чысціні і праўды. І ўпаў сярод поля з поўнаю жменяю зярнят, з поўнай душою нявыгаваранага, нявыказанага…» |
Уклад у развіццё літаратуры 1. «Мінскі напрамак» (1947—1952) — першы ў беларускай савецкай літаратуры раман, у якім пісьменнік паказаў беларусаў не толькі партызанамі, што было ўжо стэрэатыпам, але і воінамі-франтавікамі. Хаця для савецкай літаратуры канца 1940-х — пачатку 1950-х гадоў акцэнт на нацыянальнасці савецкіх воінаў быў нехарактэрны. 2. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-мастацкае асэнсаванне жыцця беларускага народа ў 1920-х гадах, твор, з’яўленне якога стала магчымым толькі пасля ХХ з’езда Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. Гэта новы этап у творчасці Мележа-бытапісальніка, які змог перагледзець свае прынцыпы і пісаць больш смела і глыбока, і новы этап для самой беларускай літаратуры, што займела манументальны тэкст, у якім на высокім мастацкім узроўні, у «крыху кансерватыўнай манеры» (Іван Навуменка) раскрывалася жыццё палескай вёскі на гістарычным пераломе. 3. У 1960—1970-я гады творы Івана Мележа выклікалі актыўную грамадскую дыскусію. Гэта абмеркаванне прымусіла і чытачоў, і крытыкаў задумацца над пастаўленымі аўтарам пытаннямі пра вынікі калектывізацыі, раскулачвання.
|
Пытанні
1. Пазнаёмцеся з відэаматэрыяламі інтэрнэт-рэсурсаў па запыце «Іван Мележ» і вызначце асноўныя вехі на жыццёвым шляху пісьменніка. | |
2. Звярніцеся да ваеннага дзённіка1 Івана Мележа. Прасачыце этапы сталення юнака. Засяродзьце ўвагу на захапленні пісьменніка песняй. Падумайце, чаму ён лічыць песні самымі вернымі сябрамі. |
|
3. Прачытайце верш Ніла Гілевіча «Апошні аўтарскі вечар Івана Мележа» і паразважайце над яго зместам. Чаму песню «Шумяць вербы» можна лічыць сімвалам малой радзімы Івана Мележа? Растлумачце сэнс апошняй страфы паэтычнага твора. Апішыце, якім чалавекам вам уяўляецца Іван Паўлавіч паводле гэтага верша. |
_______________
1 Мележ, I. Першая кніга : дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак. Мінск, 1977.