Ніл Гілевіч "Апошні аўтарскі вечар Івана Мележа"

Ніл Гілевіч

АПОШНІ АЎТАРСКІ ВЕЧАР ІВАНА МЕЛЕЖА

Каля грэблі шумяць вербы,
Што я пасадзіла...
З палескай народнай песні

Хвалебстваў суняўся віхор,
Аціх і знямеў у пашане.
I вось перад публікай хор —
Яго землякі, глінішчане.

Ён сам запрасіў і ўпрасіў —
Прыехаць іх з песняй пра вербы.
Іначай ён вечар зусім
Адменіць, як тлум непатрэбны.

Падпёршыся цяжка рукой,
Сядзіць ён наводшыбе ў ложы:
Самотны — як вечны спакой,
Як казачны волат — прыгожы.

А песня з бацькоўскай зямлі
Ужо разанула па сэрцы.
I вочы імглой заплылі —
Вымае хусцінку, каб сцерці.

Славуты былы партызан
Да сябра свайго нахіліўся:
— Ён плача. — Хто плача? — Іван
— Ад песні? Чуллівы зрабіўся!..

У зале, дзе цесна сядзім
I чуем свае вербалозы,
Ён ведае толькі адзін,
Чаго пакаціліся слёзы.

У муках бяссонных начэй
Адчуў ён па прыступах болю:
«Калі не пазваць як хутчэй —
To ўжо не пачую ніколі...»

З той залы мы выйшлі ў вясну.
А летам, для ўсіх нечакана,
Хвароба паклала ў труну
Палескай зямлі велікана.

I быў у абліччы відзён
След думы, застыглай у плоці:
Да ўздыху апошняга ён
Жыў лёсам людзей на балоце.

Навечна пакладзены ў дол,
He будзе ён ведаць, якая
Страшная праз дзесяць гадоў
Палессе бяда напаткае.

I шэпчуцца ў нетрах жуды
Над грэбляй паніклыя вербы:
«Калі б не з хваробы тады —
To, пэўна, ад гора цяпер бы...»

Последнее изменение: Среда, 15 Июль 2020, 15:01