Print this chapterPrint this chapter

Апавяданне «Дуб-дзядуля»

Апавяданне «Дуб-дзядуля»

Гаворачы пра адметнасць творчай манеры і стылю Ядвігіна Ш., неабходна адзначыць, што гэты аўтар валодаў талентам навеліста. Пісьменнік абапіраўся на фальклорныя і народна-бытавыя сюжэты, імкнуўся да псіхалагічнага аналізу ў паказе герояў, прыводзіў філасофскія абагульненні, выкарыстоўваў алегорыі і сімвалы, ужываў няўласна-простую мову, быў схільны да лірызму, сатыры і гумару, звяртаў увагу на вострыя сацыяльныя праблемы.

У філасофскіх апавяданнях Ядвігіна Ш. алегорыя выступала ў якасці пэўнага літаратурнага прыёму, які даваў магчымасць паразважаць над унутранай сутнасцю чалавека, жыцця... Хутчэй за ўсё, у гэтым выявіла сябе абвостранае бачанне ўсяго чалавечага шляху ў яго адзінстве, у непарыўнай сувязі ўсіх часоў…

Вынайдзеная мастацкая форма алегорыі, іншасказання з’яўлялася адным са шляхоў у агульным рэчышчы літаратуры, якая ставіла перад сабой задачу... адкрыць селяніну вочы на складаны навакольны свет, каб ён ведаў праўду часу (Паводле Віктара Каваленкі. «Міфапаэтычныя матывы ў беларускай літаратуры»).


Ядвігін Ш. напісаў апавяданне «Дуб-дзядуля» ў 1909 годзе. У гэтым алегарычным творы пісьменнік выявіў сябе майстрам лірычнай прозы, злучыў фальклорныя і ўласныя аўтарскія прыёмы. 

Маналог Дуба-дзядулі, пошукі вады, падзеі да і пасля сну героя-апавядальніка маюць глыбокі філасофскі сэнс, пададзены чытачу ў іншасказальнай форме. Праблема сэнсу і каштоўнасці чалавечага існавання — цэнтральная ў апавяданні. У алегарычна-сімвалічным ключы Ядвігін Ш. асвятляе цяжкае жыццё свайго сучасніка, найперш селяніна, спрабуе знайсці шляхі паляпшэння сітуацыі, гаворыць пра лёс усяго беларускага народа, падкрэслівае вялікае значэнне культуры і традыцый для будучыні. Пісьменнік сцвярджае веру ў новае, абапіраецца на нацыянальныя і агульначалавечыя каштоўнасці.

Ядвігін Ш. звяртаецца да прыёму персаніфікацыі. Чалавечымі рысамі надзелены Дуб-дзядуля — характэрны для фальклору вобраз, які традыцыйна ўвасабляе мудрасць, моц, дабрыню, жыццёвую сілу, трываласць, даўгавечнасць, стойкасць. У старажытнасці існавала павер’е, што ў гэтым дрэве знаходзяцца душы памерлых продкаў.

Дуб-дзядуля эмацыянальна расказвае пра сваё жыццё апавядальніку ў яго сне-сімвале: «Ляцелі годы, як вашы ляцяць дні, — змяняліся вякі, як вашы годы, — а я стаяў і рос, рос і стаяў — крапчэў... Зрываліся не раз буры, — як пад тапаром, шмат нашых клалася, але тыя, што аставаліся, — яшчэ вышэй падымаліся. <...> Так вякі ішлі, аж мінула ўсё, — аж прыйшло і на тое, што з тутэйшых даўнейшых астаўся, як відзіш, адзін я». Сярод іншага дадзеная цытата — прыклад імкнення да паказу псіхалагічнага стану персанажаў.

Дуб-дзядуля просіць героя-апавядальніка паліць вадой свае «бедныя карэньчыкі». Аднак замест жывой вады, вобраз якой узнікае ў творы, узрушаны герой сутыкаецца з азёрамі поту, слёз і крыві, а таксама персаніфікаванымі вобразамі Працы, Бяды і Цярпення.

Прытча (прыпавесць) —
невялікі алегарычны аповед павучальнага характару, які, у адрозненне ад байкі, не мае традыцыйных умоўных персанажаў.

Твор мае выразную сувязь з такім жанрам, як прытча, што дазваляе гаварыць аб прытчавай аснове апавядання. Маналог Дуба, напрыклад, можа быць растлумачаны як павучальны. Дуб-дзядуля, прадстаўнік тутэйшых, трымаўся традыцый роднага краю, супрацьстаяў нягодам, калі яго суседзі і сваякі загінулі. Дуб, які застаўся адзін, імкнуўся пакінуць пасля сябе новае пакаленне, што працягне справу продкаў і захавае бясцэнную спадчыну — Бацькаўшчыну. Дзеля гэтага і неабходна апантана шукаць «жывую ваду » — сродак, які дапаможа ў гэтай справе.

Фінал твора сімвалічны. Пакуль апавядальнік спаў і ў сне шукаў такую патрэбную ваду, прайшла бура і паваліла Дуба-дзядулю. Але праз некалькі гадоў з-пад яго «вылезлі» тры дубочкі. У гэтым бачацца спадзяванні аўтара на будучыню, вера ў перамогу новага над старым,  дабра над злом, указанне на бясконцасць і цыклічнасць жыцця, у якім усё мае свой час, месца і сэнс.