Печатать книгуПечатать книгу

§ 17. МІЖНАРОДНАЯ ЭКАНАМІЧНАЯ ІНТЭГРАЦЫЯ

Успамінаем. Чаму краіны ўтвараюць гандлёвыя і эканамічныя саюзы? Якія вядучыя інтэграцыйныя аб’яднанні існуюць у свеце? Якое іх значэнне ў свеце? Якія асноўныя мэты стварэння Еўрапейскага саюза, СНД?

Для чаго мы гэта вывучаем? Чаму ў цяперашні час паміж краінамі ствараюцца інтэграцыйныя аб’яднанні? Па якой прычыне найбольшая колькасць інтэграцыйных аб’яднанняў узнікае ў краінах, якія развіваюцца?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 17. МІЖНАРОДНАЯ ЭКАНАМІЧНАЯ ІНТЭГРАЦЫЯ
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 2 Май 2024, 12:11

Перадумовы і стадыі міжнароднай эканамічнай інтэграцыі. На пэўных этапах развіцця сусветнай гаспадаркі краіны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой не толькі ў рамках міжнароднага геаграфічнага падзелу працы, але і шляхам стварэння аб’яднанняў эканамічнага характару. Адной з праяў інтэрнацыяналізацыі сусветнай гаспадаркі з’яўляецца міжнародная эканамічная інтэграцыя.

Міжнародная эканамічная інтэграцыя — найвышэйшая ступень інтэрнацыяналізацыі, пры якой адбываецца зрошчванне нацыянальных гаспадарак на аснове глыбокіх устойлівых узаемасувязей і падзелу працы і фарміруецца агульная прастора з адзінай валютна-фінансавай, прававой сістэмай і каардынацыяй эканамічнай палітыкі дзяржаў.

Для развіцця інтэграцыйных працэсаў паміж краінамі існуе шэраг перадумоў (мал. 118). У апошнія гады з-за фарміравання інтэграцыйных аб’яднанняў паміж рэгіёнамі зніжаецца значэнне геаграфічнай блізкасці краін — удзельніц інтэграцыі.

Паразважаем. Калі XVII ст. – першая палова XX ст. сталі эпохай фарміравання незалежных нацыянальных дзяржаў, то ў другой палове XX ст. пачаўся працэс іх раздзялення. Гэта тэндэнцыя спачатку атрымала развіццё толькі ў Еўропе, але затым распаўсюдзілася і на іншыя рэгіёны. Чаму ў свеце назіраецца падзел раней адзіных дзяржаў?

У залежнасці ад узаемадзеяння паміж краінамі вылучаюць шэсць стадый эканамічнай інтэграцыі (мал. 119).

Любая эканамічная інтэграцыя пачынаецца з міждзяржаўных гандлёвых пагадненняў. У выніку на першай стадыі ўтвараюцца зоны пэўных гандлёвых дамоўленасцей паміж краінамі, або зоны прэферэнцый.

Прэферэнцыйная зона аб’ядноўвае краіны, ва ўзаемным гандлі якіх паніжаны або адменены мытныя пошліны на пэўныя тавары, якія ўвозяцца. Другой стадыяй эканамічнай інтэграцыі з’яўляецца зона свабоднага гандлю — аб’яднанне краін з мэтай ліквідацыі мытных пошлін і колькасных абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, але з захаваннем іх самастойнасці ў правядзенні знешнегандлёвай палітыкі ў дачыненні да краін-няўдзельніц.

У свеце цікавага. Напрыклад, у 1960 г. была ўтворана Еўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю ЕАСГ, у 1984 г. — Арганізацыя Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва, у 1994 г. — Паўночнаамерыканская зона свабоднага гандлю НАФТА, якая аб’яднала ЗША, Канаду і Мексіку.

На трэцяй стадыі адбываецца ўтварэнне мытных саюзаў. Яно прадугледжвае нараўне з функцыянаваннем зоны свабоднага гандлю ўсталяванне адзіных гандлёвых тарыфаў у дачыненні да трэціх краін. Напрыклад, у 1969 г. быў утвораны Паўднёваафрыканскі мытны саюз, у 1995 г. сярод краін СНД быў створаны Мытны саюз, які аб’яднаў Расію, Беларусь, Казахстан і Кіргізію.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Напрыклад, у 1960 г. быў утвораны Цэнтральнаамерыканскі агульны рынак, у 1969 г. — Андскі агульны рынак, у 1975 г. — Карыбскі агульны рынак — КАРЫКАМ, які аб’яднаў гаспадаркі астраўных дзяржаў рэгіёна.

Чацвёртай стадыяй выступае агульны рынак. Для яго нараўне з прыкметамі мытнага саюза характэрна фарміраванне прынцыпу «чатырох свабод», г. зн. свабоднага перамяшчэння капіталаў, тавараў, паслуг і працоўных рэсурсаў.

У свеце цікавага. Першыя мытныя саюзы з’явіліся яшчэ ў XIX ст. (напр., Германскі мытны саюз Zollverein, які аб’ядноўваў у 1834–1871 гг. шэраг нямецкіх дзяржаў). Напярэдадні Другой сусветнай вайны функцыянавала больш за 15 мытных саюзаў. Але паколькі тады роля сусветнай эканомікі ў параўнанні з унутрынацыянальнай гаспадаркай была невялікай, яны не мелі асаблівага значэння і не прэтэндавалі на ператварэнне ў нешта іншае.

На пятай стадыі краіны аб’ядноўваюцца ў эканамічны саюз. Для яго характэрна нараўне з фарміраваннем прынцыпу «чатырох свабод» адзіная сацыяльная, эканамічная і гандлёвая палітыка і мяркуецца ўвядзенне адзінай валюты. Напрыклад, еўрапейская эканамічная супольнасць — прататып сучаснага Еўрапейскага саюза — у 1957 г. была створана як эканамічны саюз. У 1975 г. быў утвораны эканамічны саюз ЭКОВАС — Эканамічная супольнасць дзяржаў Заходняй Афрыкі.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Ці можа быць адна дзяржава членам некалькіх інтэграцыйных аб’яднанняў? Якія ўмовы неабходны для ўдзелу краін у інтэграцыйных працэсах? Якія перавагі мае дзяржава, што з’яўляецца членам інтэграцыйнага аб’яднання?

Заключнай стадыяй выступае поўная (эканамічная і палітычная) інтэграцыя. Яе фарміраванне магчыма пры існаванні адзінага валютнага, эканамічнага і палітычнага саюза, правядзенні агульнай знешняй палітыкі, увядзенні адзінага грамадзянства, стварэнні наддзяржаўных органаў кіравання і ліквідацыі дзяржаўных меж.

Эканамічная інтэграцыя прадстаўлена ў дзвюх асноўных формах — рэгіянальнай і галіновай. Рэгіянальная інтэграцыя з’яўляецца найбольш распаўсюджанай у сучасным свеце. Прыкладамі рэгіянальных эканамічных аб’яднанняў выступаюць нараўне з Еўрапейскім саюзам і Паўночнаамерыканскай зонай свабоднага гандлю Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН), Азіяцка-Ціхаакіянская эканамічная супольнасць (АЦЭС), Лацінаамерыканская асацыяцыя інтэграцыі (ЛАІ) і інш. Сярод галіновых інтэграцыйных аб’яднанняў прыкметную ролю ў сусветнай гаспадарцы адыгрывае Арганізацыя краін — экспарцёраў нафты АПЕК, створаная ў 1960 г. для ўніфікацыі нафтавай палітыкі краін-удзельніц.

Кожная краіна ў выніку эканамічнай інтэграцыі атрымлівае перавагі. Асноўнымі перавагамі ўтварэння паміж краінамі эканамічнага інтэграцыйнага аб'яднання выступаюць:

– больш шырокі доступ да розных рэсурсаў (фінансавых, прыродных, працоўных);

– магчымасць вырабляць і прадаваць тавары і паслугі ў большым аб'ёме ў разліку на больш ёмісты рынак спажывання ўсяго інтэграцыйнага аб'яднання;

– стварэнне для членаў аб'яднання больш выгадных умоў гандлю паміж сабой у параўнанні з іншымі дзяржавамі;

– магчымасць вырашыць сумесна сацыяльныя праблемы (напр., беспрацоўе) за кошт працаўладкавання рабочай сілы ўнутры аб'яднання. У выніку ў краінах адбываецца больш хуткі рост эканамічнага развіцця.

Аднак ад інтэграцыі краіны могуць мець і выдаткі. Напрыклад, у выніку стварэння больш спрыяльных умоў узаемнага гандлю і скасаванне мытных пошлін краіна — удзельніца аб'яднання будзе атрымліваць менш паступленняў у свой бюджэт. Больш рацыянальнае і выгаднае для інтэграцыйнага аб'яднання размяшчэнне вытворчасцей, змяненне спецыялізацыі можа прывесці да скарачэння працоўных месцаў і закрыцця асобных прадпрыемстваў. У цэлым, перавагі эканамічнай інтэграцыі перакрываюць выдаткі.

Вядучыя эканамічныя інтэграцыйныя аб’яднанні свету і іх роля ў развіцці сучаснай сусветнай гаспадаркі. Сучасныя вядучыя інтэграцыйныя аб’яднанні свету прадстаўлены ў галоўных цэнтрах сусветнай гаспадаркі — Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Еўрапейскі саюз (мал. 120), які аб’яднаў 28 дзяржаў рэгіёна (мал. 121), з’яўляецца ў цяперашні час вышэйшай стадыяй інтэграцыі ў свеце.

З 1993 г. ЕС сфарміраваўся як эканамічны саюз са свабодным перамяшчэннем капіталу, тавараў, паслуг і працоўнай сілы. З 1985 г. на падставе Шэнгенскай дамовы быў уведзены адзіны памежны кантроль на знешняй мяжы ЕС (у цяперашні час для 26 краін). З 1999 г. існуе валютны саюз у межах еўразоны з адзінай валютай — еўра, які ўключае 19 дзяржаў. У цяперашні час у ЕС пражывае 6,8 % насельніцтва свету, ён вырабляе 17,2 % валавога сусветнага прадукту і 22 % сусветнай прамысловай прадукцыі (мал. 122).

Папрацуем з атласам. Назавіце сталіцы дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза.

Мал. 123. ВУП на душу насельніцтва ў вядучых
інтэграцыйных аб’яднаннях, 2017 г.,
тыс. дол.

Гадавы даход на душу насельніцтва ў краінах ЕС складае 40,9 тыс. дол. (мал. 123). Больш чым кожны трэці тавар і паслуга, вырабленыя ў свеце, экспартуюцца ў цяперашні час з Еўрапейскага саюза. На пачатку ХХІ ст., нягледзячы на поспехі, дасягнутыя ЕС у галіне інтэграцыі, намеціўся шэраг праблем, звязаных з павелічэннем разрыву ва ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця краін-членаў. Гэта прывяло да міграцыі працоўных рэсурсаў з менш развітых у больш развітыя дзяржавы ЕС, да абвастрэння сацыяльных і эканамічных праблем.

Свет і Беларусь. У якія інтэграцыйныя аб’яднанні ўваходзіць Рэспубліка Беларусь? З якімі эканамічнымі праблемамі сутыкаецца Рэспубліка Беларусь, з’яўляючыся ўдзельніцай інтэграцыйных аб’яднанняў?

У Паўночнай Амерыцы вядучым інтэграцыйным аб’яднаннем выступае НАФТА. Асноўнай мэтай стварэння гэтай арганізацыі было стымуляванне ўзаемнага гандлю на аснове фарміравання зоны свабоднага гандлю. Па некаторых эканамічных паказчыках гэта аб’яднанне ў цяперашні час апярэджвае ЕС. Аб’ядноўваючы 6,5 % сусветнага насельніцтва, НАФТА вырабляе 19,5 % сусветнага валавога прадукту і 22 % сусветнай прамысловай прадукцыі з гадавым прыбыткам насельніцтва 42,6 тыс. дол. Па паказчыках долі ў знешнім гандлі гэта аб’яднанне саступае ЕС. Нягледзячы на істотныя пазіцыі НАФТА у сусветнай гаспадарцы, у цяперашні час назіраецца нераўнамерная роля краін у развіцці арганізацыі. Вызначальная роля належыць ЗША.

Папрацуем з атласам. Назавіце сталіцы дзяржаў — членаў НАФТА.

Важная роля ў эканамічнай інтэграцыі Лацінскай Амерыкі належыць Паўднёваамерыканскаму агульнаму рынку — МЕРКАСУР (мал. 124). Утварыўшыся ў 1991 г., арганізацыя аб’ядноўвае пяць дзяржаў — Аргенціну, Бразілію, Уругвай, Парагвай і Венесуэлу. За гады свайго існавання аб’яднанне стала найбольш уплывовым гандлёва-эканамічным саюзам краін, якія развіваюцца. У цяперашні час МЕРКАСУР вырабляе каля 3,9 % сусветнага валавога прадукту, каля 7 % — сусветнай прамысловай прадукцыі і 2,1 % — сусветнага знешнегандлёвага абароту. На пачатку ХХІ ст. арганізацыя адчувае шэраг цяжкасцей у развіцці. Гэта звязана з павелічэннем разрыву ва ўзроўні даходаў насельніцтва, з рознагалоссямі ў дачыненні да формы эканамічнай інтэграцыі.

Папрацуем з атласам. Назавіце сталіцы дзяржаў — членаў МЕРКАСУР.

У апошнія гады значную ролю ў свеце адыгрывае група краін БРІКС, куды ўваходзяць Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і ПАР. Члены БРІКС — гэта краіны з магутнай эканомікай і значнымі рэсурсамі, якія хутка развіваюцца. На гэтыя краіны прыпадае 42 % насельніцтва свету, 26 % плошчы і больш за 30 % ВУП свету. Доля БРІКС у сусветным гандлі перавышае долю ЕС і НАФТА і складае 17 %.

Падвядзём вынікі. Міжнародная эканамічная інтэграцыя — гэта ... . Асноўнымі перавагамі інтэграцыі з’яўляюцца ... . Вылучаюць шэсць стадый эканамічнай інтэграцыі. Вышэйшай формай міжнароднай эканамічнай інтэграцыі з’яўляецца Еўрапейскі саюз.

Праверым свае веды. 1. Якія ўмовы неабходны для ўдзелу краін у інтэграцыйных працэсах? 2. Якія выгады атрымлівае краіна ад інтэграцыі? 3. З якімі эканамічнымі праблемамі краіна сутыкаецца пры інтэграцыі? 4. Чым адрозніваецца мытны саюз ад агульнага рынку? 5. Чым адрозніваецца зона свабоднага гандлю ад агульнага рынку? 6. Якія прыкметы поўнай інтэграцыі адсутнічаюць у Еўрапейскім саюзе? 7. Якія існуюць асноўныя формы эканамічнай інтэграцыі? 8. Ці прадстаўлена поўная інтэграцыя ў сучасным свеце?

Ад простага да складанага. 1. Падрыхтуйце паведамленне, выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы, аб найбуйнейшых інтэграцыйных аб’яднаннях свету. 2. Абмяркуйце пытанне «Плюсы і мінусы міжнароднай інтэграцыі».

Ад тэорыі да практыкі. 1. Закончыце фразы:

  • - зоны свабоднага гандлю ствараюцца з мэтай ... ;
  • - прыкладамі зон свабоднага гандлю з’яўляюцца ... ;
  • - мытныя саюзы ствараюцца з мэтай ... ;
  • - прыкладамі мытных саюзаў з’яўляюцца ... ;
  • - агульныя рынкі ствараюцца з мэтай ... ;
  • - прыкладамі агульных рынкаў з’яўляюцца ... .

2. Запоўніце табліцу ў сшытку, выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Еўрапейскага саюза.
Сайт НАФТА.
Сайт МЕРКАСУР.
Інтэрнэт-партал СНД.
Міждзяржаўны статыстычны камітэт СНД.

Ад тэорыі да практыкі. Выканайце практычную работу 16 «Еўрапейскі саюз (ЕС) і Паўночнаамерыканская зона свабоднага гандлю (НАФТА): роля ў сусветнай гаспадарцы, падабенства і адрозненні развіцця».