Печатать книгуПечатать книгу

§ 16. ТРАНСНАЦЫЯНАЛІЗАЦЫЯ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Успамінаем. Чаму міжнародны геаграфічны падзел працы ўяўляе з сябе гістарычны працэс? На якіх відах эканамічнай дзейнасці спецыялізуюцца развітыя краіны і краіны, якія развіваюцца, у МГПП?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якімі ведамі павінен валодаць паспяховы ў бізнесе чалавек? Якія замежныя прадпрыемствы прадстаўлены сёння ў Беларусі?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 16. ТРАНСНАЦЫЯНАЛІЗАЦЫЯ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 6 Май 2024, 22:35

Транснацыяналізацыя сусветнай гаспадаркі, сутнасць і фактары развіцця. З развіццём МГПП паміж краінамі адбываецца ўзмацненне ўзаемадзеяння і ўзаемазалежнасці ва ўсіх сферах гаспадаркі і на розных узроўнях. Напрыклад, на ўзроўні паставак рэсурсаў і гатовай прадукцыі, вытворчасці камплектуючых і зборкі гатовай прадукцыі, распрацоўкі новых тэхналогій і іх укаранення ў вытворчасць і інш. Гэта прыводзіць да таго, што вытворчасць якога-небудзь тавару або паслугі перастае належаць адной краіне і становіцца інтэрнацыянальнай. Таму для развіцця сусветнай гаспадаркі характэрная інтэрнацыяналізацыя.

Разам з інтэрнацыяналізацыяй у развітых краінах пры дасягненні высокага ўзроўню развіцця засяроджваецца залішні капітал, але ў дэфіцыце знаходзяцца іншыя фактары вытворчасці. Напрыклад, танная рабочая сіла, сыравіна і інш. У гэтых умовах развітыя краіны пачынаюць пераносіць свой капітал у іншыя дзяржавы. А менавіта ў тыя, дзе існуе дэфіцыт капіталу, але ёсць іншыя фактары вытворчасці. У такім выпадку ў сусветнай гаспадарцы з’яўляюцца не толькі інтэрнацыянальныя, але і транснацыянальныя тэндэнцыі.

Транснацыяналізацыя — гэта працэс перанясення часткі вытворчасцей з адной краіны ў іншую з дапамогай укладу капіталу больш развітых краін з мэтай арганізацыі філіялаў і ўстанаўлення кантролю над замежнымі кампаніямі, якія робяцца залежнымі.

Паразважаем. «Ролю транснацыянальных кампаній (ТНК) у адносінах да дзяржавы можна параўнаць з жыццём асы-наезніцы, лічынкі якой вылупляюцца ўнутры ахвяры і сілкуюцца ёю, паступова знішчаючы. Па гэтым прынцыпе ТНК "сілкуецца" рэсурсамі нацыянальнай дзяржавы да таго часу, пакуль яго класічныя функцыі (кантроль, бяспека, сацыяльныя гарантыі) не пачынаюць замінаць карпарацыі. Калі карпарацыя-дзяржава выспявае, дзяржава або яе некаторыя функцыі адкідаюцца за непатрэбнасцю» (Принцип Домино // Мировая политика на рубеже веков. Аўтары: А. Г. Панамарова, Г. А. Рудаў). Як вы разумееце гэта выказванне?

Развіццю транснацыяналізацыі, асновай якой з’яўляюцца транснацыянальныя кампаніі/карпарацыі, спрыяе шэраг фактараў (мал. 110).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Правобразы першых ТНК з’явіліся ў XVII ст., калі Вялікабрытанія і Нідэрланды пачалі ўкладваць свой капітал у распрацоўку сыравіны і гандаль вострымі прыправамі, шоўкам, каляровымі металамі былых калоній. Так, у 1600 г. была ўтворана Брытанская Ост-Індская кампанія (мал. 111), а затым у 1602 г. — Галандская Ост-Індская кампанія (мал. 112). У перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі (1918–1939) утвараюцца ТНК (іх налічвалася каля 300), якія спецыялізаваліся на вытворчасці ваенна-тэхнічнай прадукцыі.

Разнавіднасці транснацыянальных карпарацый.

Транснацыянальная кампанія/карпарацыя — гэта прадпрыемства, якому належаць або якое кантралюе вытворчасці, што знаходзяцца па-за межамі краіны базіравання, якія маюць шырокую сетку філіялаў і займаюць вядучыя месцы ў свеце па вытворчасці таго ці іншага тавару або паслугі.

Сучасныя ТНК у сусветнай гаспадарцы адрозніваюцца шэрагам прыкмет (мал. 113).

Па месцы размяшчэння вылучаюць еўрапейскія, азіяцкія, паўночнаамерыканскія, аўстралійскія, афрыканскія.

Па відзе дзейнасці падзяляюцца на вытворчыя, якія прадстаўляюць сферу матэрыяльнай вытворчасці, і невытворчыя, якія прадстаўляюць адпаведна нематэрыяльную сферу. Напрыклад, аўтамабільная ТНК «Таёта Мотар» з’яўляецца вытворчай, а ТНК «Макдональдс», якая працуе ў сферы хуткага харчавання (Fast food), — невытворчай.

Па колькасці краін-гаспадароў бываюць падзеленыя ТНК, у якіх прадстаўлена некалькі дзяржаў у якасці ўладальнікаў, і ўласныя. Напрыклад, нафтагазавая ТНК «Роял Датч Шэл» належыць Нідэрландам і Вялікабрытаніі і таму з’яўляецца падзеленай. ТНК у галіне электронікі і электратэхнікі «Соні» належыць толькі Японіі і, значыць, яна ўласная.

Па колькасці галін спецыялізацыі вылучаюць аднаспецыялізаваныя і комплексныя ТНК. Аднаспеціялізаваныя ТНК займаюцца вытворчасцю аднаго віду прадукцыі або паслугі. Напрыклад, амерыканская ТНК «Ай-Бі-Эм» вырабляе камп’ютары. Комплексныя ТНК вырабляюць сумежныя або блізкія віды прадукцыі. Напрыклад, ТНК «Нэстле» вырабляе і харчовыя прадукты, і напоі.

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, знайдзіце ТНК, прадукцыяй якіх вы карыстаецеся ў паўсядзённым жыцці.

Свет і Беларусь. Якія ТНК прадстаўлены ў Рэспубліцы Беларусь? ТНК якога сектара эканомікі найбольш прадстаўлены ў нашай краіне? Як вы лічыце, прыход новых ТНК на беларускі рынак будзе станоўчым ці адмоўным па ўздзеянні на развіццё эканомікі краіны?

Геаграфія, рэгіянальная і галіновая структура ТНК. Згодна з міжнароднай статыстыкай у 1970 г. у свеце налічвалася 700 ТНК. На пачатку ХХІ ст. іх колькасць павялічылася да 80 тыс. з девяццюстамі тысяч філіялаў. У цяперашні час з-за імклівага росту ў міжнароднай статыстыцы вядзецца ўлік найбуйнейшых ТНК, гадавыя даходы якіх перавышаюць 1 млрд дол. ЗША. У 2017 г. у свеце іх налічвалася 8000.

На працягу многіх гадоў у свеце па колькасці ТНК пераважаў Паўночнаамерыканскі рэгіён. У другой палове ХХ ст. у сусветнай структуры стала павялічвацца доля Еўропы і Азіі. Сярод асобных краін лідарамі выступалі ЗША, Японія, Вялікабрытанія. У ХХІ ст. найбольшая колькасць найбуйнейшых ТНК размешчана ў Азіі, Паўночнай Амерыцы і Еўропе (мал. 114).

Калі раней у структуры пераважалі выключна развітыя краіны, то ў цяперашні час у групу лідараў уваходзяць і дзяржавы, якія развіваюцца. Сярод краін свету па колькасці ТНК у ХХІ ст. разам з ранейшымі лідарамі ў першую пяцёрку ўваходзіць Кітай (мал. 115).

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму ТНК адыгралі станоўчую ролю ў развіцці эканомікі краін, якія развіваюцца? Якое адмоўнае ўздзеянне на сусветную эканоміку аказваюць ТНК?

Найбольшая колькасць ТНК прадстаўлена ў прамысловасці — каля 60 %, у сектары паслуг — каля 37 і ў сельскай гаспадарцы — каля 3 %. У апошнія дзесяцігоддзі намецілася тэндэнцыя росту ТНК у сферы паслуг.

У свеце цікавага. Гісторыя ТНК Adidas, найбуйнейшага вытворцы спартыўнага абутку, адзення і інвентару, пачынаецца ў 1948 г., калі два браты Адольф і Рудольф Даслеры, не знайшоўшы агульнай мовы, вырашылі разбурыць сямейнае прадпрыемства — шырокавядомую фірму-вытворца спартыўнага абутку Dassler. Гэты крок паслужыў штуршком для стварэння двух вядомых брэндаў і вечных канкурэнтаў — Adidas і Puma. Сямейнае прадпрыемства Даслераў было падзелена: Адольф стаў уладальнікам кампаніі Adidas, Рудольф — Puma. Пасля смерці А. Даслера прадпрыемства перайшло яго ўдаве, а пазней — сыну. Сёння Adidas перастаў быць сямейным бізнесам, ператварыўшыся ў ТНК, штаб-кватэра якой усё яшчэ знаходзіцца ў маленькім нямецкім гарадку Херцагенауры, дзе і пачалася гісторыя фірмы.

У прамысловасці найбольшая колькасць ТНК засяроджана ў аўтамабілебудаванні, нафтаперапрацоўцы, электратэхніцы і электроніцы. У сектары паслуг найбольш распаўсюджаным відам дзейнасці ТНК з’яўляюцца банкаўская сфера, тэлекамунікацыі і гандаль.

Галіны сусветнай гаспадаркі або асобныя віды эканамічнай дзейнасці адрозніваюцца паміж сабой па тэмпах росту транснацыяналізацыі. Найбольшымі тэмпамі характарызуюцца вытворчасць харчавання і энергетыка. Другое месца належыць фінансавай сферы і перапрацоўцы нафты. Гандаль займае трэцюю пазіцыю.

Мал. 116. Штаб-кватэра Ідустрыяльнага
і камерцыйнага банка Кітая (ICBC) у Пекіне

Найбуйнейшыя ТНК свету і змена геаграфіі галін сусветнай гаспадаркі. Пры вывучэнні ТНК важна ведаць, якія з іх займаюць пазіцыі лідараў у сусветнай гаспадарцы. Для вызначэння гэтага існуе шэраг паказчыкаў. Напрыклад, аб’ём гадавых продажаў, аб’ём прыбытку, аб’ём замежных інвестыцый і інш. Існуе таксама комплексная ацэнка дзейнасці ТНК на аснове некалькіх паказчыкаў. Згодна з гэтай ацэнкай Forbes па міжнароднай статыстыцы ў 2019 г. у першую пяцёрку ўвайшлі тры кітайскія (мал. 116) і дзве амерыканскія ТНК (табл. 2).

Табліца 2. Найбуйнейшыя ТНК свету, 2019 г.

№ п/п Назва ТНК Від дзейнасці Краіна
1
Індустрыяльны і камерцыйны банк Кітая (ICBC)
банкаўская Кітай
2
Джэй-Пі-Морган Чэйз (JPMorgan Chase)
банкаўская ЗША
3
Кітайскі будаўнічы банк (China Construction Bank)
банкаўская Кітай
4
Сельскагаспадарчы банк Кітая (Agricultural Bank of China)
банкаўская Кітай
5
Банк Амерыкі (Bank of America)
банкаўская ЗША

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Цікавым з’яўляецца вылучэнне сярод ТНК найбуйнейшых па ліку работнікаў. Па даных за 2017 г., першае месца сярод ТНК заняла амерыканская кампанія Волмарт (Walmart), якая кіруе найбуйнейшай у свеце рознічнай сеткай магазінаў, у якой працуе 2,3 млн чалавек. На другім месцы знаходзіцца ТНК McDonald’s з колькасцю занятых 1,9 млн чалавек. Кітайская нацыянальная нафтагазавая карпарацыя (China national Petroleum) займае трэцяе месца — 1,5 млн працоўных.

Штаб-кватэры ТНК размешчаны ў найбуйнейшых гарадах свету. Гістарычна склалася, што найбольшая іх колькасць размяшчалася ў гарадах высокаразвітых краін. У ХХІ ст. гэта тэндэнцыя захоўваецца. У першую пяцёрку па колькасці ТНК уваходзяць Токіа, Нью-Ёрк, Лондан, Осака, Парыж, Пекін, Масква, Сеул, Рэйн-Рур (мал. 117).

У апошнія гады з-за хуткага эканамічнага росту Кітая ў першую дзясятку па колькасці штаб-кватэр стаў уваходзіць Пекін. Галоўнымі тэндэнцыямі транснацыяналізацыі ХХІ ст. з’яўляюцца: 1) змена геаграфіі галін сусветнай гаспадаркі з-за размяшчэння філіялаў ТНК у краінах, якія развіваюцца; 2) павелічэнне колькасці ТНК у сферы паслуг; 3) рост долі дзяржаў, якія развіваюцца, у сусветнай структуры пераважна за кошт Азіяцкага рэгіёна; 4) узмацненне пазіцый і ролі Кітая.

Падвядзём вынікі. Транснацыяналізацыя — гэта ... . Асноўнымі фактарамі яе развіцця з’яўляюцца ... .

ТНК адрозніваюцца па месцы размяшчэння, відзе дзейнасці, колькасці краін-гаспадароў, колькасці галін спецыялізацыі.

Па колькасці ТНК доўгі час лідзіраваў ... рэгіён, у другой палове XX ст. стала павялічвацца доля ... рэгіёна. Сярод краін свету па колькасці ТНК у XXI ст. у першую пяцёрку ўваходзіць ... . З кожным годам павялічваецца колькасць ТНК у ... .

Праверым свае веды. 1. Чым можна растлумачыць узнікненне інтэрнацыяналізацыі ў свеце? 2. У чым адрозненне транснацыяналізацыі ад інтэрнацыяналізацыі? 3. Па якіх прыкметах можна падзяліць ТНК? 4. Якімі прыкметамі адрозніваліся ТНК на розных стадыях развіцця сусветнай гаспадаркі? 5. Якое размеркаванне ТНК па рэгіёнах свету, сектарах і галінах сусветнай гаспадаркі? 6. Чым тлумачацца і ў чым заключаюцца асаблівасці структуры ТНК у ХХІ ст.? 7. У чым заключаюцца асаблівасці геаграфіі гарадоў па колькасці штаб-кватэр ТНК?

Ад простага да складанага. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы, падрыхтуйце прэзентацыю аб найбуйнейшых ТНК XXI ст.

Ад тэорыі да практыкі. Складзіце вусны часопіс «Геаграфія найбуйнейшых сусветных ТНК».

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Пералік найбуйнейшых ТНК свету паводле ацэнкі Forbes.