Печатать книгуПечатать книгу

§ 7. ПОЛАЎЗРОСТАВАЯ СТРУКТУРА НАСЕЛЬНІЦТВА СВЕТУ

Успамінаем. Каго на Зямлі больш: жанчын або мужчын? Чаму? У каго больш высокая працягласць жыцця: у жанчын або мужчын? Якія адрозненні па краінах у структуры паводле полу вы можаце назваць?

Для чаго мы гэта вывучаем? Як уплывае полаўзроставая структура насельніцтва на эканоміку краіны? Якія праблемы цягне за сабой старэнне насельніцтва? Як па полаўзроставых пірамідах можна спрагназаваць колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва ў будучыні? Якая асноўная задача, на ваш погляд, ускладзена на спецыялістаў у галіне дэмаграфіі?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 7. ПОЛАЎЗРОСТАВАЯ СТРУКТУРА НАСЕЛЬНІЦТВА СВЕТУ
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 09:57

Полаўзроставая структура насельніцтва свету, паказчыкі, тыпы. Адной з важных дэмаграфічных і эканамічных характарыстык краіны з’яўляецца размеркаванне насельніцтва па ўзросце і поле. Звесткі аб полаўзроставай структуры насельніцтва дазваляюць атрымаць даныя аб колькасці працоўных рэсурсаў або колькасці насельніцтва, якое знаходзіцца на ўтрыманні ў дзяржавы, — пенсіянераў, дзяцей. Ад суадносін колькасці мужчын і жанчын залежаць структура занятасці насельніцтва па відах эканамічнай дзейнасці і гаспадарчая спецыялізацыя краіны. Колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту можа паўплываць на колькасць нараджэнняў і колькасць будучага насельніцтва.

Полаўзроставая структура насельніцтва — гэта размеркаванне насельніцтва канкрэтнай тэрыторыі па ўзроставых групах і паводле полу ў адпаведнасці са значэннямі гэтых дэмаграфічных прыкмет.

Ва ўзроставай структуры насельніцтва размяркоўваецца, як правіла, па аднагадовых або пяцігадовых узроставых групах. Часам выкарыстоўваюць узбуйненае размеркаванне на тры асноўныя групы: 0–14 гадоў, 15–59 гадоў, 60+ гадоў.

Узроставая структура насельніцтва складаецца пад уплывам асаблівасцей яго ўзнаўлення. Таму яе вызначае ўзровень нараджальнасці і смяротнасці. На ўзроставую структуру насельніцтва асобных тэрыторый уплывае таксама міграцыя, паколькі ў адных узростах людзі мяняюць месца жыхарства часцей, чым у іншых. Асабліва моцна ўплываюць на ўзроставую структуру насельніцтва войны: не толькі прамыя ваенныя страты, але і скарачэнне нараджальнасці, павелічэнне смяротнасці грамадзянскага насельніцтва і рост міграцыі.

Для вывучэння ўзроставай структуры насельніцтва выкарыстоўваюць шэраг паказчыкаў (мал. 42). Для нагляднага і сумеснага ўяўлення ўзроставай і палавой структур насельніцтва выкарыстоўваюць графічную выяву — полаўзроставую піраміду (мал. 43).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Піраміда ўяўляе з сябе двухбаковую дыяграму сумеснага размеркавання насельніцтва паводле полу і ўзросту, на якой колькасць людзей пэўнага ўзросту і полу ці іх доля ў насельніцтве адлюстроўваецца гарызантальнай паласой пэўнага маштабу. З правага боку графіка малюецца жаночае насельніцтва, з левага — мужчынскае. Палосы размяшчаюцца адна над другой у парадку павелічэння значэнняў узросту, звычайна ад 0 да 100 гадоў. Вертыкальная вось дыяграмы ўяўляе з сябе шкалу ўзросту, выяўленую ў адна- або пяцігадовых інтэрвалах. Паколькі з прычыны смяротнасці ў старэйшых узростах колькасць людзей, як правіла, меншая, малюнак атрымаў назву піраміды.

У залежнасці ад суадносін долі насельніцтва ва ўзросце 0–14 гадоў і 60+ гадоў вылучаюць тры тыпы ўзроставай структуры насельніцтва.

1. Прагрэсіўны — з вялікай доляй дзяцей у агульнай колькасці насельніцтва, якая пераважае над доляй насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў, і высокім натуральным прыростам. Гэты тып адпавядае пашыранаму тыпу ўзнаўлення насельніцтва і прадстаўлены пераважна ў краінах, якія развіваюцца (напр., Малаві, Тайланд, Парагвай).

2. Стацыянарны — з амаль ураўнаважанай доляй насельніцтва ва ўзросце да 15 і 60+ гадоў, невысокім натуральным прыростам або яго адсутнасцю. Гэты тып адпавядае простаму тыпу ўзнаўлення насельніцтва і прадстаўлены ў шэрагу краін, якія развіваюцца, і развітых краінах з вялікім міграцыйным прыростам (напр., Аўстралія, Чылі, Эквадор).

3. Рэгрэсіўны — з параўнальна вялікай доляй насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў (больш за 12 %) і натуральнай стратай насельніцтва. Гэты тып адпавядае звужанаму тыпу ўзнаўлення насельніцтва і пераважае ў развітых краінах (напр., Грэцыя, Японія, Германія).

Кожнаму тыпу ўзроставай структуры насельніцтва адпавядае свой тып полаўзроставай піраміды. Прагрэсіўнаму тыпу структуры адпавядае піраміда ў форме правільнага трохвугольніка, стацыянарнаму — у форме звана, рэгрэсіўнаму — у форме ўрны (мал. 44).

Дынаміка ўзроставай структуры насельніцтва свету з другой паловы ХХ ст. характарызуецца скарачэннем колькасці насельніцтва ў маладым узросце (0–14 гадоў) у сувязі з памяншэннем нараджальнасці і ростам колькасці насельніцтва ў старэйшых узростах. У 2018 г. аснова піраміды прыкметна звужаецца, цэнтральная частка пашыраецца. Гэта сведчыць аб адпаведнасці яе стацыянарнаму тыпу і тэндэнцыях старэння (мал. 45). У сусветнай структуры доля насельніцтва ва ўзросце да 15 гадоў складае 26 %, ва ўзросце 65+ гадоў — 9 %.

Паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца, існуюць значныя адрозненні ва ўзроставай структуры. З-за высокай нараджальнасці, што забяспечвае пашыранае ўзнаўленне насельніцтва, у краінах, якія развіваюцца, пераважае прагрэсіўны тып узроставай структуры. Доля дзяцей складае 28 %, насельніцтва, старэйшага за 65 гадоў, — 7 %. У развітых краінах пры скарачэнні нараджальнасці, натуральным змяншэнні і звужаным тыпе ўзнаўлення пераважае рэгрэсіўная структура насельніцтва з доляй насельніцтва ва ўзросце 65+ гадоў 18 % і да 15 гадоў — 16 %.

У выніку скарачэння нараджальнасці, зніжэння смяротнасці і павелічэння працягласці жыцця ўзроставая структура насельніцтва свету пачынае дэмаграфічна старэць і адпавядаць рэгрэсіўнаму тыпу.

Свет і Беларусь. Якія гістарычныя падзеі паўплывалі на форму дэмаграфічнай піраміды Рэспублікі Беларусь? Да якога тыпу адносіцца ўзроставая структура насельніцтва Беларусі? Якая працягласць жыцця мужчын і жанчын у Рэспубліцы Беларусь?

Дэмаграфічнае старэнне — гэта павелічэнне колькасці і долі асоб пажылога і старога ўзросту (60/65+) у структуры насельніцтва, якое з’яўляецца следствам росту ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства.

У свеце цікавага. Працэс старэння ўпершыню стаў назірацца ў XIX ст. у Францыі, калі доля насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў перавысіла 12 %. У 1901 г. парог дэмаграфічнай старасці пераступіла Швецыя, у 1931 г. — Вялікабрытанія, у 1937 г. — Германія.

Насельніцтва свету ва ўзросце 60+ гадоў налічвала ў 2017 г. 962 млн чалавек, што ў два разы больш у параўнанні з 1980 г. У структуры насельніцтва доля пажылога насельніцтва складае 12,7 %, што з’яўляецца сведчаннем наступлення стадыі дэмаграфічнай старасці на глабальным узроўні (мал. 46). Па прагнозах ААН, чакаецца, што да 2050 г. колькасць пажылых людзей зноў падвоіцца і дасягне 2,1 млрд чалавек.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Для характарыстыкі дэмаграфічнага старэння краіны выкарыстоўваюцца дзве шкалы старэння. Згодна са шкалой старэння ААН, распрацаванай для насельніцтва ва ўзросце 65+ гадоў, краіна ўступае ў стадыю старэння, калі доля насельніцтва ў гэтым узросце перавышае 7 %. Па шкале польскага навукоўца Э. Росета, мяжой старэння выступае доля насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў, роўная 12 %.

Старэнне разглядаецца як натуральны і сучасны працэс, які адсутнічаў у ранейшых чалавечых цывілізацыях і з’яўляецца доляй насельніцтва эканамічна развітых краін. Развітыя дзяржавы характарызуюцца надзвычай пастарэлай узроставай структурай насельніцтва, дзе 25 %, або кожны чацвёрты жыхар, знаходзіцца ва ўзросце 60+ гадоў. У 2017 г. самымі дэмаграфічна старымі дзяржавамі свету з’яўляліся Японія (33,4 %), Італія (29,4 %), Германія (28 %). Пры гэтым найбольшая колькасць пажылых людзей свету — больш за 2/3 — пражывае ў краінах, якія развіваюцца, і яна расце хутчэй, чым у развітых. Паводле прагнозаў, да 2050 г. іх колькасць у дадзенай групе ўзрасце да 1,7 млрд чалавек, або 79 % насельніцтва свету, ва ўзросце 60+ гадоў.

У свеце цікавага. Па прагнозах, да 2050 г. у развітых краінах ва ўзросце 60+ гадоў будзе знаходзіцца больш чым кожны трэці жыхар, ці 32,9 %. У дзясятку першых дзяржаў разам з прадстаўнікамі развітых краін упершыню ўвойдуць краіны, якія развіваюцца, — Рэспубліка Карэя (41,6 %), Тайвань (правінцыя Кітая 41,3 %) і Сінгапур (40,1 %). Самай дэмаграфічна старой краінай прагназуецца Японія — 42,4 %.

Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце краіны з прагрэсіўнай, стацыянарнай і рэгрэсіўнай узроставай структурай насельніцтва. Прывядзіце прыклады краін, дзе адзначаецца дэмаграфічнае старэнне насельніцтва, і краін са значнай доляй маладога насельніцтва.

Каэфіцыент агульнай дэмаграфічнай нагрузкі разлічваецца як адносіны сумы колькасці дапрацаздольнага (ва ўзросце 0–14 гадоў) і пасляпрацаздольнага (у залежнасці ад узросту выхаду на пенсію ў краіне) насельніцтва да колькасці працаздольнага насельніцтва; вымяраецца ў працэнтах.

У 1950 г. полаўзроставая піраміда насельніцтва свету ўяўляла форму правільнага трохвугольніка, што адпавядала прагрэсіўнаму тыпу ўзроставай структуры і пашыранаму тыпу ўзнаўлення насельніцтва.

Мал. 44-1. Дынаміка долі насельніцтва свету ва ўзросце 0–14 гадоў і 60+ гадоў, %

Структура насельніцтва паводле полу ў свеце. Структура насельніцтва паводле полу на канкрэтных тэрыторыях фарміруецца пад уплывам трох асноўных фактараў: біялагічнага — сярод нованароджаных пераважаюць хлопчыкі; адрозненняў у смяротнасці — у мужчын у больш ранніх узростах павялічваецца смяротнасць; адрозненняў у міграцыі насельніцтва: у мужчын, як правіла, міграцыйная рухомасць вышэйшая, чым у жанчын.

У структуры насельніцтва свету назіраецца перавага мужчынскага насельніцтва — на 100 жанчын прыходзіцца 101,8 мужчыны, ці 49,5 і 50,5 % адпаведна. Перавага ў свеце мужчынскага насельніцтва над жаночым ствараецца ў асноўным за кошт краін, якія развіваюцца. Калі ў развітых краінах на 100 жанчын прыходзіцца 94,6 мужчыны, то ў краінах, якія развіваюцца, — 103,4. У эканамічна развітых краінах пераважаюць жанчыны за кошт павелічэння іх колькасці ў старэйшым узросце з-за розніцы ў працягласці жыцця (мал. 47).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Сярод рэгіёнаў, якія развіваюцца, найбольшай перавагай мужчын характарызуецца Азія — 104,8 на 100 жанчын. Найбольшыя дыспрапорцыі адзначаюцца ў Катары (311 мужчын на 100 жанчын) і ААЭ (228 мужчын на 100 жанчын) (мал. 48). У Афрыцы прыкладна роўныя суадносіны мужчынскага і жаночага насельніцтва ў структуры (99,8). У Еўропе назіраецца найбольшая перавага жаночага насельніцтва: на 100 жанчын 93 мужчыны. Найбольшымі дыспрапорцыямі характарызуюцца Украіна, Эстонія, Латвія (85 мужчын на 100 жанчын).У краінах Паўночнай Амерыкі суадносіны складаюць 100 жанчын на 97,5 мужчыны.

Геаграфічнае размеркаванне мужчын і жанчын па ўзроставых групах выглядае наступным чынам: ва ўзроставай групе 0–14 гадоў мужчыны пераважаюць на ўсіх кантынентах; ва ўзроставай групе 15–64 гады мужчыны пераважаюць у Азіі і Акіяніі, у Еўропе суадносіны прыкладна роўныя; ва ўзроставай групе старэй за 65 гадоў на ўсіх кантынентах пераважаюць жанчыны.

Падвядзём вынікі. Полаўзроставая структура насельніцтва краіны фарміруецца пад уплывам шэрага фактараў: ..., ..., ... . Вылучаюць ..., ... і ... тыпы ўзроставай структуры насельніцтва. Існуюць значныя адрозненні паміж дзяржавамі развітымі і дзяржавамі, якія развіваюцца, у полаўзроставай структуры насельніцтва. Графічным малюнкам полаўзроставай структуры насельніцтва з’яўляецца ... . У свеце больш ..., чым ... .

Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя паказчыкі полаўзроставай структуры насельніцтва свету. 2. Што такое дэмаграфічнае старэнне?

Ад простага да складанага. 1. Падумайце і сфармулюйце, што такое дэмаграфічная нагрузка. 2. Да якіх вынікаў праз 50 гадоў прывядзе старэнне насельніцтва ў развітых краінах?

Ад тэорыі да практыкі. 1. Выберыце па пяць краін з прагрэсіўнай, стацыянарнай і рэгрэсіўнай узроставай структурай насельніцтва. Як адрозніваюцца гэтыя групы краін па ўзроўні эканамічнага развіцця? 2. Прааналізуйце полаўзроставую піраміду насельніцтва Рэспублікі Беларусь. 3. Да якога тыпу полаўзроставых пірамід адносіцца дадзеная піраміда? 4. Спрагназуйце змены дадзенай піраміды праз 50 гадоў.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Аддзялення насельніцтва ААН.