§ 6. ДЭМАГРАФІЧНЫЯ ПРАЦЭСЫ І ІХ ГЕАГРАФІЯ
Натуральны рух і ўзнаўленне насельніцтва ў свеце і рэгіёнах. Нараджальнасць і смяротнасць з’яўляюцца асноватворнымі працэсамі натуральнага руху насельніцтва.
Пад натуральным рухам насельніцтва разумеюць сукупнасць нараджэнняў і смярцей, якія змяняюць колькасць насельніцтва натуральным шляхам. |
Натуральны рух насельніцтва вывучаецца з дапамогай асноўнага паказчыка — натуральнага прыросту ці змяншэння.
Натуральны прырост — гэта абсалютная велічыня рознасці паміж колькасцю тых, хто нарадзіўся, і памерлых за пэўны прамежак часу. Адмоўнае значэнне гэтага паказчыка называецца натуральнай стратай. Гэтыя два паказчыкі можна разлічыць або ў абсалютным выразе, або ў адносным — у разліку на 1000 чалавек, у праміле.
Натуральны рух насельніцтва ў свеце характарызуецца прыростам, які ў 2019 г. склаў 12 ‰. У той жа час яго дынаміка за 1950–2015 гг. характарызуецца скарачэннем. Паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, існуюць вялікія адрозненні — 1 і 14 ‰ адпаведна (мал. 40).
Афрыка з’яўляецца рэгіёнам, дзе назіраецца самы высокі натуральны прырост — 26 ‰. У Азіі з-за вялікіх адрозненняў паміж краінамі ва ўзроўні эканамічнага развіцця натуральны прырост складае 10 ‰. Паміж краінамі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі адрозненні вялікія — 2 і 11 ‰ адпаведна. Еўропа ўяўляе з сябе рэгіён, дзе нараджальнасць і смяротнасць насельніцтва ў сапраўдны момант маюць аднолькавыя значэнні, аднак смяротнасць не намнога перавышае нараджальнасць. Тут назіраецца натуральнае змяншэнне — 1 ‰.
Максімальныя значэнні натуральнага прыросту насельніцтва ў свеце характэрныя для Нігера — 38 ‰. Натуральнае змяншэнне насельніцтва ў разрэзе краін назіраецца ў Еўропе. Гэта ў асноўным былыя сацыялістычныя краіны. Максімальнае натуральнае змяншэнне характэрнае для Балгарыі — 7 ‰.
Свет і Беларусь. У Рэспубліцы Беларусь з 1993 г. адбывалася натуральнае змяншэнне насельніцтва. З 2005 г. яно скарачаецца і ў цяперашні час складае 2,8 ‰. У той жа час для гарадскіх жыхароў уласцівы натуральны прырост, а для сельскіх — змяншэнне. |
Дэмаграфічныя працэсы з’яўляюцца асновай узнаўлення насельніцтва і ўплываюць на яго характар.
Пад узнаўленнем насельніцтва разумеецца бесперапыннае аднаўленне і змена людскіх пакаленняў, якія забяспечваюцца працэсамі нараджальнасці, смяротнасці і натуральнага прыросту. |
У сучасным свеце атрымалі распаўсюджванне тры тыпы ўзнаўлення насельніцтва — пашыраны, просты і звужаны, асноўныя прыкметы якіх паказаны на малюнку 41.
Для ўсіх дзяржаў Афрыкі, большасці краін Паўднёвай Амерыкі і Азіі характэрны пашыраны тып узнаўлення. Просты тып прадстаўлены ў асобных дзяржавах Еўропы (напр., Францыя, Ісландыя, Ірландыя, Швецыя), Паўночнай Амерыкі (ЗША, Канада), Азіі (Кітай), Аўстраліі.
У большасці краін Еўропы і Японіі сфарміраваўся звужаны тып.
Падвядзём вынікі. Геаграфія насельніцтва з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Да дэмаграфічных працэсаў адносяць ..., ..., ..., дынаміку колькасці і ўзнаўленне насельніцтва. У сучасным свеце нараджальнасць выступае асноўным фактарам, які ўплывае на ... . Еўропа з’яўляецца рэгіёнам свету з самай ... нараджальнасцю, Афрыка — з самай ... . Паміж рэгіёнамі свету значных адрозненняў у смяротнасці насельніцтва няма. Натуральны рух насельніцтва ў свеце характарызуецца ... . У сучасным свеце атрымалі распаўсюджванне тры тыпы ўзнаўлення насельніцтва: ..., ... і ... . |
Падарожжа па Глабальнай сетцы. Афіцыйны сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь. |
||
Афіцыйны сайт Фонду ААН у галіне народанасельніцтва. |